Феномен «генацыду беларускага народа» ў апошнія гады рэгулярна з’яўляецца на старонках беларускіх СМІ. Раённыя газеты публікуюць здымкі з праглядаў фільмаў пра нацысцкія злачынствы разам з выступамі мясцовых пракурораў, якія распавядаюць пра дасягненні сваіх калег з Генеральнай пракуратуры ў расследаванні «злачынстваў часоў Вялікай Айчыннай вайны». Аднак да пратэстаў 2020 года пра генацыд беларусаў з боку нацыскай Германіі у афіцыйным дыскурсе практычна не згадвалася. І гэта невыпадкова: Генеральная пракуратура заяўляе, што ў 2020 годзе нібыта адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, а яе ўдзельнікі карысталіся нацысцкай ідэалогіяй.

Рэдакцыя Hrodna.life разам з экспертамі Ірынай Сідорскай і Аляксеем Ластоўскім разбіраюцца, як беларускія ўлады аб’ядналі палітычныя пратэсты і ваенныя злачынствы ў адзіны наратыў і ці можна гэтыя злачынствы ўвогуле лічыць генацыдам.

Калі з’явіўся канцэпт «генацыду беларускага народа»?

Увесну 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд». Крымінальныя справы, паводле падставаў крымінальнага права, узбуджаюць для расследавання злачынства і вызначэння вінаватых. Аднак у выпадку са справай пра «генацыд беларускага народа» тагачасны генеральны пракурор Андрэй Швед адразу падкрэсліў, што канчатковая мэта — «паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду, спыніць спробы абясцэніць гістарычную праўду».

«Упершыню пра «генацыд беларускага народа» я пачула ў пачатку 2021 года, — каментуе Ірына Сідорская, доктарка навук у галіне медыя. — Гэта было для мяне даволі нечакана. Тэма Вялікай Айчыннай вайны заўсёды была важнай для беларускага грамадства, але пра генацыд раней не казалі. Даволі хутка стала зразумела, што гэта не навуковы і не юрыдычны панятак, а палітычны інструмент. Ён быў патрэбны, каб паказаць «дрэнную апазіцыю» і прадэманстраваць, што беларуская дзяржава і беларускі рэжым — ахвяры».

Гэтая нечаканая паралель паміж вайной і пратэстамі, якія раздзяляюць амаль 80 гадоў, выразна прасочваецца ў першай кнізе, выдадзенай пад рэдакцыяй Андрэя Шведа — «Генацыд беларускага народа». На вокладцы побач змешчаныя чорна-белы здымак спаленай вёскі і фатаграфія пратэстоўцаў у 2020 годзе.

«Прапагандысцкі наратыў сцвярджае, што Беларусь хацелі знішчыць у гады вайны, але пасля вайны гэтыя спробы нібыта не спыніліся, — тлумачыць Ірына Сідорская. — Краіны Захаду, маўляў, проста «ўзялі паўзу» на 80 гадоў, а цяпер праз апазіцыю, праз «пятую калону», спрабуюць зрабіць тое самае. Толькі цяпер яны нібыта знішчаюць Беларусь не праз адкрытае вайсковае ўварванне, а праз арганізацыю каляровых рэвалюцый. У іх не атрымалася ў 2020 годзе, але яны рыхтуюцца да рэваншу. Польшча, краіны Балтыі, Германія, ды іншыя краіны НАТА — гэта нібыта гістарычныя ворагі Беларусі, якія заўсёды імкнуліся знішчыць нашу краіну».

Пры гэтым прапаганда не тлумачыць, якое дачыненне злачынствы нацысцкай Германіі могуць мець да Польшчы ці краін Балтыі, якія самі пацярпелі ад акупацыі.

“Ідэалагічная сістэма рэжыму вельмі простая, — дадае Ірына Сідорская. — Прапаганда будуе чорна-белую карціну свету: ёсць Беларусь, а вакол — ворагі (усе, акрамя Расіі). Мэта — прымусіць грамадства згуртавацца вакол улады. Калі краіна нібыта ў такой страшнай пагрозе, то можна апраўдаць і звужэнне свабод, і эканамічны крызіс, і рэпрэсіі, і мілітарызацыю. Пэўныя супярэчнасці ў гэтым наратыве прапаганду не спыняюць”.

