Выраз «фэйкавыя навіны» стаў фразай 2017 года паводле слоўніка Collins Dictionary. Яго ўжыванне за 2016 год павялічылася на 365%. Фэйк як слова і як з’ява стаў амаль што натуральнай часткай паўсядзённасці. Пра тое, як жывецца ў рэальнасці, напоўненай фэйкавымі навінамі, інфармацыйнымі атакамі і маніпуляцыямі, разважалі 5 снежня ў HrodnaMediaRoom на сустрэчы з Паўлюком Быкоўскім.

Нас канкрэтна падманваюць

«Фэйк» стаў такім звыклым і зразумелым, што быццам бы і не патрабуе тлумачэння. Паводле слоўніка, фэйкавая навіна — гэта несапраўдная і часта сенсацыйная інфармацыя, каторая распаўсюджваецца пад выглядам навінавых паведамленняў. Фэйк нават не прапаганда, што мае на мэце «прамыванне мазгоў». У фэйку нас канкрэтна падманваюць. Замест навіны падсоўваюць іншае.

На старт! Увага! Фэйк! Мінныя палі інфармацыйных войнаў даследвалі гродзенцы разам з Паўлюком Быкоўскім
Паўлюк Быкоўскі

«І тут атрымліваецца, што мала хто можа супрацьстаяць фэйкавым навінам. Як грамадства мы аказаліся да гэтага не гатовыя»,

— кажа эксперт. Прычыны ён бачыць у тым, што беларусы «не заточаны» на абмеркаванне інфармацыі, калі яна падаецца як факт. З іншага боку, медыі ў такіх навінах зацікаўлены, бо праз фэйкі цячэ трафік.

Змагацца з фэйкамі метадам абвяржэнняў - справа дарэмная. Нават калі ў паведамлення з абвяржэннем фэйка больш шырокая аўдыторыя, то яна мала перасякаецца з групай чытачоў з мэтавай групы распаўсюду фэйкавых навін.

«Мы трапілі ў свет, дзе абвесткі могуць быць вельмі адраснымі. Упершыню выкарысталі гэты прыём на выбарах Трампа. У выніку — адзін раз прыдуманая зброя будзе выкарыстоўвацца надалей».

Паратунак — у дробных лакальных медыях

Тое самае, дарэчы, тычыцца і змагання з прапагандай. Паводле адной з тэорый інфармацыйнай прасторы, святло аднаго «маяка» нельга перакрыць святлом іншага.

На старт! Увага! Фэйк! Мінныя палі інфармацыйных войнаў даследвалі гродзенцы разам з Паўлюком Быкоўскім

Ці не адзіным спосабам рэальнага змяншэння прапагандыстскага ўплыву Паўлюк Быкоўскі бачыць існаванне шырокай сеткі невялікіх «маякоў», мясцовых выданняў, каторыя ствараюць уласны кантэнт і фарміруюць альтэрнатыўную павестку для.

«У нас узнікла сітуацыя, што зарэгістраваныя недзяржаўныя СМІ ёсць у Мінску і Брэстскай вобласці. У астатніх рэгіёнах — кропачна. Чаму там дазволілі выжыць медыям, што ўзніклі на пачатку 90-х — прамога адказу няма. Як кажуць, «істеріческі так сложілось», — адзначае эксперт і дадае, што зараз сітуацыя змяняецца коштам анлайн-медыяў.

На старт! Увага! Фэйк! Мінныя палі інфармацыйных войнаў даследвалі гродзенцы разам з Паўлюком Быкоўскім

Пытанне, актуальнае на сёння — ці змогуць новыя незалежныя выданні быць насамрэч незалежнымі і пракарміць сябе самастойна. Сума рэкламных грошай на аднаго прадстаўніка аўдыторыі ў 2016 годзе складала 7,3 долара ў год. Меркаваннем эксперта, за такія грошы, без дапамогі грамадства ці іншых партнёраў, вырашыць сітуацыю наўрад ці ўдасца.

Час на «інфармацыйную гігіену»

«Зараз такія правілы гульні, да каторых мы не гатовы. Нам скармліваюць фальшыўкі, падаюць непраўдзівую інфармацыю. Падсоўваюць тое, што насамрэч не патрэбна. А людзі да такога не прывыклі. Мы не чакаем, што да нас можна так ставіцца».

Каб вырашыць пытанне, мяркуе Паўлюк Быкоўскі, няма іншага выйсця, як навучыць людзей «інфармацыйнай гігіене», патлумачыць, як працуюць прыёмы маніпуляцыі. Але і гэта не дасць гарантый, што яны будуць мець прышчэпку.


HrodnaMediaRoom - ініцыятыва, арганізаваная Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдакцыяй партала Hrodna.life і Цэнтрам гарадскога жыцця. Тут адбываюцца сустрэчы гродзенцаў з вядомымі журналістамі і медыяэкспертамі