Спадчына

Гродзенец заняўся генеалогіяй і знайшоў у цэнтры Гродна сямейны дом. Але вярнуць яго пакуль нерэальна

Гродзенец Павел Касцюк, вывучаючы сямейны архіў, натыкнуўся на дзённікі свайго дзядулі. З іх ён даведаўся, што ў цэнтры Гродна захаваўся дом, які належаў яго продкам, але яны вымушаны былі яго пакінуць у час Другой сусветнай вайны. За савецкім часам дом не вярнулі.

Пасля Анатоля Касцюка — дзеда Паўла — засталіся два рукапісныя альбомы пад назвай «Нашы карані». У іх ён распавёў пра сем'і Касцюк і Песняк, якія некалькі пакаленняў жылі ў Гродне. Акрамя гісторыі сям'і, у альбомах былі запісы і выразкі з газет, якія распавядаюць гісторыю горада.

Кнігі і фатаграфіі, якія дасталіся Паўлу ад дзеда Анатоля


Кнігі дзеда падштурхнулі вывучаць гісторыю сям'і

Дзед Паўла спецыяльна рыхтаваў гэтыя альбомы для нашчадкаў, каб яны не забывалі свае карані і спрабавалі вярнуць сямейны дом.

«Літаральна гады тры таму я стаў цікавіцца гісторыяй сваёй сям'і, у дзеда якраз тады пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, — распавядае Павел. — Да гэтага ён пачаў рыхтаваць свае кнігі. Казаў, што робіць гэта, каб памяталі яго і ведалі адкуль пайшлі сямейныя карані. Зараз я вывучаю гэтыя кнігі. Яны мяне яшчэ больш падштурхнулі вывучаць сямейную гісторыю. Я ўжо працаваў у гродзенскіх архівах і мне ўдалося знайсці сваякоў з сярэдзіны 19 стагоддзя і ўсе яны жылі ў Гродне».

Былі спробы вярнуць дом

Сямейны дом Касцюкоў знаходзіцца на рагу вуліц Віленскай і Вялікай Траецкай. Ён быў пабудаваны ў 1888 годзе. Сёння там офісы.

«Мае продкі былі нябедныя людзьмі, мелі свой мураваны дом у Гродне. Як мне вядома, мая сям’я сышла з гэтага дома ў пачатку вайны з немцамі. Каб выжыць, баяліся расстрэлаў. А калі пасля вайны вярнуліся, то дом ужо належаў савецкай дзяржаве. У пачатку 2000-х былі спробы вярнуць дом, але ўсё беспаспяхова. Хадзілі да натарыусаў і юрыстаў, паказвалі ўсе дакументы на ўласнасць, але сёння ў нашай дзяржаве няма такога закона, каб можна было вярнуць страчаную маёмасць», — дадаў Павел.

Праект сямейнага дома Паўла ў цэнтры Гродна

Да вайны быў рэстаран, а кватэры здавалі людзям

Два гады таму мы распавядалі пра гродзенскага старажыла Анатоля Песняка, які таксама заяўляў, што дом на рагу Віленскай і Вялікай Траецкай належаў яго сям'і. Аказваецца, Павел Касцюк і Анатоль Песняк сваякі, але ніколі не бачыліся, хоць і жывуць у адным горадзе ўсё жыццё.

Нарадзіўся Анатоль Песняк у 1926 годзе ў тым самым доме. У 1930-я гады Песнякі займалі ў ім толькі некалькі пакояў, усе астатнія сям’я здавала ў арэнду.

«Мае дзядуля і бабуля памерлі, калі я быў вельмі маленькім, так што з імі паразмаўляць я не змог. Але мама распавядала, што наш дом пабудаваў дзед і на першым паверсе ў яго быў уласны рэстаран.
У 1930-я рэстарана ўжо не было — быў звычайны жылы дом.

Мой бацька быў шаўцом, а мама займалася гаспадаркай. Былі ў нас у двары свінні і куры — усё тое, што трымалі звычайныя людзі ў Гродне. Хоць было і кепска трымаць у цэнтры горада жывёл, але мы спрабавалі. Пры паляках кожны тыдзень да нас прыязджала паліцыя і глядзела, каб былі парадак і чысціня", — распавядае Анатоль Песняк.

Анатоль Песняк

Пасля вайны дом не аддалі

Паводле дадзеных Анатоля Касцюка, дзядулі Паўла, гэты дом 12 верасня 1903 года купіла мяшчанка Антаніна Песняк — бабуля Анатоля Песняка. Дом сям’я купляла ў нейкага Сольца. Вясной 1904 года Антаніна Песняк пачала рэканструкцыю. Амаль у тым жа выглядзе дом захаваўся да сённяшніх дзён.
Падчас Другой сусветнай вайны сям’я Песнякоў і Касцюкоў пазбавілася свайго вялікага дома на Віленскай. Сям’ю выселілі, бо дом быў уключаны ў гета.

«Сказалі выселіцца. Далі нам наўзамен невялікую пабудову на вуліцы Вапеннай каля старой гарбарні. Прайшла вайна, сышлі немцы, а наш сямейны дом і савецкая, і сённяшняя ўлада не аддала. Хоць у сям'і маюцца ўсе дакументы, што ён належыць менавіта нам. Пасля вайны саветы ў дом засялялі людзей з вёсак, а сёння там ужо нейкія офісы…», — дадаў Анатоль Песняк.

Дом Песнякоў і Касцюкоў быў пабудаваны ў 1888 годзе

Няма закона об рэстытуцыі

У пачатку 1990-х распад СССР прывёў да таго, што ў Беларусі паўстала пытанне рэстытуцыі - вяртання маёмасці былым уласнікам і іх нашчадкам. У выпадку з Гродна гаворка ішла не толькі пра дарэвалюцыйную ўласнасць, але і пра міжваенны перыяд, калі горад быў у складзе Польшчы. У незалежнай Беларусі нерухомасць уладальнікам не вярталася, бо няма такога закону. Дзяржава вярнула толькі храмы вернікам.

«Я ўжо размаўляў з дачкой Анатоля Песняка, хутка і з ім сустрэнуся, — кажа Павел Касцюк. — У будучыні я буду спрабаваць вярнуць сямейны дом, бо ў ім жыло не адно пакаленне нашай сям'і, гэта наша гісторыя і спадчына».

Павел у двары дома

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024