Ці ёсць нешта агульнае паміж падзеямі 1863 і 2020 гадоў? Што б рабіў Каліноўскі, калі б жыў у наш час? У чым каштоўнасць таго паўстання, калі праз 160 гадоў беларусы мусяць працягваць барацьбу? Канечне, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, але шукаць гістарычныя паралелі вельмі цікава і пазнавальна. Асабліва, калі параўноўвае падзеі знаўца. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» пра месца Каліноўскага ў гісторыі і яго ўплыў на сучасную сітуацыю разважаў гродзенскі гісторык, даследчык дзейнасці Кастуся Каліноўскага, Васіль Герасімчык.
«Любая гістарычная падзея складаецца ў выніку пэўных умоваў у грамадстве, дзяржаве і часе, — кажа Васіль Герасімчык аб прычынах паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага. — Да паўстання 1863 года прывялі, апроч іншага, памылкі з боку кіраўніцтва Расійскай імперыі:
не разлічылі, да чаго у выніку [ціск] можа прывесці. Яны спрабавалі тушыць вогнішча бензінам".
У гэтым, на думку Герасімчыка, ёсць падабенства падзеяў 160-гадовай даўніны з пратэстамі 2020 года ў Беларусі. У дадатак да падабенстваў - часткова тая самая мясцовасць, рэгіён, дзе адбываліся падзеі: «Прастора, якую сёння называюць міжмор'ем, прастора колішняй Рэчы Паспалітай, у межах якой знаходзяцца сучасныя Беларусь, Украіна, Польшча, краіны Балтыі. Гэта важны рэгіён на сутыкненні цывілізацый, дзе такія гістарычныя працэсы прыспешваюцца».
Ёсць падабенствы і паміж логікай развіцця падзеяў, мяркуе гісторык.
«Напярэдадні паўстання ўзнік мірны маніфестацыйны рух. Грамадства адгукнулася на разгон з прымяненнем зброі акцыі ў 1861 годзе ў Варшаве. Людзі пачалі выходзіць на вуліцы, спяваць песні, яны аб’ядналіся. То можна праводзіць нейкія аналогіі з тым, што ў нас адбылося пасля выбараў у 2020 годзе. Гвалт падліў бензіна ў вогнішча».
Чытайце таксама: Гродзенскі гісторык выдаў першую за 30 год кнігу пра Каліноўскага
Сітуацыя 2020 года, на думку Герасімчыка, больш падобная да часу перад паўстаннем — ваеннага становішча 1861 года. Калі вельмі ўмоўна параўноўваць з мінуўшчынай, спробы задушыць мірныя пратэсты ў 2020 годзе падобныя на немагчымасць справіцца з маніфестацыйным рухам іншым чынам, апроч увядзенне ваеннага становішча. Былі людзі, што лічылі існуючую ўладу чужой, імперскай, і былі гатовыя да барацьбы. «Яны бачылі сваім ідэалам колішнюю Рэч Паспалітую і хацелі яе адрадзіць, але ўжо на новай глебе».
Параўноўваючы падзеі, гісторык кажа: «Штосці агульнае ёсць. Але мы яшчэ не перажываем свой 1863 у дні сённяшнім. Гэта, умоўна, час вайсковага стану перад паўстаннем. Але ці адбудзецца нешта ў будучым, ці есць сілы, якія рыхтуюць умоўнае паўстанне?» Паводле назіранняў гісторыка, «адчуваецца, што быццам штосці ідзе, нейкія працэсы гартуюцца».
«Ацаніць гістарычную падзею можна толькі пасля таго, як яна адбудзецца, — кажа гісторык. — Адказ на падобныя пытанні дакладна будуць ведаць нашы нашчадкі».
«Гісторыя паказала — такога кшталту барацьба за ўладу мае быць падрыхтаванай. Адно спадзяванне і сляпая вера, што народ паўстане, што мужыкі падымуцца, што людзі пабачаць ганебнасць сістэмы і проста ў дзень ікс нешта зробяць… Як паказвае гісторыя, гэта сляпая вера прыводзіць да ахвяраў. Тая ж гісторыя паказвае, што падобнага кшталту падзеі патрабуюць падрыхтоўкі. І якраз непадрыхтаванасць да паўстання і згуляла сваю ролю ў дадатак да існуючай складанай геапалітычнай сітуацыі».
