Гродзенскую музыку 90-х прынята хваліць і ўспамінаць пра яе з настальгіяй. Кажуць, Гродна тады быў сталіцай панка і метала, а ў горадзе праводзілася шмат канцэртаў, у тым ліку прыезджых груп. Зараз пра многія гродзенскія групы ведаюць хіба што людзі “ў тэме”. Не будзем разбіраць прычын, чаму так адбываецца. Мы проста сабралі ў адным месцы групы з Гродна, за творчасцю якіх, на наш погляд, варта сачыць.
Відавочны №1: DZIЕCIUKI

Гэты спіс не мог абысціся без гэтай групы. Музыкі выйшлі са знакамітых гродзенскіх гуртоў “Кальян” і “Людзі на балоце” і граюць фолк-панк, відавочна натхнёны The Real McKenzies і Dropkick Murphys. Яшчэ нядаўна яны знаходзіліся ў “чорных спісах” і абмяжоўваліся гаражнымі канцэртамі, а нядаўна ўпершыню выступілі ў родным Гродне. У 2019 годзе яны выпусцілі новы альбом “Радыё “Harodnia”.
Музычны шаман: .К | tochka K

Гэта праект аднаго музыкі – Яўгенія Кучмейна, заснаваны ў Іўі ў 2011 годзе. Выпусціў чатыры альбомы – “ОК” (2011), “УніСон” (2014), Dobrazol (2016) і “Ау” (2019).
“Лічу, што гэта мой найлепшы матэрыял – гэта адзінаццаць трэкаў, лонгплэй, 40 хвілін матэрыялу”, – кажа музыка пра свой апошні альбом.
Песні праекта метафарычныя, на выступах і ў запісах выкарыстоўваецца шмат гукавых эфектаў, а канцэрты ператвараюцца ў перформанс. У 2015 годзе ён перамог у конкурсе маладых выканаўцаў на фестывалі “Басовішча”. Эксперты высока ацэньваюць яго творчасць і называюць “музычным шаманам”.
Пост-панк-шансон: Le Fantôme Restaurant

Група стварае музыку ў стылі Post-Punk-Chanson, Noir Pop, Pop. У апошні час музыкі мала выступаюць ужывую, але часам у мясцовых барах можна нарвацца на іх выступы.
Інтэрнацыянальны ska-punk працоўнага класа: The Goonzz!

Пра сябе музыкі кажуць, што яны інтэрнацыянальная ska-punk каманда з Гродна – у ёй выхадцы з Беларусі, Польшчы і Літвы. Спяваюць на рускай, беларускай і польскай мовах. Большасць удзельнікаў з’яўляюцца выхадцамі з працоўнага класа. Выступаюць супраць любых дыскрымінацыі: расавых, палавых, рэлігійных.
Дзяўчаткі граюць панк: Messed Up

Дзявочая панк-група, якая выступае ў Беларусі і за мяжой. За пяць гадоў гурт не толькі даваў канцэрты, але і займаўся рознымі формамі актывізму, у першую чаргу звязанымі з гендарнымі пытаннямі, але не толькі.
Дэбютны альбом з 11 трэкаў выйшаў у лістападзе 2019.
Балады + noise з рэдкімі канцэртамі: Autonomicon

Autonomicon – гэта беларуска-польскі гурт, у складзе якой 3 чалавекі, якія працуюць школьнымі настаўнікамі. Група была створана ў 2004 годзе і за гэты час выпусціла 8 альбомаў і EP.
Музыка гурта – гэта сумесь балад, падобных да Velvet Underground, і шумавых эфектаў, якія могуць нагадаць пра японскую minimal noise і glitch-сцэну.
Меркаванні аб творчасці Autonomicon могуць кардынальна адрознівацца: напрыклад, іх альбому “Icarus Messerschmitt” беларускія крытыкі паставілі вельмі розныя ацэнкі: ад зусім нізкай 4 да максімальна магчымай 10.
Музыкі вельмі рэдка граюць на сцэне і пераважна для вельмі маленькай аўдыторыі.
НЛО-рок: ПРОЩАЙ ПРИВЫЧКА

Праект Яўгена Нікіціна, які граў з гуртамі “The Post”, “Любимая вредная привычка” і “Прощай радио”, пачынаў у Гродна гранж-панк і ў 90-х быў тварам і голасам мясцовага року. Зараз ён разумее, што стыляў у музыцы даўно не існуе, таму называе сваю музыку “нло-рок” (хоць крытыкі ўпіраюцца, што гэта індзі).
У праекта “Прощай привычка” чатыры альбомы. Апошні рэліз – “Сигнал” – выйшаў у 2019 годзе.
Не абмяжоўвацца адным стылем: MIKITA

MIKITA – псеўданім беларускага музыкі і прадзюсара Мікіты Ігнаценкі, якому цікавыя розныя стылі.
У новым праекце Soul Parker гродзенец спрабуе працаваць з фарматам і гукам, якімі раней не займаўся. Трэк “Melody” з 29 студзеня трапіў у ратацыю на радыё.
“У 2014 у мяне была група Stay, першы трэк якой даволі доўга і актыўна круціўся па радыё. Гэта была песня “On This Way”. Soul Parker – гэта свайго роду працяг гэтай гісторыі, але пад крыху больш актуальным вуглом. Новы свежы гук, новыя тэмы. Песня “Melody” выпушчаная сумесна з маімі сябрамі з Danmann Production. Трэк прысвечаны сябрам і ўсім тым, у каго па тых ці іншых прычынах апушчаныя рукі. Вельмі хачу, каб песня зараджала і матывавала”, – распавёў Мікіта.
Бескампрамісны олдскул з харызматычным лідарам: Mister X

