Гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч у эміграцыі збірае старыя фотаздымкі Гродна. Адна з крыніц папаўнення калекцыі – сямейныя архівы. Іншая – пакупка фота на аўкцыёнах. Колькі каштуе такое хобі і што можна знайсці на інтэрнэт-пляцоўках?

Карта Гродна 1937
Фаотаздымкі Руслана Кулевіча. Фота: Hrodna.life

Стаў калекцыянерам пасля знаёмства з Кастусём Шыталем

“Я ніколі не купляў фотаздымкі, бо мне іх заўсёды давалі. Але апошнім часам, калі я пазнаёміўся з Кастусём Шыталем [краязнаўца з Глыбокага, які зараз жыве ў Беластоку – Hrodna.life], я стаў набываць фотаздымкі на аўкцыёнах. То бок зараз мяне можна назваць калекцыянерам”, – рассказаў Руслан Кулевіч.

Цана фота звычайна – €16-20. Але яна можа расці ў залежнасці ад колькасці зацікаўленых. “Бывае, што фотаздымкі даходзяць да $100. Рэкорд быў $240 – фота зробленае з Фарнага касцёла на Сафійскі сабор”.

Здымкі з Гродна знаходзіць нават у Канадзе

Самы дарагі фотаздымак, які набыў Руслан Кулевіч, каштаваў €30 разам з дастаўкай. Апошнім часам ён набывае фотаздымкі з Канады. “Там у мужчыны ёсць нямецкія альбомы, якія той распрадае”. 

Нават у эміграцыі можна займацца Гродна і папаўняць калекцыю, лічыць Руслан і ставіць у прыклад Фелікса Варашыльскага.  

Фелікс Варашыльскі – калекцыянер паштовак, гравюр і гістарычных дакументаў аб старым Гродне. Яго дзед Рыгор Варашыльскі быў гродзенскім лекарам у пачатку XX стагоддзя і валодаў будынкам на сучаснай вуліцы Васілька, 10. 

Чытайце таксама: Калекцыя Кулевіча: паказваем і расказваем пра старыя фота Гродна, якія журналіст здабыў у выгнанні

“Чытачы шукалі на фота сваіх бабуль”

Першыя фотаздымкі, якія Руслан Кулевіч набыў на аўкцыёне – 1946 года. На іх бачна польскую школу №2 на сучаснай вуліцы Валковіча. Таксама ёсць фота навучэнцаў школы. 

Польская школа ў Гродне ў 1946 годзе знаходзілася на вуліцы Паўночнай (зараз Валковіча)
Навучэнцы “Польскай сярэдняй школы №2” у 1946 годзе. Фота: Hrodna.life

“Я набыў, бо гэта гісторыя. Мала хто з гродзенцаў ведае, што там была пасляваенная польская школа. За ўсе фотаздымкі заплаціў дзесці €20. На фотаздымках можа ўбачыць, як апраналася пасляваенная моладзь. Некаторыя нашыя чытачы нават шукалі сваіх бабуль і дзядуль на гэтых фотаздымках, бо яны там навучаліся”. 

Раней Кулевіч намагаўся не набываць пасляваенныя фота. “Зараз разумею, што і савецкія фота будуць рэдкасцю”. 

“Краязназнаўцы думалі, што гэта фоташоп”

Яшчэ адзін фотаздымак Руслан набыў на аўкцыёне за €20. “Гродзенскія краязнаўцы думалі, што гэта фоташоп. Я набыў, баяўся, але гэта арыгінальны фотаздымак на ўездзе ў Гродна. Дзе дакладна невядома”. На думку рэдакцыі Hrodna.life, гэты будынак мог знаходзіцца недзе ў раёне “Палестыны” – паміж чыгуначнай станцыяй “Ласосна” і сучаснай тытунёвай фабрыкай.

Пад фотаздымкам ёсць подпіс на нямецкай мове “Неабыякавае месца для мяне”. 

Старое фота Гродна з калекцыі Руслана Кулевіча. На ім бачна чыгуначную станцыю Гродна
Фотаздымак з калекцыі Руслана Кулевіча. Фота: Hrodna.life

“Ён уланскі. Трэба вяртаць гэтую назву”

Адзін з фотаздымкаў зроблены ў першыя дні акупацыі Гродна нямецкімі войскамі падчас Другой сусветнай вайны. Ён зроблены з вуліцы Ліповай [сучасная Гарнавых – Hrodna.life]. На ім бачны разбураныя будынкі, нямецкую вайсковую тэхніку, а таксама Уланскі мост [сённяшні мост на Дарвіна – над вуліцай Гарнавых – Hrodna.life].

Гродна ў першыя дні нямецкай акупацыі ў 1941 годзе
Фота Гродна ў першыя дні нямецкай акупацыі ў 1941 годзе. На заднем фоне Уланскі мост. Фота: Hrodna.life

“Старажылы заўсёды казалі “Уланскі мост”. Я думаў: “Што за Уланскі мост?”. Але раней там была вуліца Уланская [сучасная Дарвіна – Hrodna.life] і мост называлі Уланскі. Зараз ніхто не ведае, што ў гэтага моста ёсць назва. А ён Уланскі, трэба вяртаць гэтую назву”, – лічыць Руслан Кулевіч.