Камендантам Гродна быў супярэчлівы беларускі палкоўнік: стаў героем вайны за незалежнасць, але пасля працаваў на тры спецслужбы
Ідучы на службу ў царскую армію ўлетку 1914-га, 25-гадовы гарадоцкі настаўнік Мікола Дзямідаў хіба не мог і ўявіць, што да цывільнага жыцця ён вернецца толькі на чацвёртым дзясятку. Вайна і рэвалюцыя дапамаглі яму здабыць славу і ўстаць у шэрагі герояў беларускага нацыянальнага руху. І нават праца на некалькі спецслужбаў не знішчыла ягонай рэпутацыі. Да ўгодак нараджэння каменданта Гродна згадваем ягоны супярэчлівы жыццёвы шлях.
Ці стаў бы героем без дзеда?
Мікола Дзямідаў нарадзіўся ў Гарадку на Беласточчыне 10 снежня (22 снежня на новы стыль) 1888 года. Ягоны бацька — Станіслаў Катнароўскі — памёр неўзабаве пасля з’яўлення на свет сына. Аднак Аляксандра Каліноўская нядоўга заставалася ўдавой: ужо ў 1889-м яна пабралася шлюбам з Янам Дзямідавым з сям'і мясцовых фабрыкантаў. Новы муж усынавіў яе дзіця акурат у першыя народзіны — 10 снежня 1889 года. Так Мікола стаў Дзямідавым.

У дзяцінстве найбольшы ўплыў на яго мелі не маці ці айчым, а дзед — Аляксандр Каліноўскі. Яго часта называюць родным братам Кастуся Каліноўскага, але гэта, верагодна, памылкова. Хутчэй за ўсё, дзед Дзямідава і Кастусь — стрыечныя браты.
Аляксандр Каліноўскі не даваў унуку забыцца пра паўстанне — і гэта пазней паўплывала на прыхільнасць Дзямідава да беларускага нацыянальнага руху. У 10 гадоў Мікола паступіў у філалагічную гімназію ў Ломжы — і там ягонае выхаванне пераняў Станіслаў Катнароўскі, дзед па бацькавай лініі, які акурат меў маёнтак у гэтым падляскім гарадку.

Але ні дзедаў маёнтак, ні фабрычныя справы Дзямідавых юнага Міколу не вабілі: у 1905-м ён здаў экзамен на настаўніка двухкласавых пачатковых школ у свіслацкай семінарыі. Праз два гады як вольны слухач паступіў на вячэрнія курсы гістарычна-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, паралельна працуючы ў канцылярыі на чыгунцы. Пазней кіраваў беластоцкай двухкласнай школай Польскай чыгункі. Здаў экзамены на настаўніка павятовых і гарадскіх школ. Педагагічную кар’еру спыніла лета 1914-га.
Камісарам патрапіў у нямецкі палон
У ліпені 1914 года Дзямідава мабілізавалі ў расійскую армію. Імперыя рыхтавалася да вайны. Праўда, франтавіком сваяк Каліноўскага так і не стаў: спачатку служыў у гаспадарчых часцях, а пасля і ўвогуле апынуўся ў сталіцы, атрымаўшы пасаду аддзелу мабілізацыі афіцэраў у Петраградзе. Неўзабаве беларус пачаў афіцэрскую кар’еру: спярша наведваў курсы ў Мікалаеўскай вайсковай акадэміі, пазней паступіў у Першую Паўлаўскую вайсковую школу. З апошняй Мікола выпусціўся 1 лютага 1917-га.
Невядома, як Дзямідаў сустрэў лютаўскую рэвалюцыю, а вось бальшавіцкі пераварот ён падтрымаў, уступіўшы ў саюз афіцэраў-рэвалюцыянераў. Неўзабаве яго прызначалі Навагрудскім акруговым камісарам. У пачатку 1918-га былы настаўнік па службовых абавязках адправіўся ў прыфрантавы Дзвінск (будучы Даўгаўпілс) на беларуска-латвійскім памежжы. Там ён неўзабаве, пасля імклівага лютаўскага наступу немцаў, трапіў у палон, у якім і правёў амаль увесь 1918-ы.
