«Людей цікавяць не толькі гатовыя рашэнні, але і варыянты — як магло б быць», — мяркуе гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн. Таму гэтыя варыянты абдумваюцца і ствараюцца ўвесь час. Некаторыя — дашліфоўваюцца да гатовых рашэнняў, іншыя — застаюцца толькі на паперы, ці ў працэсе непазнавальна змяняюцца. Гэта — частка працы гарадскога архітэктара. З Аляксандрам Штэнам мы паразмаўлялі аб варыянтах, якія зараз займаюць яго думкі. Магчыма, некаторыя з іх мы ўбачыць не толькі на паперы.
Адзін у полі?
Па ідэі, архітэктар мае працаваць разам з сацыёлагам і тэхнолагам. Яны павінны ставіць пытанні што і як рабіць. Архітэктары толькі абдумваюць рашэнні ў прасторы. Але гэтага няма. Архітэктары мусяць падмяняць тэхнолагаў і сацыёлагаў, абапіраючыся на патрабаванні нарматываў. Гэта, канечне, добра, гэта парадак. Але хочацца ведаць, што людзям патрэбна.
Маштаб і аб’ём важнейшы за аўтэнтыку
Гарадское асяроддзе трымаецца за кошт маштабнай структуры старога цэнтра. Адзіны фактар упарадкавання там — гэта лінія забудовы. У астатнім можа быць хаос. Будынак, калі не захаваўся, можна адбудаваць у тым самым аб’ёме. Мяркую, у такой сітуацыі важней захоўваць аб’ёмы, а аўтэнтычныя элементы — па магчымасці. Маштаб у такім выпадку важнейшы за хімічны склад тынкоўкі. Гэта як з чалавекам, катораму робяць перасадку органаў - замена не змяняе тоеснасці, ён не перастае быць сабой.
Паміж парадкам і хаосам
Хаос можа быць не горшым за парадак. Узяць, напрыклад, новыя раёны, дзе дамы будуюць пад лінейку. Парадак ёсць, а жыцця няма. Так, разовае паселішча. А ў старым горадзе, дзе перамяшаныя розныя слаі часу — там парадак увогуле немагчымы. Упарадкаваліся дамы толькі паводле лініі забудовы. Ляпіліся адзін да другога такім чынам, што спецыяльна не прыдумаеш. Не па архітэктуры нават, па эканоміцы — зямля дарагая была.Вось у нас зараз будуюць магістралі і развязкі, а Еўропа ўжо па-іншаму пачынае мысліць. Пакідаюць вузкія вулачкі, абмяжоўваюць хуткасць руху. Інакш, праехаўшы па тунэлях ды аўтабанах і Еўропы не пабачыш.
Сілуэт горада
Яшчэ ад часоў перабудовы кажу, што нам у Гродне варта задумацца над сілуэтам горада, што патрэбна праграма, каб яго стварыць. Сілуэт горада — гэта вельмі ўспрымальная рэч.
Мы глядзім на горад і бачым рысу, мяжу паміж небам і дахамі. Гэты сілуэт — цэлы сюжэт, у каторым горад размаўляе з небам.
На жаль, у час праектавання ўвагі на яго не звяртаюць. Фасады, кажуць, малюйце.
Каштаваць гэта магло б — як звычайны аўтобусны прыпынак. Але адзін прыпынак не ўплывае на ўспрыняцце горада, а сілуэт — уплывае. Хаця рэч танная і ў эстэтычным плане элементарная.
Помнікі ў горадзе
У маштабе гарадскога асяроддзя помнікі - зусім невялікая яго частка. Калі, канечне, не напаўняць іх сэнсам. Проста па маштабу яны значаць не больш, чым, напрыклад, смеццевыя кантэйнеры.Ці дойлід. Калі рабілі рэканструкцыю, думалі, дзе яго паставіць і выбралі месца на вуліцы Ажэшкі, насупраць увахода ў парк, пад старым дрэвам. І было зразумела, чаму: горад і парк — яго тварэнне, ён бы глядзеў на ўваход у галоўную алею, людзі падыходзілі б, звярталі ўвагу. Але як паставілі падчас рэканструкцыі ў даліну, так і пакінулі.Скульптура, пластыка, часцей за ўсё не ўспрымаюцца самі па сабе, прастора мае большае значэнне. Таму важна аналізаваць, дзе і як размяшчаць іх у гарадскім асяроддзі.
