Людзі і справы

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу

Больш за 70 прадстаўнічак бізнесу сабраў 12 кастрычніка ў Гродне бізнес-форум «Жанчыны, што змяняюць свет». На ім прадставілі праграмы падтрымкі для жанчын і досвед паспяховых жаночых праектаў у бізнесе.

Калі страшна — гэта добра. Чаму варта сустракацца з калегамі

Зараз тыповы беларускі прадпрымальнік — мужчына. Іх большасць у малым і сярэднім бізнесе краіны. А вось сярод тых, хто збіраецца адкрыць свой бізнес, ужо пераважаюць жанчыны. Іх сярод ахвотных 63%. Каб падтрымаць іх бізнес на старце, банкі і вялікія кампаніі прапануюць фінансавую падтрымку, а трэнеры і коўчы — навучанне.

«Страхі на пачатку ўласнай справы маюць усе, — казала псіхолаг і коўч Алена Лугаўцова. — Проста ў нашай культуры мужчын вучаць не паказваць страхі, не абмяркоўваць іх публічна. А сярод жанчын больш прынята абмяркоўваць складанасці. Таму большасць гісторый пра страхі - менавіта жаночыя».

Алёна Лугаўцова распавяла пра страхі, якія ўзнікаюць на пачатку ўласнай справы, і як з імі змагацца
Паводле Алёны, магчымасць распавесці пра свае апасенні на пачатку бізнеса — моцны бок жанчын. «Калі ты гаворыш, то ёсць магчымасць быць пачутай і атрымаць падтрымку. Напэўна, знойдзецца чалавек, што скажа: «Ведаеш, у мяне было таксама. Я гэта прайшла і магу табе дапамагчы».

«У такіх праектах людзі знаходзяць сябе»

Пра некалькі такіх магчымасцяў расказала намесніца генеральнага дырэктара кампаніі Cocа-Cola Марына Бароўка.

«Нашы праграмы падтрымкі жанчын найперш для тых, хто працуе ў галіне вытворчасці арганічных прадуктаў ці рамесніцтве. Як правіла, гэта жанчыны з рэгіёнаў, прадпрымальніцы з аграрнай сферы. Ёсць таксама праграма для падтрымкі маладых жанчын. Яе зараз пратэставалі ў Мінску і таксама будзем пераносіць на рэгіёны».

Марына Бароўка пазнаёміла з праграмамі падтрымкі кампаніі Coca-Cola
Праграмы падтрымкі жаночага бізнесу ад кампаніі Cocа-Cola існуюць ужо каля 10 гадоў. «У такіх праектах людзі не губляюцца, а знаходзяць сябе, — кажа Марына Бароўка. — Зараз многія з тых, што раней атрымалі дапамогу ці праходзілі навучанне ў нашых праектах, хочуць і самі дапамагаюць грамадству. За час працы склалася надзейная суполка жаночага бізнесу. Можа, яна пакуль не вельмі вялікая, але вельмі эфектыўная».
Удзельніцы форуму на пасяджэнні

Як выйсці з зоны камфорту і зрабіць крок наперад

На пачатку бізнеса кожны апасаецца паразы. Бо пайсці ў бізнес — гэта адмовіцца ад сталай працы з хоць невялікай, але стабільнай зарплатай і упэўненасцю ў заўтрашнім дні. «Тыя, хто вырашаюць ісці ў бізнес, не проста выходзяць з зоны камфорту, — зазначае Алена Лугаўцова. — Яны ідуць у невядомасць. А страх невядомасці заўжды ідзе поруч са страхам паразы. Там мноства „а што, калі?“ і гэтыя сумневы маюць уласціваць памнажацца. Калі на пачатку бізнесу жанчына застаецца адна, ці ў атачэнні, якое не дае падтрымкі, яна, хутчэй за ўсё, не зробіць ніводнага кроку наперад. Таму для развіцця жаночага бізнесу вельмі важна стварыць супольнасць, праводзіць такія сустрэчы. На іх жанчыны могуць убачыць — мой страх не ўнікальны, так бывае з кожнай і ёсць жанчыны, што змаглі яго пераадолець».

Наталля Пракапук, спікерка форуму, распавядае пра сваю аграсядзібу «Валерыя», дзе яна распачала сваю справу
Паводле Алёны, першы крок у пераадоленні страхаў - рацыяналізацыя.