Ладзіў беларускае войска ў Гродне
У лістападзе 1918-га Дзямідава вызваліла з палону новая рэвалюцыя — нямецкая. Гэтым разам ён падаўся не да бальшавікоў, а ў Вільню. Там у той час беларусы спрабавалі паразумецца з літоўцамі. Былы прэм’ер БНР Язэп Варонка ўзначаліў міністэрства беларускіх спраў у мясцовым урадзе. А 1 снежня ў Міністэрстве абароны краю стварылі беларускую секцыю, Туды ж адразу камандзіравалі паручніка Дзямідава.
Беларусы пачалі фармаваць два пяхотныя палкі, аднак неўзабаве Вільня апынулася пад пагрозай бальшавікоў. Міністэрства Варонкі і беларускія вайскоўцы не падаліся разам з літоўцамі ў Коўна, а выправіліся ў Гродна — такое рашэнне абгрунтавалі магчымасцю мабілізаваць беларусаў на не занятай Чырвонай Арміяй Гродзеншчыне. У гэты час Дзямідава (ужо капітана) са згоды літоўскага ўрада прызначылі камендантам горада і Гродзенскай вайсковай акругі.
29 студзеня 1919-га Варонка абвясціў мабілізацыю афіцэраў на Гродзеншчыне. А ўжо 1 лютага Дзямідаў сваім загадам № 1 распачаў набор добраахвотнікаў у склад 1-га Беларускага пяхотнага палка (БПП) літоўскай арміі. У сярэдзіне лютага ён налічваў 80 афіцэраў і 63 жаўнеры. Неўзабаве наплыў рэкрутаў павялічыўся — і асабовы склад вырас да 800 чалавек.
Паралельна з расфармарванага яшчэ ў Вільні штаба 2-га беларускага пяхотнага палка стварылі батальён гродзенскай камендатуры. Ён налічваў каля 350 чалавек і падпарадкоўваўся асабіста Дзямідаву. Для гэтых вайскоўцаў месца ў сваім палацы выдзяліў праваслаўны епіскап Уладзімір — цяпер гэта будынак Гродзенскай епархіі на вуліцы Філарэта.

Вярбовачныя пункты ў склад беларускіх аддзелаў літоўскай арміі адкрылі ў Ваўкавыску, Беластоку, Слоніме, Радуні, Лідзе, Саколцы, Пружанах, Кобрыне, Берасці, Васілішках, Шчучыне, Друскеніках. У паразуменні з гродзенскай нямецкай камендатурай Дзямідаў зладзіў закупкі харчоў, абмундзіравання і зброі. Сродкі на іх бралі з датацыяў літоўскага ўраду і падаткаў мясцовага насельніцтва. Такі шырокі размах вайсковай справы на Гродзеншчыне ставяць у заслугу менавіта энергічнай дзейнасці каменданта. Ён жа зладзіў ахову французскай і амерыканскай вайсковых місій, якія наведалі горад.
Збіраючыся перадаць Гродна палякам, немцы і літоўцы пачалі рыхтавацца да выхаду з горада — беларусы ж гэта рабіць адмовіліся. Прыкладна ў той час некаторыя іх аддзелы перайшлі на ўтрыманне БНР. Адчуўшы гэтыя незалежніцкія тэндэнцыі, літоўцы прызначылі гродзенскім камендантам расійскага афіцэра 1-га БПП капітана Леаніда Калугіна. Але Дзямідаў сваёй пасады не пакінуў.
Немцы канчаткова пакінулі Гродна 29 красавіка — горад і крэпасць апынуліся ў руках палякаў. Разам з імі застаўся і 1-ы БПП, які, паводле пагаднення, мусіў і надалей быць самастойнай адзінкай у складзе літоўскай арміі, аднак у справах абароны ад бальшавікоў падпарадкоўвацца польскаму камандаванню.

