Тры дэфібрылятары або шэсць кардыёграфаў можна купіць на зэканомленыя сонечнымі панэлямі грошы ў Цэнтральнай раённай бальніцы Навагрудка. У 2012 годзе гэты горад другім у Беларусі далучыўся да «Пагаднення мэраў». Тады Навагрудак пачаў міжнароднае супрацоўніцтва. Пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза тут рэалізавалі праект «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі».
Эксперты і ўдзельнікі праекта расказалі Hrodna.life пра вынікі працы і свае далейшыя планы.
Праект на 90% фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і на 10% - Навагрудскім раённым выканаўчым камітэтам. Бюджэт праекта склаў € 600 597,6.
Тры дэфібрылятары ці шэсць кардыёграфаў. Столькі тэхнікі можна купіць на зэканомленыя грошы
З 14 чэрвеня па 25 чэрвеня Жыллёва-камунальная гаспадарка (ЖКГ) адключыла гарачую ваду па ўсім Навагрудку для правядзення гідравыпрабаванняў. І толькі ў Цэнтральнай раённай бальніцы (ЦРБ) у гэтыя дні была гарачая вада. У 2019 годзе на тэрыторыі бальніцы ўсталявалі сонечныя цеплавыя калектары, цеплавыя помпы і фотаэлектрычныя панэлі для гарачага водазабеспячэння, а ў 2021 годзе — электрастанцыю.
Такога аб’екта, як у ЦРБ у Навагрудку, у Беларусі няма больш нідзе. «Прыемна працаваць на Навагрудчыне. У вялікіх гарадах неяк раствараецца эфект, калі штосьці добрае зробіш, а тут гэта відаць адразу наглядна», — кажа кандыдат тэхнічных навук і менеджар праекта Уладзімір Кузьміч. Ён родам з Навагрудка, але цяпер жыве ў Мінску. Кажа, захацелася зрабіць штосьці для сваёй малой радзімы.
«Гэта пілотны праект. На першай стадыі былі змантаваныя сорак цеплавых калектараў і дзве цеплавыя помпы. Яны прызначаліся для гарачага водазабеспячэння радзільні», — распавёў Уладзімір Hrodna.life.
Калі дзень пахмурны і не хапае гарачай вады, ўключаюцца цеплавыя помпы. Яны забіраюць цяпло з паветра нават зімой. «Гэта як халадзільнік, толькі наадварот, — тлумачыць Уладзімір. — Тут цалкам аб’ект „зялёнай энергетыкі“, не выкарыстоўваецца ні грама арганічнага паліва, толькі энергія сонца. Нават цеплавыя помпы бяруць цяпло з паветра, а электраэнергія выпрацоўваецца за кошт сонечных панэляў».
«У летні перыяд магутнасці для радзільні хапае з лішкам. Мы маем радзільнае аддзяленне, аперацыйны блок, рэанімацыю, а летам часткова гінекалогію», — дадае галоўны ўрач Навагрудскай ЦРБ Аляксандр Сіліч.
На запланаваныя паказнікі эканоміі ў бальніцы яшчэ не выйшлі. Для гэтага трэба дачакацца, калі цалкам будзе працаваць электрастанцыя. «Яшчэ да яе з’яўлення мы выходзілі на разліковую суму 10 000 долараў на год. За гэтыя грошы можна купіць тры нядрэнныя дэфібрылятары ці шэсць кардыёграфаў». Электрастанцыя нашмат узмоцніць гэты прыбытак, лічыць галоўны ўрач.
Вопыты, вятрак і душ у каледжы
У Навагрудскім аграрным каледжы аб працы распавёў Юрый Літавар — эксперт праекта ў галіне адукацыі. Ён працуе тут выкладчыкам інфарматыкі і праграмістам.
У 2018 годзе ў каледжы адкрылі новую спецыяльнасць «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў». Такой спецыяльнасці не было да гэтага ў сярэдніх установах Беларусі.
У рамках праекта ў каледжы на зэканомленыя грошы стварылі Навучальны кансультацыйны цэнтр. Гэта кабінет, які абсталяваны сталамі, крэсламі, працоўнымі кампутарамі, стэндамі, спецыяльным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем. На ім праводзяць разлікі для навучання эканоміі матэрыяльных энергарэсурсаў. Тут ёсць прыбор для вымярэння хуткасці руху ветру і прыбор для вымярэння салярности, маленькія дэманстрацыйныя версіі сонечных калектараў і ветрака. У гэтым кабінеце праходзяць лекцыі, практычныя заняткі і семінары для студэнтаў, профарыентацыйныя мерапрыемствы, а таксама экскурсіі, мерапрыемствы для дзяцей з дзіцячых садкоў і школ горада.
Асаблівую ўвагу прыцягвае выпрабавальны лабараторна-практычны стэнд, ён адзіны ў Беларусі. Яго вырабілі па індывідуальнай замове ў тэхнапарку ў Магілёве.
«Пры дапамозе праграмы і стэнда можна прадэманстраваць, як эканоміць электрычную энергію, выкарыстоўваючы розныя бытавыя прыборы», — распавядае Юрый Літавар. Тут ёсць электрычная пліта, рондалі, чайнік. З дапамогай іх праводзяцца вопыты, навучэнцы дзеляцца на каманды і правяраюць, хто хутчэй нагрэе аднолькавую колькасць вады ў розных прыборах, колькі часу на гэта спатрэбіцца, колькі выдаткуецца электраэнергіі, магутнасці і грошай. На гэтым стэндзе ёсць розныя краны для вады, каб прадэманстраваць, як эканоміць ваду.
На тэрыторыі ўстановы адукацыі паставілі невялікі вятрак на 2,8 кВт (выпрацоўвае прыкладна 200 кВт на месяц), а таксама сонечны цеплавы калектар з бакам акумулятарам. Раней у кабінеце фізічнай культуры і здароўя каледжа не было гарачай вады, а зараз навучэнцы могуць прыняць душ пасля заняткаў спортам.
«Вады хапае на 200 літраў. Як толькі адна група адзаймалася, вада пачынае грэцца і за наступны занятак яна ўжо гарачая», — кажа Юрый.
У рамках праекта эксперты праводзяць спаборніцтвы і конкурсы. Зараз праз COVID-19 многія мерапрыемствы праходзяць анлайн.
Эканоміі і экалогіі вучаць у сучасных казках
Міхаіл Зізюк — эксперт праекта па распаўсюджванні досведу і інфармацыі. Ён даносіць да людзей інфармацыю пра аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) простай мовай. Міхаіл — аўтар дзевяці кніг, першая выйшла ў 2007 годзе. Для дзяцей ён напісаў чатыры кнігі. У рамках гэтага праекта выйшлі дзве кнігі для дзяцей на беларускай мове: адна — для падлеткаў, а другая — для дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў.
«Кнігі на экалагічную тэматыку, бо што праект на такую тэму. А дзецям як даступна даносіць такую інфармацыю? Вось і ўзнікла такая ідэя: рабіць гэта праз кнігі і казкі. Як выходзіць новая кніга, я раблю прэзентацыі па школах чатырох раенаў, распаўсюджваю гэтыя кнігі. Мы іх аддаем па бібліятэках, а потым, што застаецца — у нацыяналную бібліятэку, яна ўжо распаўсюджвае па іншых».
Са смецця — трубы, тазікі і вёдры
На аснове распрацаванага праектам тэхніка-эканамічнага абгрунтавання «Будаўніцтва ўстаноўкі для ўтылізацыі цвёрдых камунальных адходаў пасля лініі сартавання» Навагрудскі раён выйграў грант Еўрапейскага Саюза.
«У нас праводзіцца вельмі вялікая праца з насельніцтвам па раздзельным зборы смецця», — кажа Уладзімір Кузьміч. За кошт праекта ў Наваградку паставілі 410 вялікіх кантэйнераў, закупілі тры смеццявозы, усталявалі сартавальную лінію. Кантэйнеры раздалі ў сацыяльныя сферы чатырох раёнаў: Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Іўеўскага.
Зараз у Навагрудку ў рамках дзейнага праекта будуюць лінію па рэцыклінгу палімераў. Будуць збіраць пакеты і пластык, з якіх атрымаюцца гранулы, а з іх ужо можна будзе рабіць іншыя вырабы. Напрыклад, каналізацыйныя трубы, тазікі, вёдры, нехарчовую ўпакоўку.
Артыкул падрыхтаваны ў партнёрстве з EU Neighbours East. Погляды, выкладзеныя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.