У доме на Акадэмічнай, 15 у 70-х гадах мінулага стагоддзя быў суд. У дні пасяджэнняў побач з домам часта плакалі людзі. У двары на Леніна, 23 трымалі коней. У доме на Васілька, 16 былі балконы, як у Вільні, і печы, як у Эрмітажы. Пра гісторыю гэтых дамоў, якая тоіцца за зачыненымі дзвярыма, іх былыя і сённяшнія жыхары распавялі Hrodna.life.
Дом Налкоўскай і “сябра майго брата”
“Дзверы, якія вядуць на другі паверх дома, я ведаю з дзіцячых гадоў. Яны былі з хвоі. У спякоту на сонцы дошкі вылучалі смалу, якую мы, дзеці, адкалупвалі і каштавалі на смак», — распавяла Наталля Дораш, былая жыхарка дома №15 па вуліцы Акадэмічнай.
Гродзенка расказала, што ў савецкі час, у 60-70-я гады, на другім паверсе знаходзіўся раённы суд. “Каля гэтых дзвярэй у гадзіны пасяджэнняў суда тоўпіўся народ. Людзі чакалі рашэння суда, пасля абвяшчэння якога некаторыя моцна плакалі».
Па словах жанчыны, на першым паверсе жыла сям’я Віцькі Мазоля. “Сябра майго брата, – патлумачыла Наталля. – Пасля іх кватэру засяліла сям’я Захарэвічаў”.
Наталля Дораш памятае, што за домам быў сад з яблынямі і іншымі фруктовымі дрэвамі, а з паўночнага яго боку размяшчалася бібліятэка.
Дом на Акадэмічнай, 15 пабудавалі ў 1909 годзе. Стыль будынка – эклектыка. Гэта значыць, што ён аб’яднаў мноства розных стыляў. Дом двухпавярховы, цагляны, сіметрычны. Дэкаратыўнае ўпрыгожванне сканцэнтравана на парадным фасадзе. Пасля апошняй рэканструкцыі ў сярэдзіне 2010-х да дома дабудавалі трэці паверх.
У пасляваенны час у будынку размяшчаліся інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзел унутраных спраў Гродзенскага раённага Савета народных дэпутатаў, Гродзенская міжрайінспекцыя камітэта рыбааховы, бібліятэка і нават ламбард.
З 1924 па 1926 год тут жыла пісьменніца Зофья Налкоўская з мужам Янам Гажэхоўскім, камандзірам 3-га дывізіёна ваеннай жандармерыі. Сярод гасцей сям’і бываў Юзаф Пілсудскі.

Чытайце таксама: Тайны без замков. 7 историй, скрытых за дверями исторических зданий Гродно
“З балкона адкрываўся від на сад”
“У другой частцы дома, верагодна, размяшчалася карэтная або ўтрымліваліся коні, – распавёў Hrodna.life гродзенец, дзяцінства якога прайшло ў доме на Леніна, 23.

Над паменшанымі праёмамі дома можна і зараз убачыць арачныя перамычкі пад шырокую браму. У двары, па словах старажыла, яшчэ да 80-х гадоў мінулага стагоддзя быў басейн.
Па ўспамінах гродзенца, у міжваенны перыяд тут пасадзілі сад і стогадовыя яблыні пладаносяць да гэтага часу.
«На галоўным фасадзе дзверы і балкон з аўтэнтычным агароджай, — распавёў былы жыхар дома. – А з боку двара „родныя“ дзверы і балкон, які праходзіў па трэцім паверсе, прыбралі. Уздоўж дома ішла брукаванка, цяпер там асфальт”.
Леніна, 23 пабудавалі ў 1910-1912 гг. У савецкі час будынак займалі абласное ўпраўленне Міністэрства сувязі, абласны аддзел “Саюздрук”, транспартная кантора Міністэрства сувязі. Пасля пераводу ўстаноў сувязі на вуліцу Ажэшкі ў доме адкрылася сельскагаспадарчая школа. Затым сюды перавялі тэхнічнае вучылішча № 7, а ў пачатку 70-х – прафтэхвучылішча № 41.
Гэты дом вядомы і тым, што тут жыў Аляксандр Мазалеўскі – паслядоўнік вучэння Талстога і прыхільнік пацыфісцкага руху. У траўні 1930 яго асудзілі на год турмы за ўхіленне ад вайсковай службы. Пасля турмы, калі ў войска Аляксандра ўсё ж такі адправілі, ён трапіў пад суд у другі раз, таму што адмовіўся выконваць загад па рэлігійных перакананнях. Суд прыгаварыў яго да 3,5 гадоў зняволення. У турме ён вёў дзённік, у якім была падборка лістоў, вершаў і іншых запісаў. Мазалеўскі памёр неўзабаве пасля выхаду на волю.
Чытайце таксама: Балконы, двери, окна: гродненка 10 лет фотографировала Гродно в деталях
“Тут жыў нейкі генерал”
“У маім доме жыў нейкі генерал і дом належаў цалкам яму. Магчыма, тут нават прыслуга жыла, – распавяла Алена Самойлік пра свой дом на Васілька, 16. – У склепе скляпеністыя столі, а ў адным з падвалаў было аздабленне нават”.

Алена распавяла, што раней у доме было пячное ацяпленне, але ў 50-60-х правялі капрамонт і шмат што змянілася, у тым ліку і планіроўка кватэр. “Да капрамонту наша кватэра была на метраў 15 больш, потым ад гасцінай адрэзалі кавалак і аддалі іншай кватэры, тады яны былі не прыватызаваныя”.

Мама Алены памятае кватэру да рамонту. Яна распавяла, што там стаяла шыкоўная кафляная печ. “Не проста кафляная, а як з музея Эрмітажа – уся размаляваная. Гасцёўня ў доме была на чатыры вакны – тры вакны ад левага краю дома і адно ў тарцы. Тут стаяла і піяніна – мама займалася ў музычнай школе”.
Дом на вуліцы Васілька, 15 у Гродне называюць “домам Фалендорфаў”. Яго пабудавалі ў 1900 годзе. Гэта двух- і трохпавярховы будынак з жоўтай цэглы. Фасад аздоблены трыма адліванымі чыгуннымі балконамі. Паміж дамамі 16 і 18 – высокі арачны праезд. У пачатку ХХ стагоддзя ў гэтым доме жылі інспектар артылерыі генерал-лейтэнант А. Сяргееў, камандзір 2-й брыгады 43-й пяхоты дывізіі генерал-маёр Карл Форселес і прысяжны павераны фон Дытман. У пачатку 30-х гадоў домам валодала Кацярына Фалендорф, а ў доме № 18 некаторы час пражывала Эліза Ажэшка.
Гадоў 15 таму на балконах дома драўляныя дошкі прагнілі і праваліліся. “Добра, што на той момант нікога не было на балконе”. Пасля гэтага перасцялілі дошкі і замянілі бляху. Падфарбоўваць адліваныя балконныя агароджы жыхарам прыходзіцца самастойна.

Па словах Алены, уваход у пад’езд быў у арцы дома і прайшоў праз іх кватэру. Цэпер на гэтым месцы ў іх ванная.
Раней уваход у арку упрыгожвалі каваная брама. Такі самы малюнак дэкору Алена бачыла на агароджах і балконах у Вільні.
У Гродне браму з дома даўно знялі. “Мы яшчэ спадзяемся, што калі-небудзь і яе адновяць”.














