Міліцыя ходзіць па Савецкай і правярае вулічных музыкаў: ці маюць тыя дазвол на выступы ў цэнтры. У каго няма — папераджаюць і просяць больш не граць. А ўсё пачалося два тыдні таму, калі 17 мясцовых жыхароў перадалі ў міліцыю заяву супраць музыкаў.
Музыкі без досведу проста надакучылі
Адным з ініцыятараў заявы ў міліцыю выступіла Ірына, жыхарка вуліцы Віленскай, якая працуе ў каледжы мастацтваў.
«Я прафесійны музыка і вельмі вітаю добрых артыстаў на нашай пешаходнай вуліцы, — кажа жанчына. — Вельмі падабаецца трыа, якое часта гуляе. Акардэаніст добра грае. Гэта ўсё прафесійна, слухала б і слухала.
Але ёсць і тыя, хто прыносіць калонкі - пры гэтым узровень ніякі. Тры акорды вывучыў учора і пайшоў выступаць з гучным голасам. Тое ж самае — маладая дзяўчына, чытае нейкі тэкст на англійскай і вые дурным голасам. Проста немагчыма слухаць.
У нас летам вокны пастаянна адкрытыя і ўсё гэта чуваць. Нам і так хапае санкцыянаваных святаў і прафесійных артыстаў. Церпім і ведаем, дзе жывем, але нявопытныя музыкі проста надакучылі".
https://www.instagram.com/p/Bes5zleAzNn/?taken-by=raslkulevich
Сорамна за людзей з шапкай
Ірына таксама супраць людзей, якія ходзяць з шапкай і просяць грошы для выступоўцаў. З імі яна перасякаецца амаль кожны дзень.
«Я неяк маладзенькім дзяўчатам зрабіла заўвагу за ігру на вуліцы, а яны мне ў адказ: „нам гаспадар заплаціў“. Каму заплаціў і за што заплаціў - застаецца загадкай. Ходзіць такі высокі і хударлявы, збірае грошы ў шапцы для іх. Напэўна, ён нешта мае. А наогул ганьба, калі такія людзі падыходзяць і просяць грошы. У нас жа турысты кожны дзень, а тут яны са сваёй шапкай. Сорамна».
Каб спыніць музыку, абліла вадой
Ёсць артысты, якія граюць пасля 23.00. Асабліва ў летні перыяд актывізавалася моладзь, якая на Савецкай вуліцы грае і спявае да позніх гадзін.
«Я аднойчы гітарыстам зрабіла заўвагу, што яны граюць пад вокнамі пасля 22.00. Яны працягнулі. Пасля поўначы я раззлавалася, выйшла на вуліцу са шклянкай вады і выліла аднаму на галаву. Толькі пасля гэтага яны сышлі.
Мы не супраць вулічных музыкаў, мы за прафесіяналізм, за захаванне часовых рамак, супраць калонак і людзей з шапкамі".
Такія патрабаванні Ірына і яе суседзі перадалі ў міліцыю.
https://www.instagram.com/p/BlOH0UNlp61/?taken-by=raslkulevich
Пакінуць самы культурны горад Беларусі без вулічных музыкаў?
Гітарыст Алег ужо 3 гады грае на Савецкай вуліцы. Выконвае песні па-руску і па-беларуску. За гэтыя гады сур’ёзных прэтэнзій да яго яшчэ ніхто не меў. Алег — адзін з нямногіх, хто атрымаў у гарвыканкаме дазвол на выступ на пешаходнай вуліцы.
«Граю сабе спакойна без калонак і нікога не чапаю, — распавядае Алег. — Цяжка зразумець, чаму жыхары напісалі заяву. Кажуць, яны просяць забараніць сумнеўную дзейнасць сумнеўных музыкаў. Няўжо яны хочуць пакінуць самы культурны горад Беларусі без вулічных музыкаў? Цікава, на што турысты тады глядзець будуць…».
Хоча працавать, таму і атрымаў дазвол
У дзень, калі добра пастарацца, хлопец зарабляе мінімум 15 рублёў. З яго слоў, самае прыбытковае месца на пешаходнай вуліцы — кут каля ЗАГСа. Але ў апошні час там ніхто не стаіць, бо жыхары катэгарычна супраць музыкаў.
«Пасля іх заявы ў мяне ўпершыню праверылі дазвол на выступ. Асабіста я не хачу сыходзіць з Савецкай, тут хоць трохі магу зарабіць, а ў пешаходных пераходах наогул нічога не кідаюць. Я хачу працаваць на гэтай вуліцы, менавіта таму я і атрымаў дазвол у гарвыканкаме».
https://www.instagram.com/p/Bk--dTThFIP/?taken-by=raslkulevich
Спроба зрабіць свой Арбат
У аддзеле культуры Гродзенскага гарвыканкама распавялі Hrodna.life, што кожны вулічны музыка перад тым як выступаць на вуліцы Савецкай павінен атрымаць на гэта дазвол. Афіцыйна гэта нідзе не прапісана, але горад такім чынам хоча ўпарадкаваць працу вулічных музыкаў і пазнаёміцца з імі. Таму былі ўведзеныя такія правілы. Галоўная ўмова для музыкаў - не жабраваць і не знаходзіцца ў п’яным стане. Гэта свайго роду спроба зрабіць свой прыгожы Арбат у Гродне, сказалі ў аддзеле культуры.