Першыя польскія часткі ўжо на другі дзень у Гродне раззброілі і арыштавалі беларускіх гусараў, аднак агулам суіснаванне пачыналася мірна. Затрыманы эскадрон вызвалілі 5 траўня, вайскоўцы зладзілі польска-беларускі парад, у замку адбываліся сумесныя банкеты.
Ідылія скончылася 30 траўня з загадам палякаў перавесці 1-ы БПП у Слонім. Беларусы, спасылаючыся на ранейшую дамову, рабіць гэта адмовіліся — і іхныя аддзелы раззброілі. Улагоджваць канфлікт прыехаў сам начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі. На нейкі час беларусаў пакінулі ў спакоі, аднак 11 чэрвеня палякі падзялілі жаўнераў палка паводле веравызнання: каталікоў адправілі ў польскія казармы, праваслаўных і жыдоў дэмабілізавалі, а афіцэрам прапанавалі далучыцца да Войска Польскага. Міколу Дзямідава і яшчэ некалькіх чалавек арыштавалі.
Апошнім з балахоўцаў адыходзіў з беларускай зямлі
Спачатку палякі жадалі абмяняць Дзямідава на арыштаванага раней ім жа Казіміра Цвірку-Гадыцкага — беларускага дзеяча, які ад імя фіктыўнай Беларускай краёвай рады выказаў жаданне народа злучыцца з Польшчай. Зрэшты, ад плану адступіліся: у ліпені 1919-га Дзямідава інтэрнавалі ў Беластоку, а ў неўзабаве і вызвалілі з палону. Цвірка-Гадыцкі ж сядзеў пад вартай у Коўне да суда.
У верасні былы гродзенскі камендант, спрабуючы вярнуцца да цывільнага жыцця, паступіў на беларускія настаўніцкія курсы ў Беластоку. Аднак развітацца з пагонамі ён памкнуўся заўчасна: у кастрычніку афіцэр увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі (БВК), легалізаванай дэкрэтам Пілсудскага. Гэтая арганізацыя мела на мэце ствараць беларускія аддзелы ў Войску Польскім.
Дзямідаў разам з БВК пераехаў у Мінск, адкуль яго ў неўзабаве скіравалі ў адкрытую ў Варшаве беларускую школу падхарунжых. Даволі хутка афіцэр расчараваўся ў дзейнасці новай арганізацыі.
Улетку 1920-га Чырвоная Армія, заняўшы Беларусь і частку Украіны, імкліва наступала на Польшчу. Дзямідаў у кароткі тэрмін здолеў сфармаваць батальён з 700 жаўнераў і афіцэраў, імаверна, скарыстаўшыся тымі самымі сувязямі, з дапамогай якіх у 1919-м ладзіў аддзелы на Гродзеншчыне. Са сваім новым войскам ён далучыўся да генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
З балахоўцамі былы гродзенскі камендант вярнуўся з Польшчы ў Беларусь і паўдзельнічаў у ягоным палескім паходзе. У лістападзе 1920-га батальён Дзямідава некалькі дзён зацята біўся за Калінкавічы. Адступаючы, ён прыкрыў аддзелы Язэпа Булак-Балаховіча, малодшага брата генерала. А пазней дзямідаўцы разам з іншымі беларускімі аддзеламі ў цяжкіх умовах перайшлі Прыпяць, каб выратаваць ад савецкага палону ўжо самога Бацьку.
Пазней рэшткі войска Балаховіча інтэрнавалі палякі, але сам Дзямідаў застаўся на правым баку Прыпяці.
«Даручаны мне батальён на заклік не пакідаць роднай зямлі і абараняць яе да канца, нягледзячы на поўны адыход расейскай (аддзелы Балаховіча былі інтэрнацыянальнымі, і немагчыма сказаць, якую частку ягонага войска складалі беларусы — Hrodna.life) арміі, з энтузіязмам сустрэў гэтую вестку», — заявіў Дзямідаў 28 лістапада. Імаверна, да яго дайшла інфармацыя пра пачатак Слуцкага збройнага чыну. У той час ягоныя аддзелы налічвалі каля 400 чалавек. З 29 лістапада па 3 снежня батальён правёў некалькі баёў з чырвонаармейцамі.
