Ад страсення мозгу Аляксандру выратавалі афракасічкі, а Юлю – дрэды. Леанід не патануў дзякуючы сумцы. Пры наездах машын Васіля двойчы выбаўлялі любімыя “сцілы”. Ілля пасля лёгкай траўмы яшчэ больш палюбіў кеды. Карэспандэнткі Hrodna.life даведаліся, як любімае адзенне і модныя прычоскі ратавалі гродзенскіх нефармалаў у самых нечаканых сітуацыях.
Дрэды і касічкі спрацавалі, як шлем
Тры гады таму Аляксандра Хільмановіч ехала па горадзе на ровары. На пераходзе яе збіла машына. “Я разбіла галавой лабавое шкло”, – кажа Аляксандра. У той момант яна аб галаве не думала – больш перажывала за нагу, заціснутую паміж бамперам і роварам. Але лекары ў шпіталі адразу адправілі на рэнтген. “Мне сказалі,
што разбіць галавой лабавое шкло – даволі небяспечна”. Здымак паказаў, што ўсё ў парадку. Лекар дадаў, што ад страсення мозгу выратавалі… афракасічкі!
Трэнер спартыўных коней Юлія Пятрова працавала з арабскім жарабцом. “Прырода паклапацілася аб іх трываласці і хуткасці, але мозг і адвага ў камплект не змясціліся”, – жартуе яна. На адной з трэніровак конь спалохаўся галінкі і “катапультаваў” наезніцу.

“Ад наступстваў падзення мяне выратавалі завязаныя ў хвост дрэды. Яны спрацавалі, як падушка бяспекі”. Зараз вобраз Юліі на працы заўсёды дапаўняе абарона. “Шанцаванне – шанцаваннем, але шлем лепш апранаць”.
Сумка выратавала Леаніда
“Я вучыўся ў пятым класе, – расказвае пра выпадак Леанід Вяршынін. Замест партфеля ён тады насіў сумку цераз плячо. – Мы ішлі з сябрамі са школы. Размаўлялі, штурхаліся. Вядома, пад ногі не глядзелі”.
Выпадкова школьнік наступіў на край каналізацыйнага люка. Люк перавярнуўся і Леанід праваліўся ўнутр. “Там смярдзела каналізацыяй і была вада, – успамінае Леанід. – Але мая сумка зачапілася за край і я не ўпаў глыбока”.

“Калі б калі б не торба – праваліўся б. Люк адразу б зачыніўся, а я б патануў”.
Кеды захавалі палец
“Мой сын Ілля стаяў побач з арэлямі-лодачкамі”, – успамінае Вольга Захарэвіч. З двух бакоў арэляў сядзелі дзеці і каталіся “на перавагу”. Ілля падставіў нагу пад гэтую арэлю, але не змог утрымаць. У гэты час на ім былі кеды з гумовым мыском.

“Яму моцна пашкодзіла палец. Лекар тады сказала, што калі б не гэтая гума [на мыску кеда], маглі б з вялікім пальцам проста развітацца”.
Заплечнік стаў падушкай бяспекі
“Мой брат Ілля ішоў пасля трэніроўкі з вялікім заплечнікам, – распавядае Аляксей Шарыпаў. – Калі пераходзіў дарогу, ззаду ў яго з вялікай хуткасцю ўрэзаўся веласіпедыст”. У заплечніку ў Іллі была спартыўная форма і купленыя па дарозе дадому прадукты. “Калі б не заплечнік, магла б атрымацца сур’ёзная траўма спіны. Са спортам прыйшлося б развітацца, – кажа Аляксей. – Заплечнік стаў для Іллі падушкай бяспекі”.

Хлопец і далей займаецца баскетболам. Зараз гуляе ў баскетбольным клубе “Барысфен” (Магілёў).
Боты-сцілы двойчы ратавалі ад пераломаў
“Ішоў на міні-рынак, з боку дзе разгружаюцца машыны. Праязджае чувак на машыне, спыняецца роўна на маёй назе і пытаецца, як праехаць на нейкую вуліцу”, – распавядае Васіль Ад траўмы ў той раз яго выратавалі “сцілы” – боты з умацаваным металічнай пласцінай носам.

“Кажу: “Наогул, вы стаіце ў мяне на назе колам”. Кіроўца папрасіў прабачэння і ад’ехаў. Нага засталася цэлая”.
Другі раз, прыкладна праз год, Васіль стаяў на скрыжаванні, дзе разварочвалася фура. “З-за заноса на павароце заднія колы наехалі мне на ногі”. Васіль, як звычайна, быў у любімых “сцілах”: “Ногі зноў засталіся цэлымі”.
Адзіным, чаго не вытрымалі чаравікі, стала арматура, якая тырчала з зямлі. “Ішоў у цемры і спатыкнуўся. Ад удару парваўся скураны верх і з’явілася ўвагнутасць на металічнай устаўцы “.
Касуха супраць “асфальтавай хваробы”

“Аднойчы на хуткасці не ўпісаўся ў паварот і вылецеў праз руль “лісапеда”, – успамінае Раман Бабёр пра выпадак, калі яму дапамагла касуха – ахоўная скураная куртка. Звычайна іх носяць байкеры. Траўмы, атрыманыя пры падзенні з байка, яны называюць «асфальтавай хваробай».
“Імкнуўся знесці плячом бардзюр”, – апісвае сітуацыю Раман. Траўмы атрымала ў той раз толькі касуха. “Пры сутыкненні сарвала пагон, а я саслізнуў з бардзюра і ніфіга не выцяўся”.
Спадзявацца не толькі на ўдачу
Многія звыклыя зараз элементы дэкору адзення раней ужываліся для абароны. Боты-сцілы прыдумалі для грузчыкаў, якія пераносілі цяжкасці. Умацаваныя насы спартыўнага абутку – для спартсменаў. Пазней такія рэчы сталі папулярнымі. Іх выбіраюць за практычнасць і асаблівы стыль. Добра, калі любімыя рэчы дапамагаюць у непрадбачаных сітуацыях. Яшчэ лепш – апранаць шлем, захоўваць хуткасны рэжым, на дарозе глядзець па баках і спадзявацца не толькі на поспех і рэчы-талісманы.



