Чаго не хапае настаўнікам, а ад чаго, наадварот, галава ідзе кругам? Колькі сёння зарабляюць у школах? Напярэдадні Дня настаўніка Hrodna.life пагутарыў з прадстаўнікамі гэтай прафесіі і даведаўся, чаму яны яе абралі.

Мала грошай, адпачынак летам і шмат папераў. Настаўнікі пра плюсы і мінусы сваёй працы
Фота: Roman Mager, unsplash.com

“Прафесія выбрала мяне”. Вераніка Валчкевіч, 27 год, настаўніца

 Прафесію настаўніка Вераніка не выбірала. Хутчэй, прафесія выбрала яе. Спачатку яна працавала выкладчыцай ва ўніверсітэце.

“Калі я пачала працаваць ва ўніверсітэце, я заўважыла, што студэнты маюць патрэбу ўва мне, у тым, чаму я іх вучу. І мая праца здабыла сэнс і каштоўнасць для мяне”, – кажа Вераніка.

Быць настаўнікам – пастаянна развівацца

Вераніка кажа, што ў працы настаўніка ёсць шэраг плюсаў.

“Па-першае, я шалёна люблю дзетак, па-другое, ты даеш дзецям веды, па-трэцяе, гэта перш за ўсё праца з людзьмі: дзецьмі, бацькамі, калегамі. Гэта значыць, ты пастаянна развіваешся ў зносінах. Па-чацвёртае, ты развіваешся агулам праз удзел у розных канферэнцыях, алімпіядах, у творчай дзейнасці: пішаш артыкулы, вершы, апавяданні і г.д. Для мяне быць настаўнікам – гэта ўвесь час развівацца. Таму я ў выніку ім і стала”.

Мала грошай, адпачынак летам і шмат папераў. Настаўнікі пра плюсы і мінусы сваёй працы
Фота: Dawid Malecki, unsplash.com

Апроч гэтага, да пераваг сваёй працы Вераніка адносіць вялікі адпачынак – пры тым летам. “Ведаю, на іншых працах у людзей з гэтым бываюць праблемы”.

Дакументацыя, недахоп вольнага часу і заробкі

Работа настаўніка мае і адмоўны бок. На думку Веранікі, значны мінус прафесіі – шмат дакументацыі. “Адсюль і недахоп вольнага часу, таму што ты пастаянна заняты запаўненнем журналаў, ведамасцей і г.д.”

Каб зэканоміць час, дакументацыю нарэшце трэба перавесці ў электронны выгляд, кажа Вераніка.

Вераніка, як і яе калегі, чакае павышэння тарыфу першага разраду. Але не думае, што пасля гэтага яе дабрабыт значна палепшыцца. “З ростам заробкаў растуць і цэны на прадукты, таму наўрадці гэта будзе заўважна”.

“Гэта прэстыжна”. Аляксандра Мініч, настаўніца малодшых класаў з 37-гадовым стажам

Аляксандра Васільеўна – настаўніца малодшых класаў, якая ўжо чацвёрты год працуе на пенсіі. “У мой час прафесія настаўніка была вельмі прэстыжнай”, – кажа яна, але зараз хутчэй шкадуе аб такім выбары. Зарплаты “стабільна малыя”, а пасля 37 гадоў працы пенсія – усяго 300 рублёў.

Мала грошай, адпачынак летам і шмат папераў. Настаўнікі пра плюсы і мінусы сваёй працы
Фота: rawpixel

У вялікім горадзе бяруць на працу без праблем

Адпрацаваўшы тры гады на пенсіі ў родных Ганцавічах, Аляксандра Васільеўна была вымушана з’ехаць у Брэст. Знайсці больш-менш годную працу ў невялікім райцэнтры не атрымалася. У родным горадзе на месца Аляксандры Васільеўны прыйшла маладая настаўніца.

Аляксандра кажа, што ў невялікім райцэнтры знайсці працу вельмі складана і маладым. А ў Брэсце настаўніцу з вялікім досведам узялі з задавальненнем.

