«Я ва Украіне», — напісаў журналістцы Hrodna.life гродзенец Косця (імя змененае) амаль праз два месяцы спробаў трапіць добраахвотнікам ва ўкраінскае войска. Дзеля гэтага яму давялося перасекчы пяць краін і прайсці мноства перамоваў і ўзгадненняў. Цяпер разам з сабакам Вольфам Косця служыць у батальёне імя Кастуся Каліноўскага. Для Hrodna.life ён распавёў, чаму хацеў стаць добраахвотнікам і за што зараз ваюе.
На апошнія грошы паехаў ваяваць ва Украіну
Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года Косця з’ехаў з Гродна і жыў у Грузіі. “Мы прыехалі ў Тбілісі на пункт збору ў першы ж дзень [вайны]. Тады прэзідэнт Зяленскі сказаў: „Звяртайцеся ў пасольствы ў сваіх гарадах“. Я знайшоў у інтэрнэце, што людзі збіраюцца ля консульства ў Тбілісі і паехаў туды”, – распавёў Косця карэспандэнтцы Hrodna.life.
На мітынгу ля амбасады Украіны сабралася шмат ахвотных ваяваць за Украіну. “Там быў дзед 68-гадовы з Абхазіі. Ён казаў: “Дайце мне аўтамат!”. Людзі гатовыя былі ісці хоць санітарамі, хоць ваду падаваць”.
Праўда, у першыя дні вайны консульствы самі не ведалі, як дапамагчы ўсім ахвочым трапіць ва Украіну і абараняць краіну. Хлопцаў накіравалі ў Турцыю – праз яе ў гэты час накіроўваліся ва Украіну гуманітарныя рэйсы. У дыппрадстаўніцтве Украіны ў Стамбуле вырашыць пытанне з накіраваннем у краіну таксама не ўдалося.
“Мы прыйшлі ў консульства, а нам адмовілі [дапамагчы трапіць ва Украіну]. Камон, кажу. Мы наогул хочам вашу краіну абараняць. Нам жыцці свае для гэтага не шкада. Але не. Па выніку засталіся на вуліцы”.
Косцю прыйшлося вярнуцца ў Грузію і шукаць іншыя шляхі. Пасля доўгіх працэдур анлайн верыфікацый і ўзгадненняў ягоны маршрут прайшоў праз Польшчу і Малдову. Ён прызнаецца, што ў выніку на ўсе спробы трапіць ва Украіну сышлі апошнія грошы. Але ў сярэдзіне красавіка ў яго ўсё атрымалася. Косцю залічылі байцом у батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага.
Батальён Кастуся Каліноўскага – беларускі добраахвотніцкі батальён, сфармаваны ў сакавіку 2022 года для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ад расійскага ўварвання. У фармаванне ўвайшлі сябры тактычнай групы “Беларусь”, удзельнікі арганізацыі “Белы легіён”, прадстаўнікі руху “Малады фронт”, грамадзяне Беларусі, якія эмігравалі ва Украіну пасля пратэстаў летам-восенню 2020 года. У Дзень Волі, 25 сакавіка, батальён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны.
“Зашнураваў красоўкі і застаўся на плошчы»
Да жніўня 2020 года Косця быў адным з многіх хлопцаў-падшыванцаў: “Нарадзіўся, рос, у школу хадзіў у Гродне. Гуляў у рэгбі і амерыканскі футбол. Пасля школы збіраў мэблю і працаваў на будоўлі. Вайна была – калі толькі ў двары яблыкамі. Або ў кампутарных гульнях, – распавёў ён Hrodna.life. — Ці ў нейкіх вулічных калатнечах».
Самая вялікая “калатнеча” здарылася з Косцем пасля выбараў 9 жніўня на плошчы Савецкай. “Нас затрымалі аднымі з першых, – успамінае ён. — Нават не думаў, што такое ў Гродне магчыма. Што выйдуць людзі, што будуць круціць нават жанчын з дзецьмі. Вядома, я пачаў абурацца і апынуўся ў турме”.
