Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка (МГЖГ) нацякнула аб пераходзе на двухкантэйнерную сістэму збору камунальных адходаў. Эколагі лічаць, што гэта прывядзе да горшага сартавання смецця. Чытачка Hrodna.life пагутарыла па прамой тэлефоннай лініі з намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зояй Кулешай і даведалася, ці варта чакаць падобных новаўводзінаў у Гродне.
У чым праблема з сартаваннем смецця ў Мінску
Раней мінскія камунальнікі выказаліся аб магчымым ужыванні двухкантэйнернай сістэмы збору адходаў. Гэта спосаб, пры якім выкарыстоўваецца адзін від бакаў для збору адходаў і іншы — для ўсёй адсартаванай другаснай сыравіны. Цяпер жа выкарыстоўваюць чатыры бакі - асобна для паперы, пластыка і шкла. Заява занепакоіла жыхароў і жыхарак Мінску. У траўні на сайце Petitions.by з’явілася петыцыя ў МГЖХ, якую падпісалі 78 чалавек. Камунальнікі адказалі, што разглядаюць пераход на больш эфектыўную сістэму раздзельнага збору адходаў, аднак не ўдакладнілі, якую менавіта. Таксама ў адказе згадалі аб вытворчасці RDF-паліва.
RDF-паліва, Refuse Derived Fuel — паліва, якое складаецца з адходаў пасля сартавання. Яго вырабляюць з пакінутых пасля адбору другаснай сыравіны і арганікі. У іх лік уваходзяць матэрыялы, якія не перапрацавалі, а таксама моцна забруджаныя. Рэшткі здрабняюць і прэсуюць у гранулы, і потым у брыкеты.
На гродзенскую сістэму збору смецця выдаткавалі велізарныя сродкі
Чытачка Hrodna.life звярнулася па інфармацыю ў Гродзенскую ЖКГ, на Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічнай сартаванні адходаў (ЗУМСА), у чат-боты мясцовых СМІ і на 115.бел. У большасці выпадкаў яе праігнаравалі. Тады яна патэлефанавала на прамую лінію і спытала намесніцу старшыні гарвыканкама Зою Кулешу, ці варта чакаць зменаў у сістэме раздзельнага збору адходаў у Гродне.
«На такую сістэму збору смецця, як у нас, затрачаны велізарныя сродкі. Мы яшчэ не прывучылі насельніцтва да раздзельнага збору, не ўсе добрасумленна да гэтага падыходзяць. Таму я з высокай доляй упэўненасці кажу, што на два кантэйнеры мы нічога мяняць не будзем», — распавяла Зоя Кулеша.
Звесткі кажуць, што жыхары і жыхаркі Гродна сартуюць смецце лепш за іншых. У 2023 годзе паказчык выкарыстання другасных камунальных адходаў у Гродне склаў 50%, у Беларусі гэты паказчык у сярэднім складае 30%.
Як улады ўкаранялі сартаванне смецця
Па дадзеных арганізацыі Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, у 2012 годзе Міністэрства ЖКГ прасоўвала ідэю сартавання і збору рэсурсаў, прыдатных для другаснага выкарыстання або перапрацоўкі. У гэты перыяд пачалі актыўна развівацца інфармацыйныя кампаніі, прысвечаныя сартаванні бытавога смецця. Напрыклад, відэа «з янотамі».
На смеццевых пляцоўках з’явіліся чатыры кантэйнеры для збору сыравіны: пластык, папера, шкло, цвёрдыя камунальныя адходы. У месцах вялікай колькасці людзей (супермаркеты, гандлёвыя цэнтры) паставілі кантэйнеры для адходаў, якія небяспечныя для навакольнага асяроддзя (батарэйкі, лямпы), а ў паліклініках пачалі прымаць пратэрмінаваныя лекавыя прэпараты.
У Гродне пачалі кампанію па ліквідацыі смеццеправодаў у 2013 годзе. Да 2015 года ўсе смеццеправоды ў горадзе заварылі. З 2016 года Спецаўтагаспадарка (САГ) арганізавала раздзельны збор цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). На кантэйнерных пляцоўках у Гродне ўсталявалі чатыры віды кантэйнераў: для шкла, пластыка, паперы і ЦКА.