Вытокі канцэпта «генацыду беларускага народа»

Канцэпт «генацыду беларускага народа» не з’яўляецца вынаходніцтвам беларускіх уладаў. Спроба выкарыстаць падобны тэрмін на афіцыйным узроўні адбылася яшчэ ў 1947 годзе падчас Нюрнберскага трыбуналу, кажа акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Праўда, тады гаворка ішла пра «генацыд савецкага народа», але асабліва вылучаліся трагедыі ўкраінцаў, рускіх і беларусаў.

“У СССР канцэпт «генацыду савецкага народа» заставаўся на перыферыі. Ён пачаў узнікаць ужо значна пазней — у 2000-х, — тлумачыць Аляксей Ластоўскі. — У гэты час ідэя генацыду актыўна выкарыстоўвалася ва Усходняй Еўропе для апісання трагедый народаў, што апынуліся паміж Сталіным і Гітлерам: спачатку ў адной акупацыі, потым у другой. Гэта падавалася як «падвойны генацыд», і, маўляў, гэтыя народы мелі права на прызнанне сваёй трагедыі. Далей панятак актыўна падхапілі кансерватыўныя палітыкі. Паступова тэрмін «генацыд» стаў больш палітычным, чым навуковым”.

Вяртанне тэрміна «генацыд савецкага народа» ў беларускую медыйную прастору не было вынікам навуковай пераацэнкі Другой сусветнай вайны. Тэрмін прыйшоў «транзітам» праз Расію, дзе гэтую ідэю пачалі актыўна рэанімаваць улады. Папулярызацыяй займаліся расійскія чыноўнікі, дзяржаўныя структуры і фонды, сярод якіх — фонд «Гістарычная памяць» пад кіраўніцтвам гісторыка Аляксандра Дзюкава.

Расейскі гісторык Аляксандр Дзюкаў
Расійскі гісторык Аляксандр Дзюкаў. Крыніца: Sputnik. Фатограф: Уладзімір Трафілаў

“Дзюкаў з 2014 года актыўна займаецца Беларуссю, часта сюды прыязджае, — адзначае Аляксей Ластоўскі. — Ён наладзіў шчыльную супрацу з беларускімі архівістамі, якія пачалі рыхтаваць зборнікі дакументаў пра нацысцкія злачынствы. Пасля 2020 года гэтыя напрацоўкі сталі асновай для канцэпта «генацыду беларускага народа»”.

У лютым 2022 года ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя шасцітомавага дакументальнага зборніка «Без срока давности». У якім сабраныя «звесткі пра злачынствы нямецкіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва». Адзін з укладальнікаў зборніка — той самы Аляксандр Дзюкаў.

Чытайце таксама: На Гродзеншчыне пракуроры і студэнты ГрДУ здымаюць новы прапагандысцкі фільм пра генацыд

"Генацыд беларускага народа". Хто прыдумаў гэты канцэпт і як пра яго пішуць медыі Гродзенскай вобласці?
Прэзентацыя зборніка «Без срока давности». Крыніца: grodnonews.by

Што не так з паняткам “генацыд” у беларускім кантэксце?

Газета «Наш час» у сакавіку 2024 года апублікавала водгук пракурора Ваўкавыскага раёна Аляксандра Пяцэвіча на цыкл кніг «Генацыд беларускага народа».

«У першай частцы выдання прадстаўлены новыя і раней невядомыя шырокай грамадскасці матэрыялы пра планаванне і рэалізацыю нацысцкай Германіяй палітыкі генацыду беларускага народа шляхам правядзення масавых карных аперацый», — цытуе пракурора Пяцевіча «Наш час».

Пракурор Ваўкавыскага раёна Аляксандр Пяцэвіч
Пракурор Ваўкавыскага раёна Аляксандр Пяцэвіч. Крыніца: volkovysknews.by

Аднак, хоць масавыя карныя аперацыі мелі месца, гістарычная навука не пацвярджае, што нацысцкая Германія праводзіла менавіта генацыд беларускага народа.

