11 сакавіка Вадзім Сіняўскі стаў кіраўніком МНС Беларусі, да гэтага пасля амаль сем гадоў ён узначальваў УУС Гродзенскага аблвыканкама. За гэтыя гады самым цытуемым у медыя выказваннем чыноўніка сталі прабачэнні перад затрыманымі падчас першых дзён пратэстаў. Hrodna.life сабраў цікавыя факты аб новым кіраўніку МНС.
Хацеў стаць ваенным дырыжорам
Вадзім Сіняўскім скончыў музычную школу, быў лаўрэатам конкурсу юных цымбалістаў. У 13 гадоў гуляў у духавым аркестры, рыхтаваўся стаць ваенным дырыжорам. «Але планы памяняліся — вырашыў стаць вайскоўцам. Адзін з маіх прыяцеляў вучыўся ў ваенным вучылішчы МУС СССР, шмат распавядаў аб навучальнай установе, мне спадабалася. У 17 гадоў бацькі адправілі мяне аднаго на цягніку, ехаў з перасадкай у Маскве», — распавёў Сіняўскі «Гродзенскай праўдзе».
Амаль 30 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў
Вадзім Сіняўскі нарадзіўся ў 1970 годзе ў Маладзечне, скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае Чырванасцяжнае вучылішча імя Дзяржынскага МУС СССР, у 2002 — Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь.
У органах унутраных спраў ён з 1992 года. Працаваў у Мядзельскім РАУС, узначальваў Валожынскі РАУС, з 2005 па 2009 год быў намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама — начальнікам упраўлення аховы правапарадку. З 2009 года працаваў у службе бяспекі прэзідэнта, з 2012 года да 2014 года — быў начальнікам Дэпартамента аховы МУС Беларусі.
Узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» II і III ступені
Знак адрознення I, II і III ступені атрымліваюць вайскоўцы, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, службовыя асобы мытных органаў, пракурорскія работнікі, якія бездакорна праслужылі 10, 15 і 20 каляндарных гадоў адпаведна.
Абраны старшынёй Гродзенскага спартыўнага таварыства «Дынама»
30 верасня 2014 года Сіняўскага абралі на пасаду старшыні Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства (БФСТ) «Дынама».
Грамадства стваралася для развіцця фізкультурнага руху ў праваахоўных органах. У грамадства 10 ведамстваў-заснавальнікаў: МУС, Дзяржаўны памежны камітэт, Пракуратура, МНС, Дзяржаўны мытны камітэт, Дэпартамент фінансавых расследаванняў, КДБ, Служба бяспекі прэзідэнта, Следчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Каардынатар дзейнасці - Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі.
«Без заняткаў фізкультурай і спортам сябе не ўяўляю. Спорт суправаджае мяне ўсё свядомае жыццё — у школе, ваенным вучылішчы, на службе ў органах унутраных спраў. Да актыўнага вольнага часу заклікаю сваіх падначаленых. Многія захапіліся міні-футболам, калі была створана каманда «УУС-Дынама», — казаў пра спорт Сіняўскі «Гродзенскай праўдзе».
Жонка працуе ў аблвыканкаме, сын будзе працаваць у крымінальным вышуку
«Жонка працуе ў аблвыканкаме галоўным спецыялістам. Сыну Сяргею — 21, сёлета ён заканчвае Акадэмію МУС, будзе афіцэрам міліцыі, службу працягне ў крымінальным вышуку. За два гады да заканчэння школы Сяргей сказаў, што хоча паступіць у Акадэмію МУС. Я прапанаваў яму разгледзець альтэрнатыўныя варыянты, але ён сказаў, што хоча быць, як я, афіцэрам міліцыі. Падтрымаў яго, прысвячаю шмат сіл, каб прышчапіць яму лепшыя якасці будучага афіцэра. Мне гэта не толькі па-бацькоўску прыемна, шчыра ганаруся сынам», — распавядаў у 2020 годзе новы кіраўнік МНС пра сям’ю «Гродзенскай праўдзе».
Кіраваў пошукамі Максіма Мархалюка
10-гадовы Максім Мархалюк з вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна знік у верасні 2017 года. Праз два гады праваахоўнікі ўсё яшчэ адпрацоўвалі версіі.
«Ужо адпрацавана звыш 3,8 тыс.людзей. Выяўлены 11,6 тыс. уладальнікаў паляўнічай зброі, якія маглі туды прыязджаць у гэты час, — удакладніў Вадзім Сіняўскі. — Праверана больш за 2,4 тыс. транспартных сродкаў, якія маглі праязджаць у раёне пошуку», — казаў тады Вадзім Сіняўскі.
Максім Мархалюк — адзінае зніклае і ненайдзенае дзіця ў вобласці. Усяго ж за ўвесь час уліку ў рэгіёне пачынаючы з 1970−80 гадоў прапаўшымі без вестак і не знойдзенымі на сёння лічацца каля 240 чалавек, паведамляе БЕЛТА.
Сустракаўся з калектывамі прадпрыемстваў пасля выбараў 2020 года
Работнікі «Хімвалакно» сустрэліся 13 жніўня з Вадзімам Сіняўскім, начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама і старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. Пасля гэтых перамоваў амаль усіх затрыманых 9−12 жніўня адпусцілі, а браняваная тэхніка з’явілася ў горадзе толькі адзін раз.
Папрасіў прабачэння за дзеянні сілавікоў, а пасля — ганарыўся імі
«Мне сорамна за дзеянні некаторых нашых супрацоўнікаў. Але ў нас не было іншага выбару. Мы разбярэмся, я вам абяцаю». Так начальнік УУС Гродзенскай вобласці генерал-маёр міліцыі Вадзім Сіняўскі папрасіў прабачэння за жорсткія дзеянні міліцыянтаў. Ён сказаў гэта падчас сустрэчы з рабочымі завода «Хімвалакно» 13 жніўня.
«Жыхары Прынямоння ганарацца сваім спецпадраздзяленнем, якое ў цяжкую хвіліну ўстала на абарону дзяржавы і яе канстытуцыйнага ладу. Нягледзячы на абразы і пагрозы, якія паступаюць у адрас супрацоўнікаў, АМАП становіцца толькі мацней, а асабісты склад органаў унутраных спраў можа быць абсалютна ўпэўнены: у любую хвіліну байцы падраздзялення акажуць садзейнічанне ў вырашэнні самых складаных задач», — падкрэсліў генерал-маёр міліцыі ў сакавіку 2021 года.
Сцвярджае, што пратэсты скончыліся
«<…>Але ў Гродне і асобных раёнах вобласці яшчэ адзначаюцца адзінкавыя факты збору людзей з колькасцю ўдзельнікаў ад 1 да 10 чалавек. Мэта ў іх, як правіла, адна — зрабіць фота — і відэакантэнт для размяшчэння ў апазіцыйных Telegram-каналах і чатах.
Заклікі адміністратараў і актыўных удзельнікаў каналаў і чатаў да несанкцыянаваных мерапрыемстваў не знаходзяць падтрымкі сярод насельніцтва. Большасць людзей не вераць пустым абяцанням так званых лідараў пратэсту і робяць выбар на карысць захавання стабільнасці і незалежнасці дзяржавы", — упэўнены Сіняўскі.