Быў псіхіятрам, стаў фатографам. Яўген Бузук распавёў, як памяняў прафесію і знайшоў сябе

У калекцыі ў 41-гадовага фатографа з Гродна Яўгена Бузука больш за дзясятак узнагарод сусветнага ўзроўню. Яго працы ўдастоіліся «золата» Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва і Брытанскай фатаграфічнай асацыяцыі, Асацыяцыі фатографаў Азербайджана, Славеніі, Сербіі і іншых краін. Але нават у Гродна мала хто ведае, што вядомы фатограф спачатку скончыў медуніверсітэт і працаваў лекарам-псіхіятрам. Пра тое, як аднойчы рызыкнуў і памяняў працу на жаданне спыніць імгненне, Яўген Бузук распавёў Hrodna.life.

Яўген Бузук, 41 год. Фатограф. Здымае партрэты, ню, жанравыя фота. Для здымак выкарыстоўвае лічбавыя камеры «Fujifilm», а таксама стары плёнкавы «Зеніт», «ФЭД» і «Bronica». У 2020 годзе атрымаў званне «мастак FIAP» — Fédération Internationale de l’art Photographique — Міжнароднай федэрацыяі фотамастацтва, створанай у 1950 годзе.

«Ц і прэстыжна гэта? Так. Ці прыносіць гэта дадатковую славу, вядомасць і грошы? Не. Але ўсё ж, вельмі прыемна ўсведамляць, што твае працы адзначаны калегамі, а сам ты дамогся прызнання ў мастацкім асяроддзі».

Варта рызыкнуць, а калі спатрэбіцца — рызыкнуць яшчэ і яшчэ раз

З 2005 па 2011 год Яўген выкладаў на кафедры, лекаваў людзей і пісаў дысертацыю. Па адукацыі ён урач-псіхіятр. Але фатаграфія заўсёды была побач. Дзядуля і тата Яўгена былі захопленымі фотааматарамі.

Аднойчы Яўген вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё. У той момант ён ужо зарабляў фатаграфіяй больш, чым працай у псіхіятрыі.

Але галоўнай прычынай для змены прафесіі сталі не грошы.

«Змена дзейнасці часцей за ўсё прыходзіць з расчараваннем у сваёй прафесіі, — кажа Яўген. — Фінансавы правал — гэта дробязі ў параўнанні з расчараваннем у тым, чым займаешся. Калі новая праца прынясе менш грошай, але больш задавальнення — рызыкаваць варта. Правалу і няўдачы баяцца ўсе. Гэта абсалютна нармальна. Яны бываюць у многіх. Варта рызыкнуць, а калі спатрэбіцца — рызыкнуць яшчэ і яшчэ раз»

Назусім пакінуць медыцыну ў Яўгена не атрымалася. Праз пару гадоў ён усё ж вярнуўся да прафесіі. Зараз ён — рэгіянальны менеджэр адной камерцыйнай медыцынскай лабараторыі. Займаецца продажамі, перамовамі і арганізацыяй працы.

Веды з вобласці псіхіятрыі спатрэбіліся і ў практыцы фатаграфіі. Уменне слухаць, назіраць за мімікай, паставай, інтанацыямі людзей дапамагаюць злавіць цікавыя кадры.

«Інакш шлях адзін — уніз»

Калі Яўген толькі пачынаў фатаграфаваць, уся яго адукацыя складалася з кніг і інтэрнэту. Але праз пару гадоў зразумеў - нават найлепшыя кнігі не заменяць сістэмы навучання. Таму паехаў вучыцца спачатку ў Маскву, потым Менск, Рыгу і Вільню. «Хапаў веды, дзе толькі была магчымасць».

Вучыцца і працаваць кожны дзень фатографу трэба заўсёды. Гэта не той бізнэс, які можна паставіць на ногі і потым толькі пажынаць плён.

«Без твайго асабістага ўдзелу і дадатку сілаў тут нічога працаваць не будзе. Хто выбірае для сябе гэтую прафесію, павінен быць гатовы да штодзённага працы. Таксама патрэбна высокая самадысцыпліна і самаарганізацыя. Каб быць паспяховым фатографам, трэба шмат умець, багата ведаць. Але куды важней — здольнасць сабрацца ў патрэбны момант і паказаць усё, на што ты здольны. Інакш шлях адзін — уніз».

Адна з працаў Яўгена Бузука, якія найбольш часта ўзнагароджваюцца. Балтыйскае мора, 2014 год

Жывы момант ці фота — што выбірае фатограф

Яўген распавёў, што чэрпае натхненне з стасункаў з сям’ёй, новых знаёмстваў і падарожжаў. Любіць паслухаць добрую музыку, пагартаць альбомы класікаў фатаграфіі, пачытаць цікавую кнігу або комікс.

«Было б занадта саманадзейна сцвярджаць, што я паказваю іх душы», — кажа Яўген. Але стараецца глядзець на герояў фотасюжэтаў з павагай і любоўю.

Аб прафесійных марах Бузук кажа, што «хацеў бы сфатаграфаваць Нюрнбергскі працэс». Назваць свае лепшыя, або ўлюбёныя працы фатограф не бярэцца. Лічыць, што яны яшчэ наперадзе. Але нават калі надзеі не апраўдаюцца — ён не змаркоціцца.

«Калі гэтыя працы наогул ніколі не будуць знятыя і застануцца толькі ў маіх марах — гэта, у сутнасці, таксама нядрэнна. У рэшце рэшт, нават будучы фатографам, я аддаю перавагу бачыць момант не праз відашукальнік, а ўжывую».

Адзін са здымкаў, адзначаных медалём

«Пра ўзнагароды трэба своечасова забываць»

Сваю калекцыю ўзнагарод Яўген апошні раз успамінаў, калі адказваў на пытанні для Hrodna.life. Кажа, да гэтага моманту не памятае нават, калі трымаў у руках. Некалькі гадоў таму частку ўзнагарод Яўген аддаў гродзенскаму ліцэю № 1 у музей фатаграфіі. Да гэтага дыпломы і медалі ляжалі на лецішчы, а так на іх можа хоць хтосьці паглядзець.

«Галоўнае, што варта сказаць пра ўзнагароды — пра іх трэба своечасова забываць, — мяркуе Яўген. — Атрымаўшы чарговы медаль, не трэба думаць, што зараз ты дамогся ўсяго. Кожная новая здымка — гэта выклік не меншы, чым [удзел] у прэстыжным конкурсе».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024