Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў. Дзе браць нафту, калі не ў Расіі, і колькі страцім — тлумачыць эксперт

Расія не пастаўляе нафту на беларускія НПЗ з 1 студзеня 2020 году. Як паведамляе tass.ru са спасылкай на «Белнафтахім», Беларусь часова перапыніла экспарт нафтапрадуктаў. «Радыё С**бода» напісала, наколькі ўсё сур’ёзна і што можа страціць Беларусь.

«Так, мы пацвярджаем, што вываз нафтапрадуктаў за межы краіны часова прыпынены ў сувязі з сітуацыяй, якая выклікана прыпыненнем [пастаўкі расійскай] нафты на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы», — адзначылі ў канцэрне «Белнафтахім».

Там таксама паведамілі, што запасы і чаканыя пастаўкі ўсіх відаў маторнага паліва выключаюць магчымасць яго дэфіцыту на ўнутраным рынку.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы цяпер працуюць на рэшце сыравіны. На НПЗ кажуць, што запасаў хопіць толькі да сярэдзіны студзеня.

Наколькі ўсё кепска?

Нафтаперапрацоўчая галіна — адна з асноўных крыніц сродкаў для беларускай эканомікі. Беларусь набывае нафту ў Расіі і перапрацоўвае на сваіх НПЗ, пасля прадае ў краіны ЕЗ і Украіну ў выглядзе нафтапрадуктаў - бензін, дыстыляты ды іншае паліва. Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь купіла ў Расіі нафты на 6,8 мільярда долараў, а прадала нафтапрадуктаў на 12,8 мільярда. Агулам жа ВУП у 2018 годзе склаў каля 60 мільярдаў долараў.

Калі запасы на беларускіх НПЗ скончацца раней за аднаўленне паставак, то гэтыя прадпрыемствы чакае прастой і вялікія страты.

Беларускі бок у гэтым канфлікце жорстка таргуецца за цэны на нафту і мае свае аргументы. Пра гэта «С**бодзе» апавядае аглядальніца інтэрнэт-выдання «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

«Пастаўкі спыненыя, бо бакі не ўзгаднілі ўмовы паставак. Расійскі бок сцвярджае, што ў кожны момант можа ўзнавіць пастаўкі. Беларускі бок даўно таргуецца, каб знізіць цэны: пагоршылася якасць нафты і ў цане закладзена прэмія для расійскіх нафтавых кампаніяў. Гэта каля 10 долараў ад кожнай пастаўленай тоны. Беларускі бок цанаваўся, каб гэта знізіць. Бо гэтая прэмія вызначалася даўно, пры меншай цане».

Колькі страчвае Беларусь?

Пра канкрэтныя страты казаць зарана, бо пастаўкі могуць аднавіцца ў кожны момант. Пакуль для беларускіх НПЗ могуць знайсці сыравіну на альтэрнатыўных рынках, каб не дапусціць спынення прадпрыемстваў.

«Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты — дадатковы аргумент у спрэчцы з Расіяй. Беларусь і Расія дамовіліся аб пастаўках на беларускія НПЗ у першым квартале 2020 году 5,7 мільёна тон расійскай нафты. Гэта поўная загрузка магутнасцяў заводаў. Патрэбы спыняць цяпер заводы няма. Пра страты казаць рана, бо нават калі Беларусь цяпер недаатрымае нафты, то гэта можна нагнаць пасля», — тлумачыць Тацяна Манёнак.

Дзе браць нафту, калі не ў Расіі

У апошнія дні мінулага году Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі нафтахімічнай галіны: не было кантрактаў на пастаўку расійскае нафты. Тады ён даручыў падключыць «альтэрнатыўныя крыніцы». Перш за ўсё ішлося пра пастаўкі сыравіны чыгуначным транспартам з партоў на Балтыйскім моры, а таксама аб залучэнні нафтаправоду «Дружба».

За 10 апошніх гадоў Беларусь набывала нафту ня толькі ў Расіі.

  • Напрыклад, у 2017 годзе Беларусь купіла 63 тысячы тон нафтавай сыравіны ў Казахстану. Але ў Расіі тады ж набыла 18 мільёнаў тон.
  • У 2016 годзе Беларусь набыла ў Казахстану 44 тысячы тон, але ў Расіі 18 мільёнаў тон.
  • У 2012 годзе Беларусь купіла 330 тысяч тон нафты ў Венесуэлы, але ў Расіі 21 мільён тон.
  • У 2011 Беларусь паставіла з Венесуэлы 1,3 мільёна тон нафты, з Расіі - 18 мільёнаў. Тады ж паставілі 974 тысячы тон з Азербайджану.
  • У 2010 у Венесуэле закупілі 1,7 мільёна тон нафты, у Расіі - 12 мільёнаў тон.

«Пастаўкі нафтавай сыравіны з Казахстану — чыгункай, гэта невялікія аб’ёмы. Беларусь заўсёды імпартавала крыху нафтавай сыравіны з Казахстану. Можна пастаўляць нафту з Азербайджану, з Венесуэлы. Тэхнічныя магчымасці ёсць. Ёсць магчымасць паставак з Польшчы і таксама праз балтыйскія парты. Але ж галоўнае — цана гэтых паставак. Пакуль расійская нафта самая танная для Беларусі», — кажа Тацяна Манёнак.

Цяпер на беларускіх НПЗ ідзе мадэрнізацыя, якая дазволіць перапрацоўваць нафту з розных краін. Раней былі спробы пастаўляць нафту з Ірану. Але пакуль не завяршыўся падатковы манеўр у РФ, Беларусь атрымлівае нафту цаною прыкладна 80% ад усясветнай. Так што цалкам адмовіцца ад расійскай нафты для Беларусі - вельмі складана, упэўненая Тацяна Манёнак.

Што важна ведаць пра расійскі падатковы манёўр

Нафтавы падатковы манеўр у Расіі - паступовая замена спагнання экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе змяншацца адначасова з павелічэннем ПЗКВ.

Расія пачала рэалізацыю падатковага манеўра з 2019 году. Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расіі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасійскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.

У 2017−2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расійскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт). Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампенсацыя

У снежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $ 3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $ 11 млрд пры найгоршым развіцці падзей.

Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $ 10,6 млрд цягам 2019−2024 гг. Дырэктар даследніцкага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $ 272,3 млн. ​

У кастрычніку 2018 Расія абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $ 405 млн у якасці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазней у кампенсацыі адмовілі. 18 снежня 2019 расійскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расія кампенсуе Беларусі страты ад манеўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсідыяў ацанілі ў $ 1,5 млрд. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі не было.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024