Чытайце таксама: Гродзенец атрымаў прэмію Багушэвіча за кнігу пра Кастуся Каліноўскага
«Кастусь быў чалавекам дзеяння, — разважае Герасімчык аб правадыры паўстання. — Калі б ён патрактаваў сучасныя падзеі як агрэсіўную захопніцкую вайну, то канечне, дзейнічаў бы супраць. Напэўна, ён бы ствараў нейкія структуры ці баявыя адзінкі».
Але тут праводзіць паралелі яшчэ больш складана: вялікая частка дзейнасці паўстанцаў і асабіста Каліноўскага дзеля бяспекі рабілася ў таямніцы. «На жаль для гісторыі, гэта не дазваляе цалкам ацаніць яго постаць». Але, на думку гісторыка, Кастусь быў чалавекам, што стараўся больш працаваць, чым рабіць гучныя заявы: «Магу сказаць адно: [калі б ён патрапіў у наш час, то, як і ў свой] змагаўся б з несправядлівасцю, умоўна кажучы, за „мужыцкую праўду“, за адраджэнне свайго роднага і тых народаў, якіх прыгнятала імперыя. Карацей — „За нашу і вашу свабоду“».
Праект «Беларусь» без Каліноўскага, без яго дзеянняў, дакладна б выглядаў інакш — хутчэй за ўсё, гэта была б проста «Западная Россия» ці «Северо-Западный край», мяркуе гісторык.
Але яшчэ больш істотным ён лічыць уплыў гераічнага вобраза кіраўніка паўстанцаў:
«Ён натхняў змагароў за Беларусь, незалежна ад іх палітычных поглядаў - сацыялістаў, камуністаў, нацыяналістаў. Ён быў сваім для разнастайных палітычных супольнасцяў, што змагалася за Беларусь у адпаведнасці са сваімі разуменнямі».
Чытайце таксама: Памятны знак у гонар паўстанцаў Каліноўскага з’явіўся побач з лесам імя Быкава
Герасімчык узгадвае, што нават за савецкім часам Каліноўскі быў сярод шанаваных уладай герояў: «Яго паказвалі як змагара за правы сялян, а сяляне асацыяваліся [ў савецкай гісторыі] з Беларуссю. Сярод палітычных паплечнікаў і праціўнікаў Каліноўскі прадстаўся асобаю, што адстойвае інтарэсы сялян, пакуль з іх асяродка не выйдуць здольныя самастойна гэта рабіць».
Хаця на фоне рэпрэсій з боку беларускай дзяржавы ўсё, зробленае да сёняшняга дня, падаецца бессэнсоўным, гісторык глядзіць на сітуацыю са сваёй званіцы:
«Як бы мы не ацэньвалі сёняшнія падзеі, у нас ёсць свая краіна — 160 гадоў таму гэтага не мелі. Да таго ж, імперыя, супраць якой змагаўся Каліноўскі, сышла ў нябыт. Нішто не вечнае пад сонейкам, нават Рымская імперыя, якую лічылі вечнаю, распалася, — кажа гісторык. — А на парэштках імперый паўсталі новыя краіны. Мы маем сваю краіну. Няхай нават з розных бакоў барыкад да яе ставяцца па-рознаму».
Тое, што сёння беларусы зноў павінны змагацца за свабоду і незалежнасць, не азначае, што паўстанне Каліноўскага не мела каштоўнасці. «Яны мелі свае мэты і сваё бачанне будучыні, — разважае гісторык пра паплечнікаў Каліноўскага. — Але яны не маглі прадбачыць, як іх паўстанне паўплывае на падзеі, што прыйдуць праз 160 гадоў. Тым не менш, у ідэях Каліноўскага прадбачылася, што беларусы, літоўцы, украінцы набудуць нешта большае, чым проста існаванне пэўнага этнаграфічнага субстрату. То гэта таксама адбылося».
«Як сведчыць прыклад Каліноўскага, за сваё трэба змагацца, — кажа Васіль Герасімчык. — Галоўнае, усведамляць свае магчымасці. У кожнага мяжа свая. Калі чалавек яе перакрочвае, гэта можа крытычна сказацца на яго ўнутраным свеце і фізічным стане».
Што да сучаснага Каліноўскага, то, мяркуючы па маштабах рэпрэсій, зараз ў нас «сотні Каліноўскіх, нават і тысячы — такі калектыўны Каліноўскі».
Галоўнае, на думку Герасімчыка, не вешаць нос і вучыць гісторыю:
«Гісторыя паказвае прыклады, як што адбываецца і чым завяршаецца. Проста вучыце гісторыю — гісторыю Беларусі. Яна на нашым баку, як і Каліноўскі».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…