Яшчэ маючы на ўвазе магчымы польскі наступ, Дзямідаў паспрабаваў дамовіцца, каб у выпадку новай канфрантацыі ягоныя аддзелы далучыліся да Беластоцкага пяхотнага палка. Але чаканне зацягнулася — і ў пачатку студзеня жаўнерам і афіцэрам ужо не было чаго есці. Па дапамогу камандзір адправіўся ў Варшаву, дзе прапанаваў злучыць свой батальён з 1-й Слуцкай стралковай брыгадай. З гэтай ідэі нічога не выйшла: праз абвінавачанні з боку некалькіх беларускіх дзеячаў Дзямідава інтэрнавалі і адправілі ў лагер у Радаме. Туды ж выслалі і ўвесь ягоны батальён, які стаў апошняй беларускай часткай, што ўступіла ў адкрыты бой за незалежнасць Беларусі з рэгулярным войскам.
«Пабачыўшы арганізацыю батальёна капітана Дзямідава, ведаючы людзей і яго самога, я ведаю, што гэты чалавек, сапраўды мае ўзнёслую мэту і імкнецца да вызвалення Радзімы», — так у сваіх мемуарах апісваў батальён Дзямідава ў складзе арміі Балаховіча польскі назіральнік Станіслаў Ліс-Блонскі, які звычайна не шкадаваў эпітэтаў для крытыкі балахоўцаў.
Працаваў на некалькі спецслужбаў
Пасля інтэрнавання Дзямідаў апынуўся ў родным Гарадку, дзе стаў дырэктарам 7-класнай школы і ўключыўся ў грамадскую дзейнасць. Вылучыўшыся кандыдатам на выбарах у Сейм, у 1922-м былы афіцэр патрапіў пад арышт. Вызвалены з-пад варты, ён не стаў чакаць суда і з’ехаў у Вільню, а пасля з дапамогай Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча перабраўся ў Латвію, дзе яго прыняў стары вайсковы паплечнік Езавітаў.

У новай краіне Дзямідаў вярнуўся да настаўніцтва. Ужо ў 1923 годзе ён стаў дырэктарам 1-й беларускай пачатковай школы ў Рызе, у якую запісалася каля 150 вучняў - Езавітаў назваў гэта нечаканым поспехам для беларускай грамадскасці. Праз год Дзямідаў стварыў культурна-асветнае таварыства «Беларуская хата», колькасць удзельнікаў якога ў 1930-я дасягнула больш за 600 чалавек.
Пасля ўсталявання дыктатуры Ульманіса ў 1934 годзе нацыянальныя меншасці ў Латвіі апынуліся ў цяжкім становішчы. Але гэта не закранула ані Дзямідава, ані ягоныя «Беларускую хату» і Таварыства беларускіх настаўнікаў. І невыпадкова: архівы пацвярджаюць, што ў 1934−1939-я гады беларускі афіцэр супрацоўнічаў з латвійскай палітычнай паліцыяй.
Ягоным куратарам быў Віктар Корці, сакрэтны агент і кіраўнік сеткі інфарматараў. Дзямідаў даваў сведчанні пра настроі беларусаў у Латвіі, дзейнасць сваіх таварыстваў. Ён не меў мянушкі і не атрымліваў заробку, але за сваю дзейнасць прасіў Корці аб паслугах: той, напрыклад, дапамог свайму падапечнаму ўзяць даведку аб палітычнай добранадзейнасці для афармлення пенсіі і паспрыяў ва ўладкаванні на працу некалькіх беларускіх настаўнікаў.
«Дзямідаў, беспартыйны, лаяльны ў адносінах да Латвіі, намагаецца фарсіраваць кірунак латвійска-дзяржаўніцкі і выкарыстоўвае дзеля гэтай мэты адзіную беларускую арганізацыю Настаўніцкі саюз», — характарызавалі стасункі паміж латвійскімі беларусамі ў польскай амбасадзе.
