14 траўня пасля шасці сутак арышту з ІЧУ выйшла Алена Сахарчук, якую затрымалі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім у Гродне. Апошні раз жанчын у нашым горадзе за такое правапарушэнне затрымлівалі на некалькі сутак у самым пачатку 2000-х.

Алену абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (артыкул 23.
34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») на набярэжнай Нёмана і ў парку Жылібера.

«Арышт стаў нечаканасцю для мяне, — кажа Алена. — Я тлумачыла суддзі, што прыйшла даць інтэрв'ю блогеру Ціханоўскаму — расказаць пра праблемы ў горадзе і краіне. Раней я глядзела яго стрымы, людзі прыходзілі і распавялі аб праблемах. Адкуль мне было ведаць колькі людзей прыйдзе на сустрэчу. Па факце суд палічыў інакш — я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

На ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Алена не скардзіцца. Кажа, да яе ставіліся з павагай. «Усе рабілі сваю працу. Мы адчувалі падтрымку ад людзей: нам пастаянна перадавалі прадукты і паштоўкі», — дадала Алена.

Жанчынам цяжэй пераносіць арышт

Апошняй жанчынай прысуджанай да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Гродне да Алены Сахарчук была грамадская актывістка Святлана Нех. Праваабаронца цэнтра «Вясна» Уладзімір Хільмановіч кажа, што з тых падзей мінула ўжо амаль 19 гадоў. Ён адзначае, што жанчынам псіхалагічна і фізічна цяжэй пераносіць адміністрацыйны арышт і раней у Гродне трымаліся негалоснага правіла — жанчынам прысуджаць па пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні штраф, а не зняволенне ў ІЧУ.

«Цяпер і гэтая рыса пяройдзена. Гэта можа сведчыць толькі пра адно — улада не збіраецца ісці на дыялог з грамадскасцю ні па якіх пытаннях», — сказаў праваабаронца.

Хто такі блогер Ціханоўскі?

Сяргей Ціханоўскі за год сабраў у інтэрнэце вялікую для Беларусі аўдыторыю і здолеў стаць адной з найбольш значных фігур на каляпалітычны сцэне. Сяргей Ціханоўскі вельмі актыўны ў інтэрнэце і сацыяльных сетках і агулам мае каля 200 тысяч падпісчыкаў. У асноўным ён выкарыстоўвае YouTube-канал «Страна для жизни».


Чытайце больш: Хто такі блогер Сяргей Ціханоўскі, які хоча быць прэзідэнтам Беларусі


Блогера затрымалі 6 траўня і асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Гомелі. Пасля затрымання ён абвясціў аб жаданні ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі. Заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы падала яго жонка Святлана.

Колькі людзей затрымалі ў Гродне за сустрэчу з Ціханоўскім?

Васіль Калач асуджаны на 5 сутак арышту, выйшаў 13 траўня;

Яўген Рэзнічэнка — 5 сутак, выйшаў 13 траўня;

Алена Сахарчук — 6 сутак, на свабоду павінна выйсці 14 траўня;

Юрый Шока — 7 сутак, мусіць выйсці 15 траўня;

Аляксандр Лаўрэнцьеў - 7 сутак (+ 2 неадбытых), павінен выйсці 17 траўня.

Чытайце таксама: Да сямі сутак арышту. Што з затрыманымі актывістамі зараз і як ім дапамагчы?