Oi!-street-punk-rock-група, якая існуе з 2003 года. Выступае супраць фашызму, расізму і іншых дыскрымінацыі. Выпусцілі пяць альбомаў.
Гурт вядомы сваім харызматычным лідэрам Ігарам Банцарам і, як часта бывае, дае больш канцэртаў за мяжой, чым на радзіме.
Надрыўна і гаражна: Skinny Mothers

Гаражны эма-рок з Гродна. Вы думалі, што такіх гуртоў ужо гадоў 10 як не бывае, але вы памыляліся.
Імправізацыі і “іранічны джаз”: Раса мечтателей

Race Of Dreamers (Раса Мечтателей) – праект, арыентаваны на людзей з вытанчаным густам. Музыкі працуюць у хатняй студыі і зрэдку выступаюць для элітарнага слухача.
Інструментальныя кампазіцыі Race Of Dreamers у сваёй большасці з’яўляюцца спантанымі калектыўнымі імправізацыямі, блізкімі да так званай “новай імправізацыйнай хвалі”. Музыкі называюць гэта сваім тэрмінам – “іранічны джаз”.
Меланхалічны рок часоў «Спліна» і Грабеншчыкова: Іван Пачывалаў і «Некоторое отсутствие пуговиц»

Іван Пачывалаў – лідар існуючай з 2011 года групы «Некоторое отсутствие пуговиц». У 2019 годзе пасля доўгага маўчання быў выпушчаны альбом «Ягода Грустника». Стыль усё той жа: Rock/Indie/Acoustic. І голас Івана, які так нагадвае Аляксандра Васільева, нікуды не дзеўся.
Ідэнтыфікацыі не паддаецца: Morning Slide
Earworm была адной з самых арыгінальных груп у Гродне 2010-х, хоць злыя языкі называлі іх “кепскі King Crimson”. Пасля распаду Earworm з’явіўся праект Morning Slide. “Ідэнтыфікацыі пакуль не паддаецца, але ёсць надзея, што адужэе і сфармуецца ў нешта годнае вашай увагі”, – пішуць пра сябе музыкі. Іх рэліз увайшоў у дзясятку найлепшых альбомаў 2019 году па версіі Onliner.by.
“Няўлоўныя” пераможцы “Басовішча”: TLUSTA LUSTA

Панк-рок з Гродна. Музыкі перамаглі на Басовішчы-2008 але галоўным прызам (правам запісу альбома) не скарысталіся, а запісалі свой дэбютнік “Blin Pieršy” ў 2008 годзе самі.
У год выпуску другога альбома “Pieranačuješ – bolš pačuješ” (2013) лідар Кірыл Богуш казаў, што музыкі пакуль займаюцца іншымі праектамі, таму з канцэртамі цяжка. Тым не менш, гурт час ад часу ўдзельнічае ў мясцовых і не толькі фестывалях.
Нэа-фолк-рок ад “воображаемого человека”: Вочы

Заснавальнік групы «Вочы» Юры Дубовік – яшчэ адзін дыназаўр гродзенскага року. Гэта ён заснаваў ў 1993 годзе каманду «Воображаемые люди» (у гонар першага альбома The Cure «Three Imaginary Boys»). Гурт запісаў шэсць альбомаў, атрымаў статус «бацькоў гродзенскіх эма», а потым Дубовік адчуў неабходнасць выказацца на роднай мове. А яшчэ змяніў стыль на нэа-фолк-рок.
Для церпялівых: Deathbringer

Самы паспяховы метал-гурт з Гродна ўжо шмат гадоў абяцае выдаць чарговы альбом, але па розных прычынах мы ўсё яшчэ не можам яго пачуць і вымушаныя прайграваць раз за разам “Homo Divisus” аж 2007 года выпуску. Новы альбом фактычна быў запісаны і зведзены яшчэ ў 2018-м, але гады працы над ім прывялі да таго, што заснавальнік групы Арцём Сярдзюк палічыў фінальны варыянт занадта сырым і працягвае “дапільваць” яго дагэтуль.
Стыль Deathbringer для былога СССР даволі рэдкі – progressive technical death metal. Магчыма, таму група нашмат часцей выступае за мяжой, а не дома.
WOE UNTO ME

Адна з прычын, чаму альбом Deathbringer не можа ніяк убачыць святло – занятасць музыкаў у іншых праектах. Адзін з іх – група WOE UNTO ME. Як і Deathbringer, гэты калектыў прасцей было ўбачыць жыўцом за мяжой, а не ў родным горадзе. Цяпер гурт актыўна працуе над новым альбомам.
Яшчэ:
Успамінаем пераможцаў “Басовішча” з Гродна: хто яны і як склаўся іх лёс
Алесь Дзянісаў: Усе гэтыя шоу-бізнэсаўскія штучкі — колькасць праглядаў, падпісчыкаў, у каго ганарар большы — лухта