«Нашы страхі іррацыянальныя. Іх трэба рацыяналізаваць. Папросту — прапісаць на паперы усе магчымыя варыянты разіцця падзей. «Што я страчу, калі пачну» і «што я страчу, калі не пачну», што я атрымаю ці не атрымаю, калі нічога не буду змяняць. «Самае важнае, вызначыць кошт дзеяння і бяздзеяння. Тады можна больш ясна ацаніць увесь расклад».

Пра падтрымку ад Белаграпрамбанка расказала кіраўнічка карпаратыўнага дэпартамента банка Святлана Кончыц. «Зараз мы надаём вялікую ўвагу падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. І маю адзначыць, што прадпрымальніцтва з жаночым тварам выглядае вельмі канкурэнтаздольным. Жанчыны пачынаюць бізнес прадумана, узважана і без завышаных рызыкаў. Гэта бізнес, які зразумелы для інвестыцый і перспектыўны для падтрымкі».


«Клуб моцных жанчын?». У Гродне прайшоў круглы стол пра гендарныя стэрэатыпы і выклікі

Святлана Кончыц з «Белаграпрамбанк» расказала аб «жаночым твары» бізнесу і магчымасцях падтрымкі на старце бізнесу
Па статыстыцы, зараз сярод прадпрымальнікаў Беларусі большасць складаюць мужчыны. Іх больш у 2,5 разы. Тыповы беларускі прадпрымальнік мае 41 год і зарабляе 5,6 тысяч у месяц. Сфера яго занятасці - гандаль, нерухомасць, аўтамабілі і транспартныя паслугі. Тыповая жанчына-прадпрымальніца мае 44 гады, заразбляе 4,9 тысяч штомесяц і займаецца гандлем, нерухомасцю ці бухгалтарскімі паслугамі. Але супрацоўнікі банка заўважаюць, што цікавасць жанчын да бізнесу зараз расце.

«Зараз жанчын у бізнесе менш, таму гэта перспектыўная ніша. Як правіла, раней жанчыны працавалі на вялікіх прадпрыемствах, каторыя зараз скарачаюцца. Актыўнасць сыходзіць у сферу малога бізнесу, а тут жанчынам ёсць у чым сябе паказаць».

Зараз назіраецца змяншенне цікавасці да гандлю, як асноўнага віду бізнеса, і ў банку прагназуюць росквіт «крэатыўнага прадпрымальніцтва».

«Жанчыны дакладна разумеюць, што могуць прапанаваць рынку нешта сваё, ствараюць унікальныя прадукты і бізнес-мадэлі. Напэўна, за такімі жанчынамі - будучыня», — мяркуе Святлана Кончыц.

Аксана Якуцэвіч, пераможца конкурса прыгажосці сярод жанчын на вазку. Форум натхніў яе задумацца пра ўласную справу — арганізацыю інклюзіўных конкурсаў прыгажосці ў Беларусі
Для Гродзенскай установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў адна з перспектыўных задач — падтрымка і развіццё ініцыятывы, дапамога ў прасоўванні праектаў, — казала кіраўнічка стартап-школы ў Гродне Таццяна Камендант. — Мы ўвесь час самі праводзім майстар-класы і сустрэчы з экспертамі, бізнес-анёламі, інвестарамі і прадпрымальнікамі. Удзел у жаночым бізнес-форумме стаў для мяне асабіста яшчэ адной магчымасцю сустрэцца з цікавымі і амбітнымі асобамі. Такія сустрэчы дапамагаюць у рэалізацыі сябе".
Таццяна Чысцякова, арганізатарка форума, заснавальніца праекта «Акадэмія жаночага бізнесу»
Арганізатарка форума «Жанчыны, што змяняюць свет», Таццяна Чысцякова, зазначае, што форум атрымаўся карысным і цікавым. Галоўная каштоўнасць сустрэчы, што ўдалося сабраць шмат зацікаўленых у развіцці бізнеса жанчын і шмат экспертаў, чыя падтрымка будзе патрэбна начынаючым прадпрымальніцам. У планах Таццяны Чысцяковай стварыць у Гродне «Акадэмію жаночага бізнесу».

«Форум паказаў, што такая установа патрэбна, што жанчынам цікава гэтая сфера дзейнасці. Тыя, што сёння расказвалі пра свой досвед, пра свае поспехі і паразы, змогуць стаць экспертамі і кансультантамі для жанчын, што хочуць стартаваць у бізнесе зараз. Для жаночай акадэміі гэта будзе рэсурс дапамогі і падтрымкі».


Таццяна Чысцякова: «Мяняць жыццё я пачала ўжо за 50»

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024