Стасункі Дзямідава са спецслужбамі не абмежаваліся латвійскай «ахранкай». Напрыканцы 1930-х Дзямідаў пачаў кантактаваць з беларускай эміграцыяй у Нямеччыне, а ў 1939-м сам наведаў Берлін. Гісторык Юрый Грыбоўскі са спасылкай на архівы сцвярджае, што нямецкая выведка даручыла беларусу завербаваць на выезд у рэйх 2 тысячы грамадзян Польшчы, якія знаходзіліся ў Латвіі на сезонных сельскагаспадарчых работах. Абвер планаваў скіраваць іх у дыверсійныя школы і выкарыстаць у вайне з палякамі. Наўрадці Дзямідаў здолеў адправіць багата патэнцыйных дыверсантаў, бо гэта б папросту не дазволілі латвійскія ўлады. Тым не менш, сам ён не адмаўляў, што чатыры асобы выехалі за ягоным пасярэдніцтвам.
Пасля акупацыі Латвіі бальшавікамі Дзямідава затрымалі савецкія спецслужбы. Чэкісты ўжо ведалі пра ягоныя кантакты з латвійскай палітахранкай і Абверам. Неўзабаве беларуса перавялі на Лубянку. І там ён стаў агентам трэцяй спецслужбы.
«Мушу адзначыць, што маю пра яго як мага найгоршае меркаванне. Не толькі я, але і многія вязні ў камеры былі перакананыя, што сп. Дзямідаў даносіў пра ўсе размовы ў НКУС. Вяртаючыся са следства, заўсёды прыносіў з сабой папяросы і яблыкі, што з нікім ніколі не здаралася. Шматразова таксама падкрэсліваў, што заўсёды супрацоўнічаў і меў кантакты з саветамі. Я глыбока перакананы, што так было, зрэшты, дакладна ведаю, што ён быў вызвалены з турмы пасля таго, як пачалася нямецка-савецкая вайна. Гэта апошні чалавек, да якога, на маю думку, можна мець давер», — апісваў сваё знаёмства з Дзямідавым польскі генерал Уладзіслаў Андэрс у лісце да Рады БНР, пададзеным Лявонам Юрэвічам у кнізе «Шматгалосы эпісталярыум». Следства ў дачыненні беларуса спынілі 22 сакавіка 1941-га выпусцілі з-пад варты 10 чэрвеня, пасля чаго ён паехаў у Рыгу.
У прадмове да кнігі Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» латвійскі даследчык Эрык Экабсонс заклікаў браць пад увагу кантэкст, у якім пачыналі супрацу з савецкімі спецслужбамі беларускія дзеячы: «У Езавітава — давер да СССР і Беларускай ССР, характэрны для большай часткі беларускай палітычнай эміграцы ў 20-я гг. (з ілюзіямі пра магчымасць свабоднага развіцця беларускай культуры на радзіме), а ў Дзямідава — безвыходнае становішча ў савецкім заключэнні перад пагрозай смерці. Аднак зразумела, што летам 1941 года пры рэзкай змене сітуацыі абодва спынілі супрацоўніцтва і сталі на шлях супрацьстаяння савецкай уладзе, спадзеючыся з дапамогай і пры пасярэдніцтве нямецкай акупацыйнай улады дасягнуць мэты сваёй шматгадовай дзейнасці - стварэння незалежнай беларускай дзяржавы».
Спрабаваў дамовіцца з Уласавым
З пачаткам савецка-нямецкай вайны Дзямідаў застаўся ў Латвіі, зноў сканцэнтраваўшыся на ўлюбёнай справе — настаўніцтве. Аднак прапрацаваўшы дырэктарам беларускай пачатковай школы і інспектарам, напрыканцы 1942-га ён з’ехаў на радзіму: акупацыйныя ўлады насцярожана ставіліся да былога «госця» Лубянкі, а латвійскія выкладчыкі варожа ўспрымалі ягоную працу на ніве прасоўвання беларушчыны ў краі.

