Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму

«Простасць, утылітарнасць, стрыманая элегантнасць», — так апісвалі каталогі стыль жанчын 1970-х. І хоць модныя тэндэнцыі зацвярджалі на пасяджэннях і кангрэсах (уявіце, як чыноўнікі з сур’ёзным тварам абмярковаўлі, што лепш: рукавы-ліхтарыкі ці крылцы), тагачасныя калекцыі адзення зусім не былі сумнымі. «Наша Ніна» пагартала архіўныя модныя часопісы і ўспомніла, што было ў гардэробе савецкіх дам.

Галоўнымі рысамі моды 1970-х можна назваць індывідуальнасць, практычнасць і ўнісэкс. Папулярны тады рух хіпі знайшоў адлюстраванне і ў вобразах савецкіх жанчын. Дзякуючы яму сталі насіць штаны-клёш, палюбілі свабодныя сілуэты, яркія колеры і натуральныя тканіны.

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму
ПАНЯЦЦЕ ЎНІСЭКС АДНОЛЬКАВА ПРАЦАВАЛА ЯК У БОК ЖАНОЧАЙ, ТАК І Ў БОК МУЖЧЫНСКАЙ МОДЫ.

З іншага боку, сур’ёзную канкурэнцыю бавоўне і лёну складала сінтэтыка, якая з развіццём тэкстыльнай прамысловасці стала даступная масам. Народнай любоўю карыстаўся крымплен — няхай у ім і было горача, затое ён не мяўся і лёгка адмываўся. Знаходка для жанчын, якія шмат працуюць.

У тыя гады здарыўся бум на трыкатаж. Новыя вязальныя машыны дазволілі фабрыкам эксперыментаваць з кроем і ўзорамі, таму з трыкатажу пачалі рабіць усё: сукенкі, спадніцы, джэмперы, штаны.

Той факт, што савецкія дамы шмат часу аддавалі працы, уплываў на іх стыль. Незаменнай рэччу лічыўся касцюм са штанамі. Наогул, касцюмы былі папулярныя: модніцы выбіралі камплекты з падоўжаным ці кароткім жакетам да таліі і спадніцай клёш.

Модныя прынты з года ў год мяняліся. Спачатку ў пашане быў раслінны арнамент з фантастычнымі кветкамі і матылькамі, потым — геаметрычныя ўзоры і народныя матывы.

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў тамуДа этнічнай тэматыкі мадэльеры звярталіся ўжо тады. У 1975 годзе, напрыклад, аддзел лёгкай прамысловасці інстытута «Белместпрампраект» распрацаваў калекцыю з 30 рэчаў па матывах беларускага народнага адзення. Сукенкі і касцюмы зрабілі з лёну, упрыгожылі вышыўкай і карункамі. На фота злева – акурат беларускія матывы з калекцыі 1975 года.

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму

Модная сёння шматслойнасць была актуальная і ў 1970-я. Асновай камплектаў рабілася сукенка, якую спалучалі з блэйзерам, блузонам ці лёгкім паліто. Не сыходзіў з подыумаў і спартыўна-элегантны стыль (на турзлётах таксама хацелася выглядаць сучасна). Жанчыны часта насілі анаракі, курткі-штармоўкі, сукенкі з манжэтамі.

Што да вопраткі, то попытам карысталіся аднабортныя паліто з вялікімі накладнымі кішэнямі, буйнымі гузікамі і паясамі. Сапраўдных модніц вылучалі каўняры-стойкі і манжэты, якія нагадвалі муфту. Папулярнымі сталі капюшоны. А яшчэ жанчыны любілі кароткія камізэлькі, аздобленыя пышным футрам.

Савецкія дамы аддавалі перавагу прамавугольным сумкам з мноствам кішэняў. Запатрабаванымі ў тыя гады былі змястоўныя мадэлі «акардэон» і «клункі» з мяккай скуры ці яе аналага.

Абутак абіралі практычны. На кожны дзень — на тоўстай платформе ці ўстойлівым абцасе. Для вечаровага выхаду — з элегантным авальным мыском і высокім абцасам-слупком.

Вобраз часта дапаўнялі галаўнымі ўборамі. У модзе былі маленькія шапачкі, чалмы з фетру і велюру, капелюшы з шырокімі палямі.

Многія насілі парыкі. Жаночыя часопісы папярэджвалі: хадзіць так кожны дзень не варта, бо скура пад штучнымі валасамі не дыхае, а гумка, якая трымае іх, можа сціскаць галаву, парушаць кровазварот і выклікаць боль. Таму надзяваць парык раілі не даўжэй, чым на дзве-тры гадзіны.

У трэндзе была яркая памада. Замест бляклых адценняў папулярнымі сталі аранжавыя, чырвоныя, ліловыя, вішнёвыя колеры.

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму
БРОВЫ ПАДВОДЗІЛІ ШЭРЫМ АЛЬБО КАРЫЧНЕВЫМ АЛОЎКАМ ЦІ ПРЫЦЯМНЯЛІ ХНОЙ (БАСМА ВЫЙШЛА З МОДЫ). ВАЛАСКІ ВЫШЧЫПВАЛІ Ў ТОНКУЮ ЛІНІЮ — ЛІЧЫЛАСЯ, ШТО ТАКАЯ ФОРМА РОБІЦЬ ТВАР ВЫТАНЧАНЫМ.

Многія жанчыны бралі прыклад з брытанскай супермадэлі Твігі — рабілі кароткую стрыжку з бакавым праборам і густа фарбавалі вейкі. Але і савецкі начос моцна трымаў свае пазіцыі.

Што насілі беларускія модніцы 50 гадоў таму

Цікава, што ў тыя гады ў пашане была зграбная фігура. У каталогах не раз падкрэслівалі: навамодныя фасоны — для худзенькіх. Дамам з пышнымі формамі прапаноўвалі класіку і спакойнае спалучэнне колераў. А таксама давалі рэцэпты, як прывесці сябе ў форму. Напрыклад, жанчынам з вялікімі лыткамі раілі хадзіць на дыбачках і скакаць цераз скакалку, а на ноч — рабіць кампрэсы з падсоленай вадой.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: