Відэа блогеркі Леначкі Лукашык з рэкламай крамы «еДИН» у Гродне выклікала шмат рэакцый — пераважна негатыўных. А чаму ўсё ж не варта купляць прадукцыю ў падобных крамах і канфіскаваныя ў палітвязняў рэчы з аўкцыёнаў? Рэдакцыя Hrodna.life спытала пра гэта кандыдата культуралогіі Вадзіма Мажэйкі.
«еДИН» — крама Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП), якая нядаўна адкрылася ў Гродне. Крама размешчаная ў «турэмным дворыку» на вуліцы Урыцкага, 28. На шыльдзе напісана, што там прадаюцца «сувеніры і не толькі». Пасля хейта ў каментарах Лукашык выдаліла пост.
Нармалізацыя рабскай працы
Блогерка Леначка Лукашык спрабуе нармалізаваць рабскую працу зняволеных і спрабуе прадставіць яе як нешта штодзённае, мяркуе Вадзім.
«Тут падымаецца адразу некалькі пытанняў. Па-першае, гэта, вядома, тэма палітвязняў - хто гэтыя людзі, якія апынуліся за кратамі? Другая тэма — як уладкавана рабская праца зняволеных. Нават калі чалавек сапраўды парушыў закон, гэта не значыць, што яго можна выкарыстоўваць як раба. Пытанне маральнае — як у прынцыпе ставіцца да зняволеных і якія рэформы турэмнай сістэмы неабходныя», — кажа Вадзім.

Таксама ёсць момант дуалізму ў адносінах да МУС. З аднаго боку, цягам і пасля 2020 года яны парушылі закон і ўжылі адвольны гвалт. З іншага боку, гэта дзяржаўны орган, які афіцыйна дзейнічае ў Беларусі. Калі ўспрымаць сітуацыю як ненармальную — гэта выклікае абурэнне. Калі ставіцца да яе як да нармальнай, падобны магазін можна рэкламаваць. Рэфлексія па гэтым пытанні не завершана — адсюль і складанае ўспрыманне тэмы.
Ці зрабіць зніжку на знаходжанне ў Беларусі?
Леначка Лукашык жыве ў Гродне. Ці маглі на яе націснуць беларускія сілавікі? Ці можна яе «апраўдаць»?
«Паколькі гаворка ідзе пра маральную дылему, то апраўданне або асуджэнне — гэта індывідуальная справа. Мы павінны рабіць зніжку на тое, што людзі ва ўмовах, дзе яны не могуць паступаць інакш, або яны будуць падвергнутыя рэпрэсіям. А з іншага боку, калі які-небудзь „Кокобай“ пасля рэпрэсій у дачыненні да яго ставіць чырвона-зялёны сцяг і пачынае асвятляць дзяржаўныя падзеі, — гэта яшчэ ОК ці гэта ўжо не ОК?», — разважае Вадзім.
Размяшчэнне падобных публікацый таксама залежыць ад таго, на якую аўдыторыю накіраваны чалавек. Мяркуючы па тым, што Лукашык пост выдаліла, для яе аўдыторыі кантэнт не быў прыдатным. Але яна гэта не адразу зразумела.

Людзі таксама могуць задаваць норму ў грамадскай прасторы — як раз праз сваю рэакцыю на такія публікацыі, каментары, адпіскі, падпіскі.
Чаму ўсё ж не варта купляць прадукцыю?
«Гэта такая тэма, якую беларусы, здавалася б, праехалі 70 гадоў таму. А купляць падушкі з канцлагераў, набітыя валасамі людзей, якіх стрыглі перад тым, як у газавыя камеры адправіць — у нас жа не ўзнікае пытання, што з гэтым не так? Здавалася б, гэтым людзям ужо без розніцы, купяць падушку ці не. Але некаторым на такой падушцы спаць не хочацца. Ну, у цэлым жа, напэўна, былі людзі, якія іх куплялі, распрадавалі», — прыводзіць параўнанне Мажэйка.
На яго думку, купляючы тавары ў падобных крамах, чалавек адкрыта карыстаецца вынікамі рабскай працы і фінансуе сістэму, якая эксплуатуе рабскую працу. Гэта сведчыць пра каштоўнасці, несумяшчальныя з базавым канцэптам правоў чалавека.
Кажуць пра краму, але выказваюць пазіцыю
Людзі пакідалі негатыўныя каментары пад публікацыяй Леначкі Лукашык, не баючыся пераследу.
«Гэта таксама цікавы момант. Таму што ў людзей ёсць непрагавораныя, непражытыя траўмы. І, па сутнасці, гэта такі незакрыты гештальт. Людзі, можа, і хацелі б пагаварыць пра палітвязняў, рэпрэсіі, МУС — але пра гэта яны казаць баяцца. Тады, адпаведна, усе факусуюцца на чымсьці такім, пра што яны казаць не так баяцца. Урэшце, яны ж крытыкуюць не МУС, яны крытыкуюць канкрэтную блогерку, што яна ім зробіць», — тлумачыць Мажэйка.