Па факце, у кантэйнер для ЦКА трапляе ўся сыравіна, непрыдатная для перапрацоўкі, якую далей закопваюць на палігонах. У Гродне адходы гараджан праходзяць дасартыроўку на заводзе па ўтылізацыі і механічнай сартаванні адходаў (ЗУМСА). Гэта памяншае іх колькасць і павялічвае працэнт другаснай сыравіны. Аднак гэта не азначае, што можна выкідваць усё смецце ў адзін кантэйнер: брудныя адходы непрыдатныя для паўторнага выкарыстання. Такія адходы адпраўляюцца на пахаванне.
Чытайце таксама: Адходы запаволенага дзеяння: якую небяспеку нясуць смеццевыя палігоны ў Гродзенскай вобласці
Мінусы двухкантэйнернай сістэмы збору адходаў
Актывістка zerowaste-руху і экалогіня Ганна (пажадала застацца ананімнай) каментуе двухкантэйнернае сартаванне:
«Самая вялікая небяспека такой сістэмы — гэта дрэннае сартаванне. З-за гэтага павялічваецца верагоднасць, што такія адходы адправяцца на спальванне або вытворчасць RDF-паліва, абыходзячы этап адбору рэсурсаў для перапрацоўкі. Для ўладаў гэта — хуткі спосаб развязання праблем. Таму што ўсе адходы, якія застаюцца пасля сартавання, ператвараюцца ў спальванае паліва. На справе, гэта стыхійны метад вырашэння праблемы няправільнага абыходжання з адходамі, як і звалкі».
Першыя паведамленні аб распрацоўцы лініі па вытворчасці паліва на ЗУМСА з’явіліся ў кастрычніку 2022 года. На дадзены момант аб’яў аб пачатку працы лініі вытворчасці паліва не з’явілася. Апошні раз інфармацыя аб будаўніцтве лініі з’яўлялася ў 2023 годзе.
Асобным пытаннем стаіць маніторынг якасці паветра ў раёнах, дзе кацельні будуць выкарыстоўваць RDF-паліва. Ці будуць іх абсталяваць дадатковымі сістэмамі ачысткі і фільтрамі, ці будзе выконвацца тэмпературны рэжым, невядома. Пры нізкіх тэмпературах згарання RDF-паліва ў паветра могуць трапляць небяспечныя рэчывы: цяжкія металы і ўстойлівыя арганічныя забруджвальнікі, напрыклад, пестыцыды, якія чалавек удыхае. Па дадзеным Белгідрамета, у Гродне цяпер дзейнічае чатыры пункты назірання за станам паветра. У гарадскім пасёлку Краснасельскі, дзе плануецца выкарыстоўваць RDF-паліва, няма такіх пунктаў.
Што перапрацоўваюць у Беларусі?
Для перапрацоўкі ў Беларусі прымаюць адходы шкла, пластыка, паперы, бытавую тэхніку, метал, элементы харчавання, лямпы, зношаныя шыны, адпрацаваныя аўтаалей, лекавыя прэпараты і арганічныя адходы. Таксама можна правільна ўтылізаваць тэкстыль, рэшткі будаўнічых матэрыялаў або адходы пасля рамонтных работ, мэблю.
У цэлым, многія рэсурсы маюць абмежаваны цыкл перапрацоўкі. Пластык можна перапрацаваць не больш за чатыры-пяць разоў, таму што тэрмічная апрацоўка пагаршае якасць матэрыялу. Папера, або цэлюлозна валакно, можа быць паўторна выкарыстана пяць-шэсць разоў. Толькі шкло ў працэсе перапрацоўкі не губляе сваіх уласцівасцяў і можа перапрацоўвацца пастаянна.
На смецці можна зарабіць. Напрыклад, у Гродне шмат пунктаў прыёма шклотары. Кошты за 1 кілаграм вар'іруюцца ў залежнасці ад выгляду шкла. Гродзенскі загатгандаль і Белдругпалімер плацяць 0,75 капеек за 1 кілаграм ПЭТФ-бутэлек і 0,15 капеек за 1 кілаграм паперы. Падрабязны пералік рэсурсаў і кошт за 1 кілаграм можна паглядзець тут.