“Тут існуюць дзве тэрміналагічныя праблемы, — каментуе Аляксей Ластоўскі. — Тэрмін “генацыд” вельмі складаны: ён апісвае мэтанакіраванае вынішчэнне пэўнай сацыяльнай або этнічнай групы. Класічны выпадак — Халакост, які агульнапрызнаны генацыдам. Але калі мы кажам пра Другую сусветную вайну і тую палітыку, якую праводзіла нацысцкая Германія, яна не ставіла перад сабой мэты поўнага вынішчэння беларускага насельніцтва. Атрымліваецца, што злачынствы нацысцкіх войскаў “перакваліфікоўваюцца”, каб стварыць уражанне, што менавіта генацыд меў месца”.

Чытайце таксама: Як сціплы юрыст з-пад Ваўкавыска прыдумаў панятак “генацыд”

Па-другое, узнікае пытанне: каго лічыць “беларускім народам”? Генеральная пракуратура пераглядае лічбы, зафіксаваныя яшчэ ў савецкі час па ініцыятыве Машэрава, калі стваралі мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Тады гаварылася пра 2 мільёны 200 тысяч загінулых — кожнага чацвёртага жыхара БССР.

Цяпер жа беларускія ўлады імкнуцца максімальна павялічыць агульную колькасць ахвяр, каб прадставіць яе як маштаб генацыду. Таму, па-першае, у катэгорыю «беларускі народ» уключаюцца яўрэі — і мясцовыя, і тыя, каго прывозілі з Заходняй Еўропы і забівалі на тэрыторыі Беларусі.

Таксама да «беларускіх ахвяр» прылічваюць савецкіх ваеннапалонных, загінулых у Беларусі. Але Беларусь была зонай актыўнага наступлення Вермахта на пачатку вайны, і менавіта тут у палон трапіла вялізная колькасць чырвонаармейцаў. Аднак большасць з іх не былі беларусамі, а паходзілі з самых розных рэгіёнаў СССР.

Яшчэ адзін цікавы элемент — спробы беларускіх уладаў адшукаць асоб, якія здзяйснялі ваенныя злачынствы падчас Другой Сусветнай вайны, і прыцягнуць іх да суда. “Бераставіцкая газета” паведамляе, што ў жніўні 2025 года пракурор раёна Вадзім Кажэцкі правёў сустрэчу з супрацоўнікамі мясцовай ЖКГ. Пракуроры рэгулярна праводзяць такія сустрэчы з калектывамі розных бюджэтных устаноў і расказваюць пра ход расследавання «генацыду беларускага народа». Падчас гэтай сустрэчы Вадзім Кажэцкі заявіў, што «вядзецца работа па прыцягненні да адказнасці асоб, датычных да генацыду». Беларускую пракуратуру не спыняе нават тое, што абсалютная большасць гэтых асоб даўно пайшла з жыцця.

Слайд з прэзентацыі пракурора Бераставіцкага раёна Вадзіма Кажэцкага пра генацыд беларускага народу
Слайд з прэзентацыі пракурора Бераставіцкага раёна Вадзіма Кажэцкага. Крыніца: beresta.by. Фатографка: Святлана Ганчарова

“Насамрэч існуюць і існавалі спробы пераводзіць такога кшталту гістарычныя факты ў юрыдычнае рэчышча, — адзначае Аляксей Ластоўскі. — Напрыклад, ва Украіне ўздымалі тэму Галадамору і прынялі спецыяльны закон, які прызнае Галадамор актам генацыду ўкраінскага народа. Я думаю, што гэта стала адным з узораў для таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі з гісторыяй пра “генацыд”. Але судовыя працэсы над людзьмі, якія даўно памерлі, — гэта юрыдычны нонсэнс і парушэнне базавых судовых нормаў. У судзе павінен існаваць бок абвінавачвання і бок абароны. Калі няма боку абароны, пра што тут увогуле можа ісці гаворка?”

Чаму гэта ўсё небяспечна?

