Гродзенскія кантралёры — самыя суровыя, а пасажыры — самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з транспарту перадаць іншаму або «папрасаваць» дома. На сваіх пастаянных маршрутах можна запомніць нумары аўтобусаў і камбінацыі дзірачак, якія прабіваў кампосцер.
Да канца года ўсе гэтыя легенды і лайфхакі сыдуць у мінулае разам з кампосцерамі з гарадскога транспарту. Моладзь навіне ўзрадавалася, старэйшае пакаленне сказала «сышла эпоха», а рэдакцыя Hrodna.life сабрала настальгічныя ўспаміны гараджан аб тым, як талончыкамі ў Гродне «ламалі сістэму». А яшчэ мы спыталі ў псіхалагіні Вольгі Вялічкі, чаму людзям так хацелася падмануць дзяржаву.
Праехаў сам — перадай іншаму
Традыцыя перадаваць талончык на выхадзе з транспарту пайшла менавіта з Гродна. Рэдакцыя Hrodna.life не сцвярджае, што гэта жалезны факт, але такое прызнаюць нават мінчукі. Многія, хто прыязджаў у Гродна турыстам, потым расказвалі дома, як ім перадавалі талончыкі пры ўваходзе ў аўтобус. Ды і вы самі, мусіць, не раз знаходзілі талончык на сядзенні ля кампосцера. Як той казаў, дробязь, а прыемна.
У 2007−2008 гадах была нават асобная тэма на Гродзенскім форуме, прысвечаная перадачы талонаў наступным пасажырам. Заўсёднікі форуму абмяркоўвалі гэтую практыку і запусцілі галасаванне — 77% удзельнікаў яе падтрымлівалі. «Аддаваць талон гэта правільна… Дзяржава ад гэтага не страціць ды і цэны занадта паднімаюць», — пісаў карыстач Matroskin.
«Не тое, каб людзі хацелі скрасці ў дзяржавы, хутчэй імкнуліся захаваць сваё, — тлумачыць гродзенскі феномен псіхалогія Вольга Вялічка. — У нас так даўно склалася, што якой бы не была дзяржава, у яе ўсё роўна былі свае інтарэсы. Адсюль і „тутэйшасць“, як форма салідарнасці людзей, падтрымаць адзін аднаго, калі да дзяржавы няма даверу».
«3−4-2», «3−3-1»… Памятаеце гэтыя камбінацыі? Цяпер забудзьцеся
Для тых, хто звык правяраць, а не давяраць, быў свой спосаб праверыць перададзены талончык. Трэба было заўсёды насіць з сабой якую-небудзь паперку, каб прабіць і зверыць размяшчэнне дзірачак.
Гэтым жа лайфхакам карысталіся і тыя, хто рэгулярна ездзіў па адным і тым жа маршруце, напрыклад, на працу. Таму што некалькі разоў у дзень на канчатковых прыпынках вадзіцелі мянялі пласцінкі ў кампосцерах і прабітыя дзірачкі размяшчаліся па-іншаму.
Шматразовы талончык для тых, хто памятае ўсё
Яшчэ адзін спосаб зэканоміць на талончыках — запомніць не толькі камбінацыю кампосцера, але і гаражны нумар аўтобуса. Прыехаў раніцай на працу на 41-м з гаражным нумарам 89 з талончыкам «3−3-1» і дадому ехаць яго чакаеш — вось і не трэба прабіваць лішні талончык.
«Зразумела, што гэта было не пра грошы, — кажа Вольга, — Не так ужо дорага і каштаваў праезд у гарадскім транспарце. Праехаў без талончыка і шчаслівы — гэта аб тым, што ўдалося абысці сістэму, прыдумаў спосаб выйсці з матрыцы, праявіў крэатыўнасць. Людзям з развітых краін будзе складана гэта зразумець».
Амаль алхімія з талончыкамі
Асабліва ашчадныя маглі выкарыстоўваць талончык некалькі разоў. Для гэтага патрэбны былі малако ці вада і прас. Квіток замочвалі ў вадкасці, а потым прапрасоўвалі, каб не было відаць адтулін. Але такі спосаб мог працаваць максімум адзін раз.
Быў варыянт і без вады — трэба было проста акуратна кампаставаць, каб апарат не дзіравіў талон наскрозь, а пакідаў толькі ўвагнутасці, тады прасаванне праходзіла хутчэй.
