Уладзіміра Сыраквашына з вёскі Пархімаўцы Бераставіцкага раёна ў Гродне многія ведаюць дзякуючы яго цацкам з металалому. Увесь дробны другагатунковы матэрыял, які паддаецца зварцы, Уладзімір выкарыстоўвае для сваіх работ.

Усё пачалося з цмока

Асвойваць незвычайную справу мужчына пачаў адразу пасля службы ў войску. Да арміі Уладзімір працаваў у СВК “Пархімаўцы” электрагазазваршчыкам, там і стварыў першую сваю працу – дракона з металалому.

“Ішоў па майстэрні, убачыў кардан ў металаломе. Надта ён нагадваў галаву, вось толькі чыю, я тады не ведаў. Пазней атрымалася галава цмока. Пасля арміі, калі стаў выбар куды ісці на працу – вырашыў у кавалі, хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай справе”, – распавядае Уладзімір.

9

Цяпер мужчына займаецца вырабам каваных платоў, парэнчаў, сходаў, агароджаў і іншых вырабаў з металу. Праца ў асноўным звязана са зваркай. У вольны час ці ў выходныя ён у майстэрні займаецца сваім хобі.

Нешта прадаецца, а нешта дарыцца

У ход ідзе ўсё, што паддаецца зварцы: гайкі, балты, падшыпнікі, свечкі, шайбы і іншыя адпрацаваныя аўтазапчасткі, кавалкі бляхі. З іх з’яўляюцца дзіўныя машыны, матацыклы, квадрацыклы, верталёты і іншыя мадэлі.

“Працую з металаломам, які застаецца ад рамонту майго аўтамабіля або аўто знаёмых. Сябры, якія ведаюць аб маім хобі, аддаюць мне матэрыял. Некаторыя элементы прыходзіцца купляць асобна. Частка маіх работ служыць падарункамі для сяброў і знаёмых, нешта атрымоўваецца прадаць, а нешта застаецца ў маёй калекцыі”.

Многія пытаюцца ва Уладзіміра, адкуль у яго натхненне на ўсе працы. Ён адказвае – у галаве. Яму проста падабаецца працаваць з металам – рабіць нешта сваё, незвычайнае.

З куба атрымаўся WALL-E

Уладзімір кажа, што ён не адзіны, хто ў Гродне займаецца такой працай. Проста не кожны пра сябе заяўляе. Сам ён камунікуе з калегамі з Расіі. У размове майстры дзеляцца вопытам, коштамі і планамі.

“Апошнім часам я асвойваю аргонную зварку. Нядаўна зрабіў цікавую працу па любімым мультфільме WALL-E. Спачатку зрабіў куб. Ён доўга ляжаў і ўвесь час трапляўся на вочы. Надта ён быў падобны да WALL-E, вось і я вырашыў яго дарабіць.

А вось рыцара з дроту пад фільм рабіў. Глядзеў фільм і займаўся гэтай працай, бо заўсёды хацеў паспрабаваць зрабіць нешта з дроту”.

13

“Дарабіць сваю майстэрню i магчымасцяў будзе больш”

Зараз у калекцыі Уладзіміра больш за 15 незвычайных работ. Гэта матацыклы, машынкі, скарпіёны, падсвечнікі  У планах – дарабіць сваю майстэрню і арганізаваць уласную выставу.

“Пакуль я збіраю дробныя цацкі з металалому, а праз паўгода можа атрымаецца і нешта буйней, а можа наогул від дзейнасці змяню. Жыццё рухаецца наперад, я таксама не стаю на месцы. Што дакладна ведаю – трэба дарабіць сваю майстэрню”.

Праз Hrodna.life Уладзімір звяртаецца да гродзенцаў, у якіх ёсць непатрэбныя адпрацаваныя аўтазапчасткі, якiмi яны маглі б з ім падзяліцца. Мужчына гатовы выехаць на месца.

Усю інфармацыю пра Уладзіміра, можна знайсці ў яго групе ў Вконтакте.