«Людей цікавяць не толькі гатовыя рашэнні, але і варыянты — як магло б быць», — мяркуе гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн. Таму гэтыя варыянты абдумваюцца і ствараюцца ўвесь час. Некаторыя — дашліфоўваюцца да гатовых рашэнняў, іншыя — застаюцца толькі на паперы, ці ў працэсе непазнавальна змяняюцца. Гэта — частка працы гарадскога архітэктара. З Аляксандрам Штэнам мы паразмаўлялі аб варыянтах, якія зараз займаюць яго думкі. Магчыма, некаторыя з іх мы ўбачыць не толькі на паперы.
Па ідэі, архітэктар мае працаваць разам з сацыёлагам і тэхнолагам. Яны павінны ставіць пытанні што і як рабіць. Архітэктары толькі абдумваюць рашэнні ў прасторы. Але гэтага няма. Архітэктары мусяць падмяняць тэхнолагаў і сацыёлагаў, абапіраючыся на патрабаванні нарматываў. Гэта, канечне, добра, гэта парадак. Але хочацца ведаць, што людзям патрэбна.
Гарадское асяроддзе трымаецца за кошт маштабнай структуры старога цэнтра. Адзіны фактар упарадкавання там — гэта лінія забудовы. У астатнім можа быць хаос. Будынак, калі не захаваўся, можна адбудаваць у тым самым аб’ёме. Мяркую, у такой сітуацыі важней захоўваць аб’ёмы, а аўтэнтычныя элементы — па магчымасці. Маштаб у такім выпадку важнейшы за хімічны склад тынкоўкі. Гэта як з чалавекам, катораму робяць перасадку органаў - замена не змяняе тоеснасці, ён не перастае быць сабой.
Хаос можа быць не горшым за парадак. Узяць, напрыклад, новыя раёны, дзе дамы будуюць пад лінейку. Парадак ёсць, а жыцця няма. Так, разовае паселішча. А ў старым горадзе, дзе перамяшаныя розныя слаі часу — там парадак увогуле немагчымы. Упарадкаваліся дамы толькі паводле лініі забудовы. Ляпіліся адзін да другога такім чынам, што спецыяльна не прыдумаеш. Не па архітэктуры нават, па эканоміцы — зямля дарагая была.
Яшчэ ад часоў перабудовы кажу, што нам у Гродне варта задумацца над сілуэтам горада, што патрэбна праграма, каб яго стварыць. Сілуэт горада — гэта вельмі ўспрымальная рэч.
Мы глядзім на горад і бачым рысу, мяжу паміж небам і дахамі. Гэты сілуэт — цэлы сюжэт, у каторым горад размаўляе з небам.
На жаль, у час праектавання ўвагі на яго не звяртаюць. Фасады, кажуць, малюйце.
У маштабе гарадскога асяроддзя помнікі - зусім невялікая яго частка. Калі, канечне, не напаўняць іх сэнсам. Проста па маштабу яны значаць не больш, чым, напрыклад, смеццевыя кантэйнеры.
Таксама і пра помнік Ажэшкі, што стаіць наводдаль ад доміка. Размясцілі б бліжэй — яны б успрымаліся разам як комплекс, мемарыял. Помнік мог бы акцэнтаваць і канкрэтызаваць успрыняцце. Відавочна, што такія рэчы ўзаемна ўзмацняюцца, калі гучаць акордам. А так — адзінкавыя аб’екты.
Спальныя раёны — гэта дыктат жыллёвага прамысловага комплексу. У аснове, натуральна, эканоміка. Каб было добрае і адносна таннае. Архітэктару тут асабліва востра трэба асэнсоўваць — што і як рабіць. Робіш дом і думаеш, што ствараеш не толькі кватэры. Што двор і вуліца — гэта таксама твая прастора. Так падыходзіць. Шукаць дастатковую ступень упарадкавання.
Наша стэла — як труба нейкая прамысловая. А там жа выдатная пляцоўка! Па габарытах — гэта Стоўнхэндж наш. Месца патрабуе развіцця.
Некаторыя рэчы можна рабіць проста па агульных крытэрыях развіцця прыроды. Напрыклад, парк. Ён не можа быць суцэльным масівам. Яго трэба раздзяліць на часткі - роўныя або не. Падкрэсліць тое, што ёсць найбольш важнае. Каб было суразмерна і прапарцыйна.
Аляксандр Штэн нарадзіўся 21 лістапада 1949 у Гродне. Скончыў Маскоўскі Архітэктурны інстытут у 1978 г. Член Беларускага Саюза архітэктараў з 1986 г. Ад 2005 - член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі архітэктуры. У 2005 узнагароджаны медалём Беларускага саюза архітэктараў «За адданасць Архітэктуры і творчыя дасягненні». У 2015 узнагароджаны ганаровым прызам «Дойлід Рэспублікі Беларусь».
Галоўныя творчыя працы:
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…