Юрый Яраш з Гродна атрымаў позву ў суд з-за гнома на падваконніку. У руцэ ў гнома быў сцяжок з “Пагоняй”. Цацку ў акне расцанілі як адзіночны пікет, праведзены без дазволу гарвыканкама. Сведкай па справе была былая аднакласніца жонкі гродзенца.

Выклік прыйшоў Юрыю Ярашу 3 лютага па СМС:

«Суд Октябрьского района г. Гродно вызывает Вас в качестве лица, в отношении которого ведется  административный процесс, к 10.00 08.02.2021 по делу об административном правонарушении в отношении Вас по ч.1 ст.23.34 КоАП РБ по адресу ул. Дубко, 9 зал. 105. Судья Шпак В.И. При себе иметь паспорт. Стороны вправе обратиться с заявлением о рассмотрении дела в ваше отсутствие”, – прачытаў Юрый.

Пра тое, як навагодні гном на доўгіх ножках давёў сям’ю да суду, гродзенцы распавялі карэспандэнтцы Hrodna.life.

«Мінакі з дзецьмі часта спыняліся, любаваліся вокнамі і ўсміхаліся»

Юрыю Ярашу 44 гады. Ён – выкладчык фізікі і матэматыкі. Цяпер ён займаецца рэпетытарствам – дапамагае школьнікам падцягнуць вучобу і падрыхтавацца да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Жонка Юрыя, Таццяна – хатняя гаспадыня. У іх двое дзяцей. Дачка ўжо студэнтка, а сын вучыцца ў гімназіі. Сям’я Яраш жыве на Вішняўцы,
на першым паверсе аднаго са шматпавярховікаў па вуліцы Пестрака. Вокны іх кватэры выходзяць у двор.

“У нас прынята ўпрыгожваць вокны кватэры, – распавёў Юры карэспандэнтцы Hrodna.life. – Улетку жонка высаджвае ў навясныя гаршкі кветкі, зімой лепіць сняжынкі на шыбу”.

У гэтым годзе Таццяна ўпрыгожыла кветачніцы яловымі галінкамі, на вокны наклеіла сняжынкі і лядзяшы з паперы, зрабіла казачныя кампазіцыі. У акне спальні быў Санта Клаўс і гірлянда.

“Мінакі з дзецьмі часта спыняліся, любаваліся вокнамі і ўсміхаліся”.

У сям’і Яраш ва ўсіх ёсць творчыя захапленні. Дачка добра малюе. У мінулым годзе яна паступіла на дызайнерскі факультэт універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне. Сын вучыцца ў гімназіі, грае на фартэпіяна. Нядаўна на конкурсе маладых выканаўцаў у Маладзечне атрымаў дыплом першай ступені. Юрый грае на гітары.
Таццяна вышывае бісерам іконы, шые, распрацоўвае дызайн сваёй кватэры і мэблі. Нядаўна рабілі рамонт у кватэры – усё змены прыдумала яна сама.

Гнома купілі перад Калядамі ў звычайнай краме

Гнома на доўгіх ножках Юры і Таццяна купілі ў адной з крам Гродна перад Калядамі. У Новы год гном стаяў пад елкай. У руку яму далі папяровы сцяжок з “Пагоняй”.

На падаконніку гном апынуўся 12 студзеня. У гэты дзень сям’я рабіла паслянавагоднюю прыборку – збіраліся прапыласосіць падлогу ад іголак, якія абсыпаліся з жывой елкі. Падчас уборкі Таццяна ўбачыла праз акно дзвюх жанчын з роварамі. Яны фатаграфавалі вокны кватэры. У адной з іх яна пазнала былую аднакласніцу, Вольгу Бондараву. Яны вучыліся разам з восьмага па адзінаццаты клас у школе №30 (цяпер гімназія №1 імя Карскага), у хіміка-біялагічным класе.

“Я выйшла на вуліцу і павіталася з Вольгай. Яна ў гэты час тэлефанавала і шукала нумар нашага дома. Я сказала, што гэта мае вокны. Вольга села на ровар і адразу з’ехала».

“Маленькі подзвіг” Вольгі Бондаравай

Пра Вольгу Бондараву гродзенцы ўпершыню даведаліся пасля здарэння 31 кастрычніка. У той вечар на Альшанцы Вольга заўважыла, як мужчына уздымаў з зямлі і развешваў белыя стужкі. Вольга зрабіла яму заўвагу. Мужчына ў адказ “праявіў агрэсію, накінуўся на пацярпелую, паваліў яе на зямлю і стаў збіваць, а пазней сышоў дадому”, паведамляла пра тое, што здарылася, УУС Гродна. Дзяўчына прасачыла за крыўдзіцелем і паведаміла ў міліцыю.

Паводле інфармацыі УУС Гродна, “збітая жанчына, на шчасце, сур’ёзных траўмаў не атрымала”. “Гродзенская праўда” пазней паведамляла, што “лекары дыягнаставалі ў дзяўчыны страсенне мозгу і пералом носа”.

“Учынак Вольгі можна прыраўняць да маленькага подзвігу, прызналася лідар абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын (БСЖ) Ірына Сцепаненка“, – пісала “Гродзенская праўда” ў рэпартажы ад 3 лістапада.

У гэты дзень падтрымаць Вольгу прыходзілі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка і прадстаўніцы БСЖ Ірына Сцепаненка і Святлана Вараніца.

Гном са сцяжком правёў адзіночны пікет на падваконніку. Цяпер яго ўладальніка судзяць
На здымку: Ігар Булаўка, Вольга Бондарава, Святлана Вараніца і Ірына Сцепаненка. Крыніца фота: “Гродзенская праўда”

“Ужо доўгі час разам з сябрамі і аднадумцамі Вольга Бондарава дапамагае работнікам ЖКГ чысціць горад ад абразлівых надпісаў і незарэгістраванай сімволікі і кажа, што працягне гэта рабіць, таму што лёс роднай краіны ёй не абыякавы”, – напісала ў рэпартажы з сустрэчы журналістка “Гродзенскай праўды” Жанна Майсеева.

«Мы з нагоды гноміка»

Увечары 12 студзеня да сям’і Яраш прыйшла міліцыя. Юрый успамінаў у размове з Hrodna.life, што малады лейтэнант сказаў: «На тэлефон 102 паступіў ананімны званок з нагоды гноміка са сцягам на вашым падваконніку. Трэба адрэагаваць».

Гном са сцяжком правёў адзіночны пікет на падваконніку. Цяпер яго ўладальніка судзяць
За гнома с Погоней гродненца судят

Юрый патлумачыў міліцыянту, што звычайна гном стаяў ля елкі, а на падваконнік трапіў падчас уборкі. Міліцыянт выслухаў і прама ў пярэднім пакоі склаў пратакол. Потым зазірнуў у пакой сфатаграфаваць гноміка. Сказаў, што перадасць пратакол участковаму інспектару і прапанаваў прыбраць цацку з акна.

“Мы вярнулі гнома пад ёлку. Я падпісаў пратакол. Копію дакумента мне не пакінулі».

Праз тыдзень, вечарам 19 студзеня, да Ярашаў прыйшоў участковы. Юрый з Таццянай якраз збіраліся ў госці да суседзяў.

Міліцыянт сказаў: «Гэта з нагоды гноміка». Ён патлумачыў Юрыю і Таццяне, што гном са сцяжком на падаконніку расцэньваецца як адзіночны пікет і склаў новы пратакол:

“Публично выражал свои общественные взгляды”

«В период с 16.00 12.01.2021 до 18.30 15.01.2021 по адресу [где проживает семья Ярош – ред. Hrodna.life], внутри квартиры за стеклом Ярош Ю.З. разместил для общего обозрения и публичной демонстрации гнома с флагом бело-красно-белого цвета в руке. 

Тем самым провел одиночный пикет в нарушении установленного порядка проведения массового мероприятия, так как разрешения на проведения мероприятия горисполкомом дано  не было. 

Публично выражал свои общественные взгляды, направленные на несогласие с порядком проведения выборов Президента Республики Беларусь» .

У пратаколе былі названыя сведкі: аднакласніца Таццяны – Вольга Бондарава і суседка па доме – Таццяна Сулаўка.

Адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя вядзецца па “народным” артыкуле 23.34, ч.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Пакараннем па ёй можа быць папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь (870 рублёў), або адміністрацыйны арышт.