Былі свае спосабы абысці сістэму і ў тых, хто купляў праязныя. Гродзенцы збіралі па некалькі праязных, склейвалі іх і дзіраколам пакідалі пракол на патрэбным месцы. Але трэба было класці яго ў адмысловую кішэню ў кашальку, каб колькасць праязных не выклікала пытанняў. Таксама асабліва праніклівыя размяркоўвалі праязныя разам так, каб дзірка на старым праязным была ўнізе, а новая ўверсе, такім чынам можна было адцягнуць увагу кантралёра.
Відаць таму ў Гродне забаранялі ламінаваць праязныя — бо гэта спрашчала іх падробку.
Кантроль і на выхад
З перапрабітымі талончыкамі і праязнымі звязаны і жарты пра кантроль у гродзенскім транспарце. «Тры, два, паўтара…на выхад, калі ласка», — прыкладна так маглі казаць кантралёры, калі падазравалі, што талончык выкарыстаны паўторна. Тады даводзілася апраўдвацца, што кампосцер «зажаваў» талончык і дастаць, не пашкодзіўшы, было немагчыма.
Пра строгасць гродзенскіх кантралёраў таксама хадзілі легенды. І гэта — адваротны бок салідарнасці пасажыраў, лічыць псіхалагіня.
«Усё імкнецца да раўнавагі. У адказ на высокую салідарнасць людзей з’яўляецца і імкненне сістэмы гэтую салідарнасць кантраляваць. Чым больш людзі імкнуліся быць незалежнымі, тым больш дзяржаўныя сістэмы спрабавалі заціскаць гайкі. Тут прамая заканамернасць».
На тым жа Гродзенскім форуме з 2011 па 2017 гады была жывой тэма «Беспредел контролеров», дзе гараджане абмяркоўвалі некарэктныя, з іх пункту гледжання, паводзіны супрацоўнікаў кантролю. Дыскусія разраслася на 28 старонак!
«Не паважаю гэтую прафесію. З голаду памірала б, але не пайшла б у кантралёры. Для такой працы трэба мець адмысловы характар», — пісала карыстальніца gulzar. «Умовы для аплаты не створаны. Затое створаны ўмовы для збору штрафаў», — ацэньваў сітуацыю іншы карыстальнік.
Чытайце таксама: «Сардэчна запрашаем у электронны канцлагер». Замене кампосцераў у гродзенскім транспарце ўзрадаваліся не ўсе
Фразы, якія мы ўжо не пачуем
Тым, хто стаяў каля акна кіроўцы ці ля кампосцера, заўсёды было чым заняцца. Тыя, што бліжэй да кіроўцы, усю паездку перадавалі за праезд, а потым назад рэшту з талончыкамі. А каму «пашанцавала» стаяць ля кампосцера, прабівалі талончыкі для тых, хто не мог сам дацягнуцца.
- «Перадайце на талончык»
- «Мне стужку, калі ласка» (да 1 чэрвеня 2008 года талоны звычайна прадавалі стужкамі па шэсць штук, потым вадзіцеляў абавязалі прадаваць па адным талоне, але многія гродзенцы па звычцы бралі «пра запас» цэлую стужку)
- «Хто перадаваў на талон? Не хапае 20 капеек»
- «Прабіце, калі ласка»
- «Пракампасціруйце, калі ласка»
- «Гэта на адзін талончык?»
Будзе давер — не будзе падману
У новых сістэм аплаты праезду стане менш абыходных шляхоў для праезду «зайцам». Такія падыходы сучасныя і запатрабаваныя ў свеце, кажа Вольга Вялічка: «Там, дзе людзі давяраюць дзяржаве, яны і падаткі плацяць без утойвання, і праезд аплачваюць, усведамляючы, што робяць гэта для сябе».
У Беларусі пакуль сітуацыя іншая. Тое, што павялічваецца колькасць кіберзлачынстваў, пацвярджае, што людзі гатовы аддаваць грошы ашуканцам і давяраць каму заўгодна, але не дзяржаве.
«Людзі думаюць, як выжываць, шукаюць, як захаваць нешта для сябе, не аддаць нешта дзяржаве. Гэтым і карыстаюцца ашуканцы. Пакуль не будзе даверу паміж грамадзянамі і краінай, гэтая сітуацыя будзе паўтарацца».
Чытайце таксама: