Стэфана Віейра родам з Бразіліі, але жыве ў Брусэлі. Там ён працуе ў Еўрапарламенце — займаецца рознымі дакументамі. Частку свайго сёлетняга адпачынку Стэфана вырашыў прысвяціць наведванню Беларусі і вывучэнню тут рускай мовы.
Стэфана, як і іншыя ўдзельнікі Летняй школы рускай мовы, пачаў учобу ў Гродне з 7 жніўня. За 10 дзён ён пазнаёміўся з горадам і яго жыхарамі.
[irp posts="29 669″ name="Ад студэнтаў да работніка Еўрапарламента: больш за 50 замежнікаў з 12 краін прыехалі вывучаць рускую мову ў Гродна"]
«Беларуссю і горадам Гродна, дзе я вывучаю рускую мову, я не расчараваны. Звычайна я расчароўваюся, калі не магу знайсці ежу, якая мне патрэбна, а тут у мяне ўсё добра. Я не ем шмат мяса, замяняю гэта рыбай і рознымі салатамі. А тут усё што мне трэба ёсць у крамах. Яшчэ я вялікі аматар кавы і радуе, што гэты гарачы напой у Гродне ўсюды ёсць».
Руская мова можа паспрыяць новым магчымасцям у кар’еры
Мужчына сур’ёзна пачаў вывучаць рускую мову толькі калі прыехаў у Беларусь. Робіць ён гэта для таго, каб у будучыні мець больш зносін з рускамоўнымі людзьмі.
«У Бельгіі я спрабаваў вучыць рускі алфавіт, але гэта было нязручна і вельмі павольна. Прыкладна адна літара ў тыдзень. Але я вырашыў не спыняцца на літарах. Мне падабаюцца мовы. Мне здаецца, вывучэнне рускай мовы адкрывае для мяне новыя магчымасці, напрыклад зносіны з рускамоўнымі людзьмі. Зараз мая праца ў Еўрапарламенце не звязаная з мовамі, раблю я гэта ўсё ж больш для сябе. Магчыма, калі-небудзь калегі, якія працуюць са мной, пачуюць, што я размаўляю на рускай мове, і гэта можа паспрыяць новым магчымасцям у маёй кар’еры».
Глядзеў на фатаграфіі Гродна і думаў, што гэта фоташоп
Да прыезду ў Беларусь Стэфана аб гэтай краіне практычна нічога не чуў. Ведаў толькі, што можна прыехаць у гэтую краіну па бязвізавым рэжыме.
«У мяне нават не было часу сказаць каму-небудзь пра тое, што я еду ў Беларусь. Я падаў заяўку ў Летнюю школу ў самую апошнюю хвіліну. Нават дарогу толкам не планаваў, бо не было часу.
Беларусь мне спадабалася сваёй прыродай: лясамі, азёрамі, а таксама выдатнымі мясцінамі і гiстарычнымi месцамі. Сябрам і калегам я распавяду, што быў здзіўлены гэтай краінай, таму што для мяне Беларусь стала самым сапраўдным адкрыццём. Яшчэ ў Бельгіі я глядзеў на фатаграфіі Гродна і думаў, што гэта фоташоп.
Было шмат пытанняў, калі ехаў сюды. Але зараз я магу сказаць, што мне падабаецца ўзровень жыцця ў Гродне. У гэтым горадзе вельмі шмат паркаў, зялёных тэрыторый і розных забаваў. Хачу адзначыць, што тут, напэўна, добра жыць дзецям, таму што тут бяспечна і мірна. Магу сказаць, што ў Гродне не сумна".«Калі ж у мяне будуць пытацца: „Як там у Беларусі?“, то я буду ўсім прапаноўваць прыехаць у гэтую краіну і здзівіцца. Многія еўрапейцы пра Беларусь практычна нічога не ведаюць. Нават пра Польшчу і Літву, якія знаходзяцца ў Еўрасаюзе, я і мае калегі мала што ведаем. Напрыклад, мне казалі, што ў Варшаве няма чаго глядзець, бо гэты горад быў цалкам разбураны падчас вайны. Але Варшава апынулася зусім не такой, пра якую мне расказвалі».
«Хачу, каб для беларусаў уезд у Еўрасаюз быў таксама бязвізавы»
Бразілец лічыць, што менавіта пасля незвычайных досведаў, паездак, пасля апавяданняў пра іх сябрам i калегам, у многiх з’яўляецца вялікае жаданне адправіцца ў гэтыя мясцiны.
«Еўрапейцы ўжо стаміліся ад такіх краін як Германія, Францыя і іншых. Але яны туды ўсё роўна ездзяць, бо яны знаёмыя з гэтымі месцамі. Мне хочацца, каб еўрапейцы адкрывалі для сябе і іншыя краіны, напрыклад Беларусь. Я б хацеў, каб уезд для беларусаў у Еўрасаюз быў таксама бязвізавы, як і цяпер уезд у вашу краiну. Грамадзянам Еўрасаюза патрапіць у Беларусь ужо значна лягчэй, а як я ведаю, многія беларусы зацікаўлены ў еўрапейскіх краінах, каб падарожнічаць і працаваць у іх. Было б выдатна, калі б у адзін дзень з’явіўся поўны бязвізавы рэжым Беларусі з Еўрасаюзам. Мне здаецца аднойчы гэта здарыцца».
Стэфана Віейра 41 год, родам ён з Бразіліі. На працягу некалькіх гадоў мужчына працуе ў Брусэлі, у Еўрапейскім парламенце. Першай працай Стэфана там была пасада перакладчыка. Пасля бразілец пайшоў на павышэнне — курыраваць перакладчыцкія праекты і дэпартамент. Сёння Стэфана акрамя перакладаў займаецца ў Еўрапейскім парламенце і іншымі справамі, напрыклад, працай з дакументамі.