Чытайце таксама: «Тэрміновікі – закладнікі сітуацыі». Дэмбелі распавялі пра ўдзел у разгонах пратэстаў у Гродне і Мінску
Па словах Косці, яго выпусцілі з турмы са штрафам у 20 базавых (у 2020 годзе – 540 рублёў) на наступны дзень. “Выйшаў і ўбачыў, што людзі зноў збіраюцца на плошчы. Я нават дадому не пайшоў. Зашнураваў красоўкі і застаўся на плошчы”.
Успомніце, як гэта было: Работники «Химволокно» и «Гродно Азот» вторые сутки ведут переговоры с властями
«Вярнуцца ў Гродна — пасля перамогі»
Казаць пра тое, дзе і што цяпер робіць батальён і сам Косця – нельга. Гэта закрытая інфармацыя. Затое ўспамінаць свой горад – можна. Добраахвотнікі распавядаюць адзін аднаму пра свае родныя мясціны. “Люблю Гродна, сумую. Мару прайсціся ўначы па цэнтры горада або пагуляць з сабакам у Пышках. Гэта найлепшы горад на планеце. Хачу туды вярнуцца пасля вайны, – кажа Косця, а потым удакладняе, — пасля перамогі».

У войску Косця не служыў. Пра сапраўдную вайну чуў ад аднаго з сваіх сваякоў, які ваяваў у Афганістане. «Маглі забіць, — скупа казаў той. – [у вёсцы] маглі накарміць, а маглі ў спіну стрэліць”. Яшчэ ён заўсёды казаў, што “Лепш бы не было ніякай вайны” і называў яе “бессэнсоўнай стратай для ўсіх”.
Вайна за Украіну, на думку Косці, іншая: “Гэта вайна за свабоду. Не на дзень, не на месяц – да перамогі. Каб нашы дзеці маглі жыць. Каб унукі жылі. Добраахвотнікі тут яшчэ доўга будуць патрэбныя. Пакуль галоўная зброя Украіны — баявы дух і аўтаматы».

МУС Беларусі 26 сакавіка 2022 года заявіла, што ім вядома пра 50 удзельнікаў батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Паводле беларускага заканадаўства не санкцыянаваны ўладамі Беларусі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы лічыцца наёмніцтвам.
Артыкул 133 КК прадугледжвае за гэта ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі. Паводле артыкула 361-3 “удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу” караецца турэмным зняволеннем на тэрмін да 5 гадоў. Калі ўдзел у батальёне кваліфікуюць па артыкуле 356-1 як “пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве (…) у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” , то максімальнае пакаранне складзе 15 гадоў пазбаўлення волі.
Калі мы ўсе вернемся – гэта будзе райскае месца
У Грузіі ў Косці таксама з’явіўся сябар, які раней ваяваў. “У Батумі я жыў у грузінскага спецназаўца, які ваяваў у Іраку, Афганістане. Яму 48 гадоў, ён увесь у шнарах. Ён пасля вайны серфінгам захапіўся. Змог знайсці сябе – не заскочыў у бутэльку, не падсеў на траўку. Гэтай вясной яго ў Каліфорнію клікалі, на найлепшыя хвалі. А ён паехаў ва Украіну ваяваць”.
Пра свае пасляваенныя планы Косця кажа, што «ўсё будзе добра». А яшчэ, што ён бы хацеў арганізаваць у Гродне цэнтр дапамогі падлеткам: «Калі яны пасля заняткаў будуць усміхацца, а не шкадаваць пра страчаны час, гэта будзе самай лепшай узнагародай”.
Дзяўчыне, з якой пазнаёміўся ў Грузіі, і якая чакае Косцю з вайны, ён паабяцаў абавязкова паказаць свой родны горад: “Калі мы ўсе вернемся, гэта будзе райскае месца”.



