Гродзенскія ветэраны хочуць высечы дрэвы на вайсковых могілках па вуліцы Белуша. Нібыта расліннасць руйнуе помнікі. Жыхары суседніх дамоў заявілі, што не дапусцяць вырубкі. Для іх могілкі - адзіная зялёная зона ў мікрараёне.
Навошта высякаць дрэвы?
Ініцыятар вырубкі - Гродзенскі гарадскі Савет ветэранаў. 12 снежня на сустрэчу з жыхарамі дома № 3 па 2-м завулку Белуша прыйшоў старшыня Саюза ветэранаў Кастрычніцкага раёна Уладзімір Цюцюнік.
«Тут вам не парк, а могілкі - святое месца. І хадзіць па пахаваннях няправільна. Дарожкі мы дакладна прыбяром, а з дрэвамі будзем вырашаць. На могілках трэба прыходзіць пакланіцца, а не прагуляцца з дзіцячым вазком або сабакам.
Карані дрэў руйнуюць помнікі. Калі дрэвы былі маленькімі, было прыгожа, і ніякай пагрозы пахаванням яны не неслі. А цяпер у нас ёсць праблемы. Нядаўна былі разбурэнні з-за падзення дрэў, разам з каранямі падалі і помнікі. Улетку з ліп смала сцякае на помнікі. Мы не хочам прыбраць усе дрэвы з могілак, толькі тыя, якія нясуць пагрозу помнікам", — сказаў Цюцюнік.
Ветэраны прапануюць высечы 22 дрэва. Узамен яны прапануюць высадзіць алею бэзу.
Хто супраць вырубкі?
Супраць вырубкі дрэваў выступаюць жыхары дома № 3 па 2-м завулку Белуша. Для іх вайсковыя могілкі ўжо даўно сталі паркам. А яшчэ расліннасць на могілках закрывае помнікі, калі глядзіш з вокнаў, і від становіцца не такім прыгнятаючым.
«Дрэвы на могілках — гэта лёгкія нашага раёна, — распавядае мясцовая жыхарка Алена Булай. — Вырашаць праблему трэба не высечкай. Мы катэгарычна супраць гэтага. Пакланіцца ім трэба? Мы паважаем гэта месца, але што нам рабіць, куды выходзіць дыхаць паветрам? Можна ж галінкі абрэзаць, але не 22 дрэва!»
Што кажа ахова прыроды?
Начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў заклікаў не рабіць паспешлівых высноў. Усю расліннасць ён прапанаваў для пачатку абследаваць.
«Дрэвы трэба максімальна захаваць. Але ёсць і праблема: некаторая расліннасць небяспечная для людзей і помнікаў. У нас ёсць „Гродназелянбуд“, які ўпаўнаважаны праводзіць абследаванні дрэў, рабіць заключэнні з улікам меркаванняў жыхароў і прымаць узважанае рашэнне. Пачакаем, што яны скажуць», — зазначыў Палякоў.
Што кажуць гарадскія службы?
На сустрэчы з мясцовымі жыхарамі прысутнічаў і намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ Сяргей Сямашка. Ён запэўніў жыхароў, што без узгаднення ніхто не будзе высякаць дрэвы.
«Трэба выслухаць усе меркаванні і толькі потым рабіць нейкую выснову. Ветэраны звярнуліся ў гарвыканкам, мы выехалі, каб пачуць меркаванне жыхароў. Усё згодна з заканадаўствам. Ніхто пакуль нічога не высякае».
Гарадскія службы на сустрэчы з жыхарамі вялі пратакол, які падпісала каля 30 чалавек. І толькі трое з іх выступілі за высечку расліннасці на могілках.
Даведка
Вайсковыя могілкі на сучаснай вуліцы Белуша былі закладзены ў 1888 годзе і першапачаткова складалася з лютэранскай часткі (паўднёвай) і часткі для салдат іншых хрысціянскіх канфесій. Падчас Першай сусветнай вайны на могілках было пахавана шмат нямецкіх салдат і афіцэраў. У міжваенны перыяд там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля былога кармеліцкага кляштара (вул. Маставая, сёння «Прыёрбанк») і Фары Вітаўта.
Тут таксама хавалі загінуўшых у польска-савецкай вайне, савецкіх салдат, якія загінулі ў 1939 і 1944 гадах, нямецкіх салдат. У пачатку 1990-х гадоў на могілках быў устаноўлены крыж памяці жыхароў Гродзеншчыны, якія загінулі падчас сталінскіх рэпрэсій.