Больш за 70 прадстаўнічак бізнесу сабраў 12 кастрычніка ў Гродне бізнес-форум «Жанчыны, што змяняюць свет». На ім прадставілі праграмы падтрымкі для жанчын і досвед паспяховых жаночых праектаў у бізнесе.
Калі страшна — гэта добра. Чаму варта сустракацца з калегамі
Зараз тыповы беларускі прадпрымальнік — мужчына. Іх большасць у малым і сярэднім бізнесе краіны. А вось сярод тых, хто збіраецца адкрыць свой бізнес, ужо пераважаюць жанчыны. Іх сярод ахвотных 63%. Каб падтрымаць іх бізнес на старце, банкі і вялікія кампаніі прапануюць фінансавую падтрымку, а трэнеры і коўчы — навучанне.
«Страхі на пачатку ўласнай справы маюць усе, — казала псіхолаг і коўч Алена Лугаўцова. — Проста ў нашай культуры мужчын вучаць не паказваць страхі, не абмяркоўваць іх публічна. А сярод жанчын больш прынята абмяркоўваць складанасці. Таму большасць гісторый пра страхі - менавіта жаночыя».
«У такіх праектах людзі знаходзяць сябе»
Пра некалькі такіх магчымасцяў расказала намесніца генеральнага дырэктара кампаніі Cocа-Cola Марына Бароўка.
«Нашы праграмы падтрымкі жанчын найперш для тых, хто працуе ў галіне вытворчасці арганічных прадуктаў ці рамесніцтве. Як правіла, гэта жанчыны з рэгіёнаў, прадпрымальніцы з аграрнай сферы. Ёсць таксама праграма для падтрымкі маладых жанчын. Яе зараз пратэставалі ў Мінску і таксама будзем пераносіць на рэгіёны».
Як выйсці з зоны камфорту і зрабіць крок наперад
На пачатку бізнеса кожны апасаецца паразы. Бо пайсці ў бізнес — гэта адмовіцца ад сталай працы з хоць невялікай, але стабільнай зарплатай і упэўненасцю ў заўтрашнім дні. «Тыя, хто вырашаюць ісці ў бізнес, не проста выходзяць з зоны камфорту, — зазначае Алена Лугаўцова. — Яны ідуць у невядомасць. А страх невядомасці заўжды ідзе поруч са страхам паразы. Там мноства „а што, калі?“ і гэтыя сумневы маюць уласціваць памнажацца. Калі на пачатку бізнесу жанчына застаецца адна, ці ў атачэнні, якое не дае падтрымкі, яна, хутчэй за ўсё, не зробіць ніводнага кроку наперад. Таму для развіцця жаночага бізнесу вельмі важна стварыць супольнасць, праводзіць такія сустрэчы. На іх жанчыны могуць убачыць — мой страх не ўнікальны, так бывае з кожнай і ёсць жанчыны, што змаглі яго пераадолець».
«Нашы страхі іррацыянальныя. Іх трэба рацыяналізаваць. Папросту — прапісаць на паперы усе магчымыя варыянты разіцця падзей. «Што я страчу, калі пачну» і «што я страчу, калі не пачну», што я атрымаю ці не атрымаю, калі нічога не буду змяняць. «Самае важнае, вызначыць кошт дзеяння і бяздзеяння. Тады можна больш ясна ацаніць увесь расклад».
Пра падтрымку ад Белаграпрамбанка расказала кіраўнічка карпаратыўнага дэпартамента банка Святлана Кончыц. «Зараз мы надаём вялікую ўвагу падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. І маю адзначыць, што прадпрымальніцтва з жаночым тварам выглядае вельмі канкурэнтаздольным. Жанчыны пачынаюць бізнес прадумана, узважана і без завышаных рызыкаў. Гэта бізнес, які зразумелы для інвестыцый і перспектыўны для падтрымкі».
«Клуб моцных жанчын?». У Гродне прайшоў круглы стол пра гендарныя стэрэатыпы і выклікі
«Зараз жанчын у бізнесе менш, таму гэта перспектыўная ніша. Як правіла, раней жанчыны працавалі на вялікіх прадпрыемствах, каторыя зараз скарачаюцца. Актыўнасць сыходзіць у сферу малога бізнесу, а тут жанчынам ёсць у чым сябе паказаць».
Зараз назіраецца змяншенне цікавасці да гандлю, як асноўнага віду бізнеса, і ў банку прагназуюць росквіт «крэатыўнага прадпрымальніцтва».
«Жанчыны дакладна разумеюць, што могуць прапанаваць рынку нешта сваё, ствараюць унікальныя прадукты і бізнес-мадэлі. Напэўна, за такімі жанчынамі - будучыня», — мяркуе Святлана Кончыц.
«Форум паказаў, што такая установа патрэбна, што жанчынам цікава гэтая сфера дзейнасці. Тыя, што сёння расказвалі пра свой досвед, пра свае поспехі і паразы, змогуць стаць экспертамі і кансультантамі для жанчын, што хочуць стартаваць у бізнесе зараз. Для жаночай акадэміі гэта будзе рэсурс дапамогі і падтрымкі».