«Простасць, утылітарнасць, стрыманая элегантнасць», — так апісвалі каталогі стыль жанчын 1970-х. І хоць модныя тэндэнцыі зацвярджалі на пасяджэннях і кангрэсах (уявіце, як чыноўнікі з сур’ёзным тварам абмярковаўлі, што лепш: рукавы-ліхтарыкі ці крылцы), тагачасныя калекцыі адзення зусім не былі сумнымі. «Наша Н**а» пагартала архіўныя модныя часопісы і ўспомніла, што было ў гардэробе савецкіх дам.
Галоўнымі рысамі моды 1970-х можна назваць індывідуальнасць, практычнасць і ўнісэкс. Папулярны тады рух хіпі знайшоў адлюстраванне і ў вобразах савецкіх жанчын. Дзякуючы яму сталі насіць штаны-клёш, палюбілі свабодныя сілуэты, яркія колеры і натуральныя тканіны.З іншага боку, сур’ёзную канкурэнцыю бавоўне і лёну складала сінтэтыка, якая з развіццём тэкстыльнай прамысловасці стала даступная масам. Народнай любоўю карыстаўся крымплен — няхай у ім і было горача, затое ён не мяўся і лёгка адмываўся. Знаходка для жанчын, якія шмат працуюць.У тыя гады здарыўся бум на трыкатаж. Новыя вязальныя машыны дазволілі фабрыкам эксперыментаваць з кроем і ўзорамі, таму з трыкатажу пачалі рабіць усё: сукенкі, спадніцы, джэмперы, штаны.
Той факт, што савецкія дамы шмат часу аддавалі працы, уплываў на іх стыль. Незаменнай рэччу лічыўся касцюм са штанамі. Наогул, касцюмы былі папулярныя: модніцы выбіралі камплекты з падоўжаным ці кароткім жакетам да таліі і спадніцай клёш.Модныя прынты з года ў год мяняліся. Спачатку ў пашане быў раслінны арнамент з фантастычнымі кветкамі і матылькамі, потым — геаметрычныя ўзоры і народныя матывы.
Да этнічнай тэматыкі мадэльеры звярталіся ўжо тады. У 1975 годзе, напрыклад, аддзел лёгкай прамысловасці інстытута «Белместпрампраект» распрацаваў калекцыю з 30 рэчаў па матывах беларускага народнага адзення. Сукенкі і касцюмы зрабілі з лёну, упрыгожылі вышыўкай і карункамі. На фота злева — акурат беларускія матывы з калекцыі 1975 года.
Модная сёння шматслойнасць была актуальная і ў 1970-я. Асновай камплектаў рабілася сукенка, якую спалучалі з блэйзерам, блузонам ці лёгкім паліто. Не сыходзіў з подыумаў і спартыўна-элегантны стыль (на турзлётах таксама хацелася выглядаць сучасна). Жанчыны часта насілі анаракі, курткі-штармоўкі, сукенкі з манжэтамі.
Што да вопраткі, то попытам карысталіся аднабортныя паліто з вялікімі накладнымі кішэнямі, буйнымі гузікамі і паясамі. Сапраўдных модніц вылучалі каўняры-стойкі і манжэты, якія нагадвалі муфту. Папулярнымі сталі капюшоны. А яшчэ жанчыны любілі кароткія камізэлькі, аздобленыя пышным футрам.
Савецкія дамы аддавалі перавагу прамавугольным сумкам з мноствам кішэняў. Запатрабаванымі ў тыя гады былі змястоўныя мадэлі «акардэон» і «клункі» з мяккай скуры ці яе аналага.Абутак абіралі практычны. На кожны дзень — на тоўстай платформе ці ўстойлівым абцасе. Для вечаровага выхаду — з элегантным авальным мыском і высокім абцасам-слупком.
Вобраз часта дапаўнялі галаўнымі ўборамі. У модзе былі маленькія шапачкі, чалмы з фетру і велюру, капелюшы з шырокімі палямі.
Многія насілі парыкі. Жаночыя часопісы папярэджвалі: хадзіць так кожны дзень не варта, бо скура пад штучнымі валасамі не дыхае, а гумка, якая трымае іх, можа сціскаць галаву, парушаць кровазварот і выклікаць боль. Таму надзяваць парык раілі не даўжэй, чым на дзве-тры гадзіны.У трэндзе была яркая памада. Замест бляклых адценняў папулярнымі сталі аранжавыя, чырвоныя, ліловыя, вішнёвыя колеры.Многія жанчыны бралі прыклад з брытанскай супермадэлі Твігі — рабілі кароткую стрыжку з бакавым праборам і густа фарбавалі вейкі. Але і савецкі начос моцна трымаў свае пазіцыі.
Цікава, што ў тыя гады ў пашане была зграбная фігура. У каталогах не раз падкрэслівалі: навамодныя фасоны — для худзенькіх. Дамам з пышнымі формамі прапаноўвалі класіку і спакойнае спалучэнне колераў. А таксама давалі рэцэпты, як прывесці сябе ў форму. Напрыклад, жанчынам з вялікімі лыткамі раілі хадзіць на дыбачках і скакаць цераз скакалку, а на ноч — рабіць кампрэсы з падсоленай вадой.