Мы ўжо пісалі, як выглядаюць гасцініцы Гродна і колькі каштуе начлег у іх. Зараз мы паглядзелі, як выглядаюць нумары ў гасцініцах некалькіх раённых цэнтраў Гродзенскай вобласці. Таксама сабралі самыя цікавыя водгукі пастаяльцаў. 

Гасцініца “Воранава”

Гасцініца належыць Воранаўскаму ЖКГ. У ёй 34 месцы: 13 аднамясцовых нумароў, 9 двухмясцовых, а таксама адзін аднамясцовы і адзін двухмясцовы найвышэйшага разраду. 

Месца ў нумары з двума аднаспальнымі ложкамі каштуе ад 52 рублёў, сняданак у кошт не ўваходзіць. 

гостиница Вороново

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 3,5 з 5.

Гасцініца “Іўе”

Гасцініца таксама належыць мясцовым ЖКГ. Яна разлічана на 38 чалавек. Для гасцей – 20 нумароў, абсталяваных тэлевізарамі і халадзільнікамі. У будынку гасцініцы ёсць цырульня і інфакіёск, а на заднім двары – паркоўка на 25 месцаў.

Размяшчэнне ў двухмясцовым нумары найвышэйшага разраду каштуе 28,69 руб., у аднамясцовым трэцяга разраду – 28,52 руб.

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 3,7 з 5.

Гасцініца “Дзядзька Ваня” ў Дзятлаве

Гасцініца можа прыняць 30 гасцей. У кожным нумары – бясплатны Wi-Fi, ТБ, чайнік. У будынку гасцініцы ёсць бар і цырульня. Змена пасцельнай бялізны – раз на пяць дзён для аднаго госця.

Цэны на пражыванне нам даведацца не ўдалося, бо па ўказаных нумарах у гасцініцы не адказвалі.

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 4,5 з 5.

Гасцініца “Бярозка” ў Ваўкавыску

Гасцініца была адрамантаваная ў 2004 годзе да рэспубліканскіх “Дажынак”. Ёсць 56 нумароў, у тым ліку і для людзей з інваліднасцю. У дадатковыя паслугі ўваходзяць: пакой для прасавання адзення, выклік лекара, цырульня і камера захоўвання. Ёсць бар і рэстаран.

Месца ў двухмясцовым нумары каштуе 42 рублі, у аднамясцовым двухпакаевым нумары “Стандарт +” – 143. Сняданак – 4 рублі.

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 3,9 з 5.

Гасцініца “Радуга” ў Астраўцы

У гасцініцы можна размясціць 56 чалавек. Ёсць абсталяваны нумар для людзей з інваліднасцю (устаноўлены поручні ў нумары і санвузле). Ёсць рэстаран і аўтастаянка на 10 легкавых машын.

Пражыванне ў двухмесным нумары – 29,70 рублёў, у нумары найвышэйшага разраду – 77 рублёў. 

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 3,6 з 5.

Гасцініца ў Ашмянах

У гасцініцы 30 нумароў, сярод іх 2 люксы.

Кошт за пражыванне ў аднамясцовым нумары – 21,20 рубля, у нумары люкс-127,10.

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 2,7 з 5.

Гасцініца “Масты”

“У сакавіку 2012 года, пасля праведзенага капітальнага рамонту, здабыла новае аблічча гасцініца “Масты”. Трохпавярховы будынак гасцініцы адразу ж прыцягвае да сябе арыгінальнасцю і ахайнасцю. Але яшчэ больш прыцягвае яго ўнутраны інтэр’ер. Стыльны дызайн, чысціня і ўтульнасць, добразычлівая атмасфера – усё гэта робіць нашу гасцініцу прывабнай як для турыстаў, так і для бізнесменаў”, – так апісваюць гасцініцу на сайце Мастоўскага райвыканкама.

Ва ўсіх нумарах гасцініцы ёсць тэлевізар, халадзільнік, тэлефон. Гасцініца прадастаўляе паслугі бізнес-цэнтра з доступам у інтэрнэт, ёсць камера захоўвання і сейф. 

Сярэдняя адзнака гасцініцы ў Google – 4,1 з 5.

Гасцініца “Ліда”

У гасцініцы 152 нумары на 189 месцаў. Кошт пражывання ў аднапакаёвым двухмесным нумары (для людзей з інваліднасцю) – 28 рублёў, у “Люксе” – 150. 

А ў вас ёсць досвед начлегу ў раённых цэнтрах? Нейкія гасцініцы Гродзенскай вобласці вас шакавалі ці, наадварот, прыемна здзівілі? Напісаць нашаму боту ў Telegram.