Нататнік аднаго з вязняў гродзенскага гета «тэатралізавалі» рэжысёрка Ганна Суліма і журналіст Руслан Кулевіч. Другая прэм’ера перфомансу адбылася 30 ліпеня ў неадрэстаўраванай залі Вялікай Харальнай сінагогі ў Гродне.
Знойдзеная ў гета кніжка мае памеры 10,3×6,5 см, з надпісам на вокладцы па руску «Записная». Да кніжкі быў прымацаваны аловак даўжынёй 5 сантыметраў. Запісы ў нататніку вяліся па-польску з 12 лютага па 8 красавіка 1943 года. Імя іх аўтара застаецца невядомым. У 2011 годзе ксёндз Юзаф Макарчык выдаў нататнік на чатырох мовах — па-беларуску, па-польску, па-англійску і па-руску.
«12-II-43. Дзень нараджэння Тосенькі». «13-II-43. Субота. Чыстка — забойства маёй Тосенькі а 10-й раніцы каля бажніцы».
«24-III-43. Прыгожыя сонечныя дні. „Ці сонца засвеціць на нашым двары“ і для мяне? Пакуль што яно асвятляе магілу майго дзіцяці — дачкі Тосенькі, усяго майго багацця, майго жыцця. Майму таварышу снілася, што ўсё ўжо скончылася. Мы свабодныя, „дабрадзеяў“ няма. — Адчуваецца, што ён паволі, а можа і хутка, канае».
Перфоманс ішоў пад аўдыё запіс, які зрабіла рэжысёрка Ганна Суліма разам з музыкам Дзянісам Кудраўцавым. Жаданне зрабіць пастаноўку з «чалавекам у тэме», а не прафесійным артыстам, Ганна тлумачыць апасеннямі - актор мог бы пачаць «іграць». Ёй жа хацелася паказаць жыццё звычайнага чалавека, што волею лёсу патрапіў у нечалавечыя абставіны.
«31-III-43. У нас з’явілася 2 літры вады, бульбы няма. Ахова змяшаная з мясцовай паліцыяй, крыху слабейшая. Дождж цярусіць удзень і ўначы, з невялікімі перапынкамі, але шчасця сабраць вады няма. Надвор’е паскуднае, халоднае; моцны вецер, які высушвае ваду».
«8-IV-43. Уначы і ўдзень фармальна няма дзе сесці, нават скурчаным. Пакуты страшэнныя. Холадна, дождж, снег, вецер.
Я сніў сон, які, дай Пане Божа, каб як мага хутчэй спраўдзіўся. Гэта будзе сапраўдны цуд на свеце і для нас, няшчасных. Я хадзіў па Гродне, па разбуранай Маставой, без жоўтых латак.
Быў прыгожы сонечны дзень. Там гулялі скрозь габрэі і габрэйкі з дзецьмі, усяго каля 200 чалавек … усе без латак, без дратоў гета, ходзяць весела, усміхаючыся, шпацыруюць, свабодныя ад катаў, якіх не відаць і няма…
Хай бы Пан Бог даў, каб гэта як мага хутчэй мой сон спраўдзіўся, каб дапамог мне злучыцца з маёй Фэлюняй і Генюсем. Я знайшоў каля 15−20 кілаграмаў ячных крупаў".
Гледачы перфомансу размяшчаліся па баках ад імправізаванай сцэны. «Разумею, што гэта не камфортна, што можа перашкаджаць засяродзіцца на дзеяннях героя. Атмасфера дыскамфорту створана наўмысна, каб гледачы адчулі, як ў маленькім нязручным памяшканні мусілі дзень і ноч жыць шэсць чалавек», — тлумачыць рэжысёрка.
Адной з глядачак перфоманса была 83-гадовая Зоф’я Закшэўска. Яна памятае, як яўрэяў з гета вывозілі ў лагеры смерці.
«Бабуля мая ў доктара сцірала бялізну. У доктара была ўнучачка, Малка, дзяўчынка майго ўзросту. У той час нам было чатыры гады, пяты год. Бабуля брала мяне з сабой. Мы заўсёды хадзілі з гэтай дзевачкай. Яны мне адзявалі такі самы фартушок як сваёй унучачцы і мы хадзілі разам, як дзе сястрычкі. Я была светлага валаса, яна чорнага, абедзьве кучаравыя. Былі як дзве сястрычкі. Яе бацька прасіў, каб мама забрала гэтае дзіця да сябе. Калі яўрэяў гналі на цягнік, мы стаялі з мамаю і малодшай сястрычкаю на тратуары. Той мужчына падпіхнуў да нас дзяўчынку гэту. Мама яе ўхваціла і стала адыходзіць. Можа, каб мы не сыходзілі, то гэта дзіцё і маўчала бы. А так яна як пабачыла, што таты няма, нарабіла крыку, кінулася да бацькі. Мама скарэй ходу. Гэта беднае дзіцё бацька ўзяў на рукі і пайшоў далей. Вось такая гісторыя ёсць у маёй памяці… Не хачу, каб вам гэта нават прыснілася, не тое, што перажыць самім».
Першае пытанне з залі па сканчэнні перфоманса было да Руслана Кулевіча: «Як ты пачуваўся ў ролі вязня?»
Каб даць магчымасць паспрабаваць самім «прымерыцца» да гэтай ролі, гледачам прапанавалі зачытаць старонкі нататніка і падзяліцца ўражаннямі.
Уладзімір Пруднікаў: «Знаходзячыся ў гэтай неадрэстаўраванай залі проста адчуванне ідзе, як у такіх умовах падчас існавання гета жылі ягоныя жыхары».
Барыс Квяткоўскі: «Мяне прывяло ў захапленне тое, што яму сняцца сны пра мінулае мірнае жыццё. Усе яны вясёлкавыя, радасныя, цікавыя… Звярніце ўвагу, ён не піша пра тыя страхі, відавочцам якіх ён быў».
«Страшна. Асабліва момант, калі ён кажа пра выбар — ратаваць уласнае жыццё ці ратаваць людзей, каторыя жывуць побач. Вельмі складана мне, чалавеку які жыве ў мірнай краіне, у мірны час, уяўляць усё гэта. Мы ніколі не зможам… Спадзяюся, што не зможам, уявіць як гэта насамрэч было».
Кшыштаф Матчэгон з Сакулкі: «Што тут скажаш. Ніколі не зведаў чагосці такога. Не можа чалавек чалавеку такога рабіць. Незалежна ад веравызнання ці нацыянальнасці».
Таня Каліневіч: «Кожнаму жыхару гэтага месца, гэтай хованкі, снілася, што яны свабодныя. Яны снілі гэта амаль кожную ноч. Мне здаецца, што гэта вельмі цяжка, адчуваць сябе свабодным толькі ў сне».
«Многія рэчы ў жыцці мы ведаем з гісторыі. Але мы — людзі. У нас ёсць свае зоны камфорту, слабасці, звычкі, — кажа Яўген Калодзін. — Мы маем уласцівасць забываць рэчы, якія ведаем шмат гадоў. Трэба ізноў запускаць іх у сябе, каб перажыць нанова. Тэма [халакосту] мала каго пакідае раўнадушным. Унутранае трымценне, перажыванне, драматызм робяць нас лепшымі, святлейшымі. Чалавек, які шчыра саперажыў, ён не пойдзе на такія злачынствы. Зла ў свеце будзе менш».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…