Аддалены рэгіён краіны, які цалкам акружаны тэрыторыяй іншай краіны, у геаграфіі называюць эксклавам. Прыкладаў — каля сотні па ўсім свеце. Зусім невялічкі анклаў (гэта эксклаў наадварот, «выкалатая» частка) дагэтуль ёсць і на тэрыторыі Беларусі. У афіцыйных паперах яго называюць «Мядзвежжа-Санькова» паводле найменняў пасёлкаў, якія на тым лапіку зямлі існавалі да 1999 года. Населеныя пункты зніклі, але зямля дагэтуль належыць Расійскай Федэрацыі. Але пэўны час на супрацьлеглым краі Беларусі існаваў і другі анклаў — хутар Пагіры (Пагірай, Pagiriai). Інфармацыю пра яго давялося шукаць па крупінках, піша «Звязда».
Хутар Пагіры знаходзіўся на тэрыторыі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Зараз на гэтым месцы нішто і ніяк не нагадае былы анклаў: самае звычайнае поле з невялічкім ляском пасярэдзіне.
Але досыць даўно на месцы лясочка, паводле падання, была шляхецкая сядзіба. Пры савецкай уладзе гаспадарка была ператворана ў хутар. У 1955 годзе упершыню на паперах згадваецца факт існавання анклава: Пагіры вырашылі аднесці да Літоўскай ССР, паколькі на хутары жыла брыгада, якая працавала ў найбліжэйшым літоўскім калгасе. Але межы саюзных рэспублік не заміналі ніяк, бо, як вядома, у тыя часы яны былі фармальнасцю. Як сцвярджаецца, да хутара была падведзена лінія электраперадач з тэрыторыі ЛітССР.
Колькасць жыхароў Пагіроў з гадамі змяншалася, і ў вырашальны момант, калі абедзве краіны атрымалі незалежнасць, у ім жыла толькі адна сям’я з трох чалавек — этнічных палякаў. Гісторыя нават захавала іх прозвішча — Занегіны.
Спрэчкі паміж суверэннымі Літвой і Беларуссю наконт мяжы доўжыліся чатыры гады. Здавалася: што там тыя Пагіры, калі нават прасоўвалася ідэя вяртання Вільні? Аднак аб эксклаве-анклаве не запамятавалі.Літоўскі бок прапаноўваў пакінуць Пагіры пад сваёй юрысдыкцыяй і зрабіць «калідор» шырынёй 200 м ад хутара да «вялікай зямлі». Беларусаў такі варыянт не задаволіў: ламаліся камунікацыі і ўтвараўся непажаданы апендыкс. Нашы ж прапанавалі аднесці Пагіры да Беларусі і перадаць Літве землі ідэнтычнай плошчы, якія непасрэдна прымыкалі б да дзяржаўнай мяжы. На гэтым варыянце бакі быццам бы і сышліся. Жыхары Пагіроў прызналі свой хутар часткай Беларусі, але, згодна з умовамі, атрымалі літоўскія пашпарты. Чым пазней і скарысталіся, з’ехаўшы праз нейкі час у Літву.
Чаму быццам бы сышліся? 6 лютага 1995 года паміж краінамі быў падпісаны доўгачаканы Дагавор аб літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы. Яго артыкул № 1 апісвае, як праходзіць мяжа на мясцовасці, але там няма ні слова пра Пагіры. Робіць справаздачу і «Звязда», згадваючы нават спрэчныя пытанні пра санаторый «Беларусь» і «аб'ект 500», і зноў жа пра хутар ні слова. Думаеце, бакі проста моўчкі прызналі Пагіры беларускімі? А вось і не.
Дагавор набыў моц у красавіку 1996 года. А ў 2001 Літоўская Рэспубліка праводзіла перапіс насельніцтва, афіцыйныя рэзультаты якой змяшчалі і статыстыку ў тым ліку па Пагірах: насельніцтва — 0 чалавек. У 2010 годзе літоўскі Цэнтр Рэгістраў (аналаг нашага Нацыянальнага кадастравага агенцтва) таксама пазначае Пагіры ў адрасным рэестры, хоць і не дае дакладных геаграфічных каардынатаў. А ўжо ў 2016 годзе урад Літвы прымае Пастанову, паводле якой хутар Пагіры афіцыйна ліквідуецца!
Ці то атрымліваецца, што літоўская ўлада сама вырашае лёс беларускага населенага пункта, ці то на працягу дваццаці гадоў такім дзіўным чынам адбывалася перадача зямлі Беларусі, ці то канкрэтна па Пагірах бакі тады так і не дамовіліся…
«Воранаўская газета» ў ключавыя даты чамусьці не згадала ні міждзяржаўную дамоўленасць, ні Пагіры, ні змяненне тэрыторыі краіны, хоць гэта непасрэдна тычылася жыцця раёна.
Мабыць, мясцовая ўлада растлумачыць, як усё было, і расставіць кропкі над і? Адказ Воранаўскага райвыканкама аказаўся нешматслоўным…
Большасць пытанняў пакуль што застаецца без адказу.
Зараз тэрыторыя былога анклава знаходзіцца ў межах пагранічнай паласы, таму патэнцыяльным наведвальнікам (а раптам!) патрэбна загадзя паклапаціцца пра атрыманне пропуску. Мабыць, камусьці будзе цікава потым расказваць сябрам і родным, што падчас паездкі ў Воранаўскі раён удалося патаптаць самую маладую беларускую зямлю — паколькі беларускай яна стала пазней за ўсе астатнія землі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…