У 1943-м Дзямідава прызначылі школьным інспектарам у Лідскай акрузе. Але неўзабаве настаўніцкі мундзір зноў давялося змяніць на вайсковы. Паводле адных звестак, ён дапамог арганізаваць батальён беларускай самааховы — іншыя ж сцвярдаюць, што афіцэр удзельнічаў у стварэнні аддзелаў Беларускай краёвай абароны (БКА). У кожным разе чакаць другіх Саветаў ён не стаў і, выступіўшы на II Усебеларускім кангрэсе 27 чэрвеня 1944-га, зноў пакінуў Беларусь. Цяпер ужо назаўсёды.
Дзямідаў апынуўся ў Берліне, дзе 12 кастрычніка 1944-га яго прызначылі намеснікам начальніка падафіцэрскіх курсаў пры 1-м кадравым батальёне БКА, пазней адкамандзіраваны на працу ў Мабілізацыйны аддзел Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). Аднак 20 снежня 1944 года новы паварот жыцця: палкоўнік звольніўся і перайшоў у армію расійскага генерала Андрэя Уласава.
Чым растлумачыць такі крок? БЦР акурат вяла перамовы з Уласавым аб стварэнні супольнага антысавецкага фронту і фармаванні беларускіх частак у ягонай арміі. Імаверна, дзеля актывізацыі гэтай справы там апынуўся і Дзямідаў. Аднак у новым войску той пратрымаўся ўсяго адзін дзень: ужо 20 снежня ён праз Езавітава перадаў БЦР, што расчараваны ўласаўскім падыходам да беларускіх спраў, і папрасіў паўторна прыняць яго ў беларускае войска. Спробу задаволілі - вайну афіцэр скончыў у тым самым кіраўніцтве вайсковых спраў БЦР.
Напрыканцы жыцця ўдарыўся ў рэлігію
Па вайне Дзямідаў апынуўся ў французскай акупацыйнай зоне. Спачатку ён узначаліў камісію вайсковых спраў у адроджанай Радзе БНР, аднак больш яго займалі справы рэлігійныя. Дзямідаў актыўна ўдзельнічаў ў стварэнні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ).
У 1950-м Дзямідаў пераехаў у ЗША, дзе таксама ўключыўся ў рэлігійнае жыццё, працуючы на карысць БАПЦ. Стасункі з беларускай эміграцыяй складаліся па-рознаму: адны паважалі афіцэра, іншыя пасмейваліся з яго часам празмернай энергічнасці, а трэція насцярожана ўспрымалі яго пасля гісторый з латвійскай палітахранкай і НКУС.
«Палкоўнік — добры чалавек, толькі яго безумоўна добра трэба трымаць за полы. У яго выяўляюцца нравы, якія бываюць у многіх старых людзей. А ён моцна стары», — пісаў прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык.

«Ён характару парывістага: часамі добрую прыслугу можа зрабіць, а часамі -хоць уцякай ад яго. Усё залежыць ад настрою, а настрой ад напою — ці ў меру, ці праз меру. А часамі настрой залежыць і ад „залежнасці“, і ад аўтарытэту. Настрой яго ўмерыць я стараюся, велічаючы яго тытулам „палкоўнік“», — апісваў знаёмства з Дзямідавым дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Янка Чарапук.
Палкоўнік памёр у Чыкага 23 мая 1967 года ва ўзросце 77 гадоў. Сучаснікі сцвярджалі, што пад канец жыцця ён дайшоў да поўнай галечы. Дзямідава хавалі паводле ўніяцкага абраду: да гэтай царквы афіцэр далучыўся ў апошнія гады. Няйначай і тут адыграла ролю дзедава навука: Кастусь Каліноўскі быў зацятым прыхільнікам уніяцтва. Хто ведае, можа, калісьці і гродзенскі камендант, як і ягоны славуты продак, зойме заўважнае месца на старонках беларускай гісторыі?
Чытайце таксама: У Мастаўлянах плануюць аднавіць сядзібу Каліноўскіх


