У калекцыі ў 41-гадовага фатографа з Гродна Яўгена Бузука больш за дзясятак узнагарод сусветнага ўзроўню. Яго працы ўдастоіліся “золата” Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва і Брытанскай фатаграфічнай асацыяцыі, Асацыяцыі фатографаў Азербайджана, Славеніі, Сербіі і іншых краін. Але нават у Гродна мала хто ведае, што вядомы фатограф спачатку скончыў медуніверсітэт і працаваў лекарам-псіхіятрам. Пра тое, як аднойчы рызыкнуў і памяняў працу на жаданне спыніць імгненне, Яўген Бузук распавёў Hrodna.life.
Яўген Бузук, 41 год. Фатограф. Здымае партрэты, ню, жанравыя фота. Для здымак выкарыстоўвае лічбавыя камеры “Fujifilm”, а таксама стары плёнкавы “Зеніт”, “ФЭД” і “Bronica”. У 2020 годзе атрымаў званне “мастак FIAP” – Fédération Internationale de l’art Photographique – Міжнароднай федэрацыяі фотамастацтва, створанай у 1950 годзе.
“Ц і прэстыжна гэта? Так. Ці прыносіць гэта дадатковую славу, вядомасць і грошы? Не. Але ўсё ж, вельмі прыемна ўсведамляць, што твае працы адзначаны калегамі, а сам ты дамогся прызнання ў мастацкім асяроддзі”.
Варта рызыкнуць, а калі спатрэбіцца – рызыкнуць яшчэ і яшчэ раз
З 2005 па 2011 год Яўген выкладаў на кафедры, лекаваў людзей і пісаў дысертацыю. Па адукацыі ён урач-псіхіятр. Але фатаграфія заўсёды была побач. Дзядуля і тата Яўгена былі захопленымі фотааматарамі.
Аднойчы Яўген вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё. У той момант ён ужо зарабляў фатаграфіяй больш, чым працай у псіхіятрыі.
Але галоўнай прычынай для змены прафесіі сталі не грошы.

Назусім пакінуць медыцыну ў Яўгена не атрымалася. Праз пару гадоў ён усё ж вярнуўся да прафесіі. Зараз ён – рэгіянальны менеджэр адной камерцыйнай медыцынскай лабараторыі. Займаецца продажамі, перамовамі і арганізацыяй працы.
Веды з вобласці псіхіятрыі спатрэбіліся і ў практыцы фатаграфіі. Уменне слухаць, назіраць за мімікай, паставай, інтанацыямі людзей дапамагаюць злавіць цікавыя кадры.
“Інакш шлях адзін – уніз”
Калі Яўген толькі пачынаў фатаграфаваць, уся яго адукацыя складалася з кніг і інтэрнэту. Але праз пару гадоў зразумеў – нават найлепшыя кнігі не заменяць сістэмы навучання. Таму паехаў вучыцца спачатку ў Маскву, потым Менск, Рыгу і Вільню. “Хапаў веды, дзе толькі была магчымасць”.
Вучыцца і працаваць кожны дзень фатографу трэба заўсёды. Гэта не той бізнэс, які можна паставіць на ногі і потым толькі пажынаць плён.
“Без твайго асабістага ўдзелу і дадатку сілаў тут нічога працаваць не будзе. Хто выбірае для сябе гэтую прафесію, павінен быць гатовы да штодзённага працы. Таксама патрэбна высокая самадысцыпліна і самаарганізацыя. Каб быць паспяховым фатографам, трэба шмат умець, багата ведаць. Але куды важней – здольнасць сабрацца ў патрэбны момант і паказаць усё, на што ты здольны. Інакш шлях адзін – уніз”.

Жывы момант ці фота – што выбірае фатограф
Яўген распавёў, што чэрпае натхненне з стасункаў з сям’ёй, новых знаёмстваў і падарожжаў. Любіць паслухаць добрую музыку, пагартаць альбомы класікаў фатаграфіі, пачытаць цікавую кнігу або комікс.
«Было б занадта саманадзейна сцвярджаць, што я паказваю іх душы», — кажа Яўген. Але стараецца глядзець на герояў фотасюжэтаў з павагай і любоўю.
Аб прафесійных марах Бузук кажа, што “хацеў бы сфатаграфаваць Нюрнбергскі працэс”. Назваць свае лепшыя, або ўлюбёныя працы фатограф не бярэцца. Лічыць, што яны яшчэ наперадзе. Але нават калі надзеі не апраўдаюцца – ён не змаркоціцца.
“Калі гэтыя працы наогул ніколі не будуць знятыя і застануцца толькі ў маіх марах – гэта, у сутнасці, таксама нядрэнна. У рэшце рэшт, нават будучы фатографам, я аддаю перавагу бачыць момант не праз відашукальнік, а ўжывую».

“Пра ўзнагароды трэба своечасова забываць”
Сваю калекцыю ўзнагарод Яўген апошні раз успамінаў, калі адказваў на пытанні для Hrodna.life. Кажа, да гэтага моманту не памятае нават, калі трымаў у руках. Некалькі гадоў таму частку ўзнагарод Яўген аддаў гродзенскаму ліцэю № 1 у музей фатаграфіі. Да гэтага дыпломы і медалі ляжалі на лецішчы, а так на іх можа хоць хтосьці паглядзець.
“Галоўнае, што варта сказаць пра ўзнагароды – пра іх трэба своечасова забываць, — мяркуе Яўген. – Атрымаўшы чарговы медаль, не трэба думаць, што зараз ты дамогся ўсяго. Кожная новая здымка – гэта выклік не меншы, чым [удзел] у прэстыжным конкурсе».

Чытайце таксама:
- «Фота № 1, Ажэшкі, 14». Фатограф з «Ландыша» распавёў, як 50 гадоў здымаў гродзенцаў і горад
- «Ніколі не лічыў, што маю талент». Гісторык, фатограф і байкер Сяргей Марозаў аб творчасці, працы і планах
- Хацела танцаваць, а стала фатографам. Святлана Лебедзь пра танцы па абодва бакі фотакамеры
- «Ён сышоў, а работы яго прыйшлі». Першая выстава правінцыйнага фатографа прайшла праз 17 год пасля смерці аўтара