Таксама і пра помнік Ажэшкі, што стаіць наводдаль ад доміка. Размясцілі б бліжэй — яны б успрымаліся разам як комплекс, мемарыял. Помнік мог бы акцэнтаваць і канкрэтызаваць успрыняцце. Відавочна, што такія рэчы ўзаемна ўзмацняюцца, калі гучаць акордам. А так — адзінкавыя аб’екты.
Спальны Гродна
Спальныя раёны — гэта дыктат жыллёвага прамысловага комплексу. У аснове, натуральна, эканоміка. Каб было добрае і адносна таннае. Архітэктару тут асабліва востра трэба асэнсоўваць — што і як рабіць. Робіш дом і думаеш, што ствараеш не толькі кватэры. Што двор і вуліца — гэта таксама твая прастора. Так падыходзіць. Шукаць дастатковую ступень упарадкавання.Калі парадку замнога — будзе казарма. Калі замала — эстэтыка раскіданага смецця. Можа нават і не існуе знешняй іерархіі. Можа трэба шукаць спосаб мыслення, дзе дыялектыка закладаецца ў шэрагу — горад, дом, кватэра, дэталі, фактуры. Дзе архітэктура праектуе і стасункі паміж людзьмі.
Каложскі парк і стэла
Наша стэла — як труба нейкая прамысловая. А там жа выдатная пляцоўка! Па габарытах — гэта Стоўнхэндж наш. Месца патрабуе развіцця.Могуць быць аркі. Вобразна, так Пальміра пачынаецца. Па сэнсу — аркі абмяжуюць прастору, дзе нешта адбываецца. А як зрабіць гэтыя аркі - тут ужо падумаеш. Каб і прыгожа, і змест пэўны ўкласці. Што там мае быць? Гербы, таблічкі, каменні? Ці можа гліняныя збанкі, як у сценах Каложскай царквы?Можна і так запраектаваць. Толькі адразу думаеш, як гэта здзейсніць, як такую сцяну зляпіць, як потым яна будзе эксплуатавацца, як рамантавацца.
Парк на Фолюшы
Некаторыя рэчы можна рабіць проста па агульных крытэрыях развіцця прыроды. Напрыклад, парк. Ён не можа быць суцэльным масівам. Яго трэба раздзяліць на часткі - роўныя або не. Падкрэсліць тое, што ёсць найбольш важнае. Каб было суразмерна і прапарцыйна.Прачытаў кніжку па рыторыцы і зразумеў, што нічога нікому даказаць нельга. Калі не падабаецца нешта чалавеку, то будзе адштурхоўваць і ўсё тут. Уяўленні пра тое, што добра, а што не, вельмі суб’ектыўныя. Чалавек можа і не разумець чаму, але адчувае, што не падабаецца. Для мяне гэта нагода нешта пераглядзець, змяніць. Варыянтаў можа быць безліч. Усё можна зрабіць і для людзей, і для замоўцы, і па нормах.
Аляксандр Штэн нарадзіўся 21 лістапада 1949 у Гродне. Скончыў Маскоўскі Архітэктурны інстытут у 1978 г. Член Беларускага Саюза архітэктараў з 1986 г. Ад 2005 - член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі архітэктуры. У 2005 узнагароджаны медалём Беларускага саюза архітэктараў «За адданасць Архітэктуры і творчыя дасягненні». У 2015 узнагароджаны ганаровым прызам «Дойлід Рэспублікі Беларусь».
Галоўныя творчыя працы: