Праект «GOOD IMPACT» — Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва запусціў набор у рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці.

Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact» — гэта праект па навучанні сацыяльных прадпрымальнікаў. Праграма курса пабудавана на міжнароднай методыцы, адаптаванай да беларускіх умоў. У якасці экспертаў выступаюць беларускія і міжнародныя спецыялісты.

«Курс навучання ўжо прайшоў у Гомелі і Брэсце, хутка мы пачнем і ў Гродне. Мы хочам прыцягнуць як мага больш удзельнікаў з нашага горада і вобласці. Навучанне бясплатнае. Для нас важна развіваць і падтрымліваць сацыяльныя праекты», — распавяла кіраўнік «Студыі карысных кампетэнцый», каардынатар праекта па Гродне Лана Руднік падчас медыя-сняданку для журналістаў 18 ліпеня.

Гродзенцаў запрашаюць у Школу сацыяльнага прадпрымальніцтва. Навучанне бясплатна!
Арганізатары ў якасці прыкладаў сацыяльных бізнес-ідэй прадставілі тры праекты, якія былі рэалізаваныя ў Гродне.

Рыма Ушкевіч — Дзіцячая экастудыя «ВЕТКА»

«Наша экастудыя працуе ўжо тры гады. Спачатку ў нас было фінансаванне па праекце ад «Зялёнай сеткі». Мы арандавалі памяшканне і запрашалі людзей, якія маглі б праводзіць заняткі для дзяцей пра самавыхаванне ў экасяброўскім ключы. Заняткі былі для дзяцей, але прыходзілі і бацькі. І мы са здзіўленнем назіралі, як ім было цікава.

Праз некаторы час праект скончыўся і мы засталіся без фінансавання. А ўмовы былі - стаць устойлівымі. Пачалі думаць, што рабіць. Важна было прыдумаць, каб праект самаакупаўся. У выніку, уклаўшы свае намаганні і сродкі, мы арандавалі памяшканне ў цэнтры горада і пачалі запрашаць знаёмых і сяброў у наш экасадок, які назвалі «ВЕТКА». Пачыналі з малой колькасці дзяцей, спачатку нічога не акуплялася. Але з часам у нас з’явіўся свой стыль і ідэя развіцця. Сёння ў нас два памяшканні і адданыя бацькі. Ёсць і іншыя праекты, а таксама планы на будучыню".

Гродзенцаў запрашаюць у Школу сацыяльнага прадпрымальніцтва. Навучанне бясплатна!
Римма Ушкевич

Галіна Алісава — прадпрыемства «Штучки в ваши ручки»

«Наша прадпрыемства маладое, усяго тры гады. Мы вырабляем падушкі з эфектам антыстрэса. На прадпрыемстве нас усяго 11 чалавек, з іх 70% людзей з інваліднасцю. Калі мы толькі адкрываліся ва Упраўленні па працы і занятасці прапанавалі нам запрасіць на працу людзей з інваліднасцю. Доўга думалі, але пагадзіліся. І не прагадалі, гэтыя людзі добра працуюць. Яны разумеюць усю адказнасць і шануюць рабочыя месцы. І я зрабіла выснову, што можна не баяцца і браць такіх людзей на працу».

Гродзенцаў запрашаюць у Школу сацыяльнага прадпрымальніцтва. Навучанне бясплатна!
Галіна Алісава

Сняжана Кудрыцкая — кавярня «Кофе пауза»

«Яшчэ пры адкрыцці нашай установы мы вырашылі зрабіць акцыю: кожны аўторак 10% ад выручкі будзе адлічвацца на дабрачыннасць. Мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям і было шмат розных спосабаў, але мы вырашылі рабіць гэта менавіта так. Магчыма, наша акцыя будзе прыкладам іншым кіраўнікам. З дапамогай такіх праектаў мы больш будзем думаць пра дабрачыннасць. Людзей, хто мае патрэбу ў дапамозе сёння шмат. Акрамя дабрачыннасці, мы ў кавярні ствараем умовы не толькі для моладзі і людзей старэйшага ўзросту, але і для дзяцей. Для мяне, як мамы, важна, каб бацькі больш часу надавалі сваім дзецям».

Гродзенцаў запрашаюць у Школу сацыяльнага прадпрымальніцтва. Навучанне бясплатна!
Сняжана Кудрыцкая

Набор на курс працягнецца да 12 жніўня

Дваццаць удзельнікаў Школы пройдуць курс навучання асноў сацыяльнага прадпрымальніцтва (распрацоўка канцэпцыі стварэння сацыяльнага прадпрыемства, стварэнне бізнес-плана, планаванне маркетынгавай стратэгіі і г. д.), пазнаёмяцца з вопытам работы паспяховых сацыяльных прадпрымальнікаў, атрымаюць ментарскую падтрымку. Удзельнікі, якія паспяхова прайшлі навучанне,
бізнес-ідэі якіх будуць планаваць найбольшы сацыяльны эфект, атрымаюць фінансавую падтрымку для старту свайго бізнесу. Курс пачнецца ў верасні і завяршыцца ў чэрвені наступнага года.

Запоўніць заяўку на ўдзел можна тут.


Проект реализуется в рамках программы Федерального министерства иностранных дел Германии «Развитие сотрудничества с гражданским обществом стран Восточного партнерства и России»