Гэта значыць, Лукашык стала каталізатарам напружання і праблем, якія ёсць у беларускім грамадстве і якія значна шырэйшыя за канкрэтную краму на канкрэтнай вуліцы. Таму яны кажуць пра іншае, але пры гэтым выказваюць свае палітычныя пазіцыі.
Купля канфіскаваных рэчаў
Ёсць яшчэ адзін спосаб набыцця «працы» палітвязняў. Гэта купля канфіскаваных рэчаў праз аўкцыён і крамы канфіскату.
У гэтым пытанні можна казаць аб маральным і юрыдычным баках. Вадзім Мажэйка называе такія пакупкі скупкай крадзенага. У такім выпадку здзелку можна прызнаць незаконнай. Гэта пытанне для так званага «пераходнага правасуддзя» — як такія здзелкі будуць кваліфікаваныя.
«На мой погляд, калі чалавек прыйшоў у краму канфіскату і купіў тэлефон, паняцця не маючы, адкуль ён, гэта адна рэч. А іншая справа, калі ён набыў дом Бабарыкі. Цалкам справядліва гэты дом у яго канфіскаваць без усялякіх кампенсацый і вярнуць ўладальніку. Таму што людзі ўдзельнічаюць у дзяржаўным злачынстве, у крадзяжы маёмасці ў палітвязняў. Адпаведна, саўдзельнікі злачынства павінна быць пакараныя», — лічыць эксперт.
Этычны бок пытання складаецца ў тым, што чалавек выкарыстоўвае магчымасць палепшыць матэрыяльнае становішча, ігнаруючы, што гэта прычыняе шкоду іншым людзям і здзяйсняецца на падставе неправавых, неэтычных дзеянняў.
«Мне здаецца, што такія людзі кіруюцца цынічным разлікам. Чаму б не атрымаць што-небудзь танней? Проста ў людзей даволі нізкі маральны парог. Хтосьці апускаецца да таго, што гатовы займацца такой скупкай. Ну і, вядома, заўсёды можна знайсці шмат псеўдамаральных апраўданняў, але гэта проста паказвае амаральнасць якіх то людзей», — лічыць Вадзім.
Калі можна купляць тавары, вырабленыя зняволенымі?
У некаторых краінах існуе сацыяльна арыентаваны бізнес, які дапамагае сацыялізавацца зняволеным. Напрыклад, успамінае Вадзім, у Швецыі ёсць кафэ, дзе зняволеныя працуюць афіцыянтамі і спрабуюць сацыялізавацца. Карыстаючыся прадукцыяй гэтага бізнэсу, чалавек фінансуе людзей, якія хацелі б сацыялізавацца.
У некаторых турмах Грузіі ёсць пякарні, дзе зняволеныя пякуць хлеб. Яго ядуць у самой турме і прадаюць. Зняволеныя атрымліваюць за гэта адэкватны рынку заробак. Ён прыходзіць на банкаўскую картку. Яго можна як выдаткаваць у турэмнай краме, так і забраць з сабой пасля вызвалення.
«Але проста ва ўсіх гэтых прыкладах гаворка ідзе пра тое, што зняволеныя займаюцца гэтым а) добраахвотна і б) атрымліваюць за гэта прымальныя грошы, — нагадвае Вадзім. — А ў беларускім выпадку зняволеныя займаюцца гэтым не добраахвотна, і тыя грошы, якія яны за гэта атрымліваюць, абсалютна ўмоўныя. Натуральна, гэта ўсё вельмі далёка ад тых рэалій, пра якія ідзе гаворка ў Беларусі. Таму што і зняволеныя тут паднявольныя, і грошы ідуць, уласна, у МУС, а не зняволеным».