Перагружаныя класы, мітынгі і “папяццот”

З плюсаў сваёй працы Аляксандра Васільеўна, бадай як і большасць настаўнікаў, адзначае вялікі летні адпачынак. Але кажа і пра праблемы. У школе, дзе яна зараз працуе, класы перагружаны. “Клас 30 чалавек – гэта зашмат. Аптымальна 20, ну 25”.

Палову працы займае запаўненне ўсялякіх папераў і справаздач. “Замест дзяцей прысвячаем час паперам”. Добраахвотна-прымусовае святкаванне дзяржаўных святаў з абавязковым наведваннем мітынгаў таксама дасведчанай настаўніцы недаспадобы.

Раней у Ганцавічах Аляксандра Васільеўна зарабляла абяцаныя “папяццот”. Праўда, рублёў. Зараз спадзяецца, што пасля павышэння заробкаў будзе мець рублёў 600-650.

“Праца ў школе – не маё”. Кацярына, былая настаўніца, рэпетытарка

Кася прызнаецца, што ніколі не збіралася быць настаўніцай, ёй проста хацелась вучыць мовы. Таму яна і абрала лінгвістыку. На апошнім курсе ўніверсітэта Кацярына ўжо падпрацоўвала выкладчыцай у каледжы.

“Мне трохі падабалася працаваць у каледжы, бо там я займалася тэхнічнай англійскай мовай. І яшчэ мне падабаецца працаваць з крыху старэйшай моладдзю”.

Зараз Кася займацецца рэпетытарствам. Ёй гэта даспадобы, бо цяпер яна займаецца “сапраўднай англійскай”.

“Тут мне не трэба падпарадкоўвацца школьнай праграме. А праца ў школе – гэта не маё”. Пры гэтым яна ўзгадвае пазітыўныя моманты школы: доўгі адпачынак, пастаянны кантакт з дзецьмі і моладдзю, які дае энергію і сілы. І адразу кажа пра негатыў: працы з дакументамі больш, чым з дзецьмі.

Мала грошай, адпачынак летам і шмат папераў. Настаўнікі пра плюсы і мінусы сваёй працы
Фота: thought catalog

“Я не разумела такога патрабавання: пастаянная наяўнасць паўрочнага плану з мэтамі і задачамі. Я лічу, што трэба надаваць больш часу падрыхтоўцы да заняткаў, а не напісанню планаў”.

Пра паперы Кацярына ўзгадвае невыпадкова. Яна выкладала англійскую і была класным кіраўніком, а гэта дадавала яшчэ больш працы з паперамі. Разам з прэміяй ды надбаўкамі для маладога спецыяліста і за класнае кіраўніцтва Кася зарабляла ад 500 да 650 рублёў.

“Я б зноў стала настаўніцай”. Святлана Грыгер

Жаданне стаць настаўніцай у Святланы Іосіфаўны зарадзілася ў школе. “Мне падабалася назіраць за настаўнікамі і мне вельмі хоцелася стаць настаўніцай”.

Пры паступленні ва ўніверсітэт Святлана Іосіфаўна разглядала два варыянты: архітэктура або настаўніца матэматыкі. Пра свой выбар ні кроплі не шкадуе: “Калі б яшчэ раз вярнуцца назад, напэўна, я б зноў стала настаўніцай”.

Пасля ўніверсітэту яе размеркавалі ў Гродзенскі раён, адкуль праз 10 год яна перабралася ў Гродна і пачала працаваць у школе №10 – цяпер гімназіі. У мінулым годзе яна сышла на пенсію.

“Адчуваць зваротную сувязь”

“Безумоўна, матэматыка – адзін з самых складаных прадметаў. Дзецям складана, але калі ты тлумачыш і бачыш, што цябе разумеюць, і ты адчуваеш зваротную сувязь, то разумееш, што ўрок прайшоў недарма”. 

На пытанне пра заробкі Святлана Іосіфаўна адказвае толькі, што калі ў настаўніка дастатковы досвед і катэгорыя, то можна разлічваць на сярэднія па краіне грошы.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]