Тэма «генацыду беларускага народа» займае ўсё больш месца ў медыйнай прасторы Беларусі. Бюджэтныя арганізацыі абавязаныя праводзіць рэгулярныя сустрэчы з калектывамі, публікаваць матэрыялы на сваіх сайтах і ладзіць адмысловыя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай тэмай.

Можа падавацца, што ў гэтым няма нічога надзвычайнага: беларускія ўлады даўно выкарыстоўваюць тэму Другой сусветнай вайны для ўласнай легітымізацыі. Яны таксама рэгулярна прымушаюць супрацоўнкаў бюджэтных арганізацый удзельнічаць у «патрыятычных акцыях» на пэўныя тэмы. Аднак у падыходзе да тэмы «генацыду беларускага народа» сапраўды з’явіўся новы элемент.

“Калі ў беларускага народа фармуецца рэсэнтымент — маўляў, мы былі аб’ектам генацыду з боку Захаду, а нам раней падавалася, што ў нас добрыя стасункі, — гэта становіцца вельмі падобным да расійскага “можам паўтарыць”, — лічыць Ірына Сідорская. — Мяне таксама непакоіць наратыў пра “абранасць беларускага народа” ў дрэнным сэнсе гэтага слова. Маўляў, ніхто так не пацярпеў у Другой сусветнай вайне, як беларусы. З аднаго боку — мы “ахвяры генацыду”, з другога — “пераможцы ў вайне”. Да місіянства адсюль адзін крок. На хвалі сённяшняга папулізму гэта лёгка можа “зайсці” людзям”.

“Беларускія ўлады не ставяць перад сабой задачу высветліць, што насамрэч адбывалася і хто быў вінаваты, — адзначае Аляксей Ластоўскі. — Усё зводзіцца да чорна-белай схемы: ёсць “мы” і ёсць “ворагі з Захаду”. Увесь гэты канцэпт выкарыстоўваецца выключна ў палітычных мэтах, калі праводзяцца паралелі з палітычнымі пратэстамі і праціўнікамі рэжыму Лукашэнкі”.

Чытайце таксама: 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы 

Пры гэтым ні тэма Халакосту ў Беларусі, ні гісторыі спаленых вёсак не прадстаўленыя ў афіцыйным дыскурсе на належным узроўні. У публікацыях пра «генацыд беларускага народа» знішчэнне яўрэйскага насельніцтва амаль не згадваецца. Так жа, як амаль няма і помнікаў ахвярам Халакосту, хоць у краіне рэгулярна ўсталёўваюць мемарыялы пад эгідай «генацыду беларускага народа». Нават гісторыі жыхароў спаленых вёсак, якімі займаўся ўжо згаданы расійскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, не атрымліваюць належнага ўшанавання ад беларускай улады. Як адзначае гісторык Уладзімір Лобач, на месцы многіх спаленых вёсак няма нават памятнага знака.

“У значнай ступені гэтую тэму «падмяла» пад сябе Генеральная пракуратура, — каментуе Аляксей Ластоўскі. — Яна не зацікаўленая ў тым, каб ёю займаліся прафесійныя гісторыкі, бо тады паўстане шмат пытанняў, якія ўладзе не патрэбныя”.

Ці будзе карысць з пошукаў ворага?

Аднак пэўная карысць ад гэтай гісторыі ўсё ж ёсць. Сапраўды, былі выяўленыя і даследаваныя месцы пахаванняў, раней невядомыя: як пахаванні ваеннапалонных, так і шмат месцаў, звязаных з вынішчэннем яўрэйскага насельніцтва. Сам факт, што такія даследаванні адбываюцца, можна лічыць хаця б нейкім пазітывам у гэтым працэсе.

“Можа, мае сэнс і тое, што ўздымаецца тэма карных аперацый і спаленых вёсак, бо існуе пэўная лакуна ў еўрапейскай гістарычнай свядомасці: тэма Халакосту вельмі прысутная, а вось тэма знішчаных беларускіх вёсак — маргінальная, нават у межах даследаванняў Другой сусветнай вайны. І гэтую тэму сапраўды варта пашыраць. Аднак рабіць гэта нельга такім чынам — праз маніпуляцыі з лічбамі, дакументамі і прывязку да сучасных палітычных задач”.