У пачатку кастрычніка памерла гродзенская фатографка і журналістка Наталля Дораш. Рэдакцыя Hrodna.life расказвае, як дзякуючы дзейнасці Дораш удалося захаваць гісторыю і Гродна, і ўсёй Беларусі.

Наталля Дораш нарадзілася ў красавіку 1952 года ў Гродне. Яе бацька быў афіцэрам, таму сям’я часта пераязджала. Жылі «на чамаданах» у службовых кватэрах.

У першы клас Дораш пайшла ў польскім горадзе Легніца. У пачатку 1970-х Дораш паступіла на факультэт журналістыкі. Там жа пазнаёмілася са сваім мужам. Цягам наступных 30 гадоў Дораш супрацоўнічала з гродзенскімі газетамі як фотажурналістка, таксама пісала тэксты.

З пачатку нулявых Наталля здымала Гродна і гараджан. Здымкі публікавала на сваёй Facebook-старонцы, перыядычна ў Гродне праходзілі персанальныя выставы фатографкі.

Пачынала з бацькоўскага фотаапарата, а фота праяўляла ў ваннай

Наталля захапілася фатаграфіяй у канцы школы. Пачынала здымаць на бацькоўскі фотаапарат «Зеніт 3-М», а вучылася па кнізе Мікуліна «25 урокаў фатаграфіі».

«Мадэлямі для фотаздымкі на першым часе сталі хатнія гадаванцы, сваякі і сяброўкі», — успамінала Дораш у прадмове да свайго фотаальбома «Гродзенскія гісторыі». Здымкі гродзенка праяўляла ў ванным пакоі.

Па словах Дораш, ужо ў тым узросце яна «не раставалася з фотаапаратам». Калі бачыла цікавую сцэнку на вуліцах Гродна ці незвычайных мінакоў - адразу ж гэта здымала.

Здымала герояў у лоб

Так «фатаграфія стала ладам жыцця» гродзенкі, а ўжо ў 19 гадоў Дораш уладкавалася пазаштатным карэспандэнтам у «Гродзенскую праўду». Фотакора Віктара Косціна Дораш называе сваім «неафіцыйным настаўнікам».

«Ён браў мяне з сабой на прадпрыемствы, паказваў, як трэба здымаць партрэты перадавікоў вытворчасці, рабіць групавыя партрэты, навучыў складаць праявіцелі, потым змайстраваў для мяне кропкавае святло ў фотапавелічальніку», — распавядала гродзенка ў інтэрв'ю Znyata.

Вывучаючы савецкую перыёдыку, Дораш выпрацавала для сябе збор правіл, прытрымліваючыся якіх, можна было разлічваць на публікацыю. Чалавека трэба было здымаць у лоб, каб чытачы яго пазнавалі. Акрамя таго, фатаграфаваць можна было толькі «вартых чальцоў сацыялістычнага грамадства».

«Неяк прынесла яшчэ адзін здымак у якасці фотаэцюда, яго таксама не прынялі. За маёй спіной адказны сакратар пакруціў пальцам ля скроні… Гэты здымак у мяне захаваўся, называецца ён — «Старая, якая чысціць бульбу», — казала Дораш.

«Ахоўнікі гісторыі». Чым займалася Наталля Дораш і чаму яе фатаграфіі — важны для Гродна
Старая, якая чысціць бульбу. Фота: Наталля Дораш

Як Дораш зняла з вачэй «шоры, якія перашкаджалі бачыць свет»

Студэнцкія гады Наталля правяла ў Мінску — вучылася на журфаку. У той жа перыяд гродзенка пазнаёмілася з літоўскай школай фатаграфіі. Вялікі ўплыў на яе аказаў Антанас Суткус. Па словах Дораш, фатограф «зрабіў пераварот» у яе свядомасці. «Дзякуючы гэтаму майстру фатаграфіі з маіх вачэй былі знятыя шоры, якія замінаюць бачыць і здымаць навакольны свет «не для газеты». Гродзенка стала пераймаць стылістыку Суткуса.

Букча: вёска, якая стала лейтматывам усёй творчасці

У 70-х Дораш пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Вясельнае падарожжа адзначылі на радзіме мужа — у палескай вёсцы Букча. Пасля жыхары вёскі сталі скразным сюжэтам у творчасці Дораш. Фатаграфка прыязджала ў Букчу на працягу 35 гадоў. Серыя здымкаў выходзіла пад агульнай назвай «Людзі Палесся».

Паралельна Дораш будавала кар’еру фотажурналісткі. З Мінска сям’я вярнулася ў Гродна. Наталля ўладкавалася ў абласную газету будаўнікоў. Здымала, як будаваліся «Хімвалакно» і «Гродна Азот».

У 1982 фота Дораш удзельнічала ва ўсесаюзным конкурсе «Свет сучасніка — 82». Залаты медаль за здымак «Дзедавыя яблыкі» Наталлі прысудзіў той самы Антанас Суткус, працамі якога захаплялася гродзенка.

«Ахоўнікі гісторыі». Чым займалася Наталля Дораш і чаму яе фатаграфіі — важны для Гродна
«Дзедавы яблыкі». Фота: Наталля Дораш

У кадры былі Ігумення Гаўрыіла і Мітрапаліт Філарэт

У 90-я гады Дораш сканцэнтравалася на рэлігійнай тэме. Здарылася гэта пасля таго, як яе муж звольніўся з пракуратуры. Некаторы час мужчына шукаў сябе. Пасля «сур'ёзнай гутаркі» з мітрапалітам Філарэтам у Жыровіцкім манастыры вырашыў стаць святаром. «Мужу далі сельскі прыход у Гродзенскім раёне», — успамінала Дораш.

Уклад у сям'і змяніўся. Дораш адмовілася ад касметыкі, стала насіць менш яркае і больш закрытае адзенне. А яшчэ — сышла з рэдакцыі.

Тады муж прапанаваў аднавіць выданне «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцяў». Газета выходзіла з 1900 да Першай сусветнай вайны. Дораш падняла архівы, а затым і зусім стала галоўрэдам. Для ілюстрацыі выпускаў гродзенка здымала Ігуменню Гаўрылу, Мітрапаліта Філарэта і Патрыярха Аляксея II. У пачатку нулявых Дораш выдала фотакнігу аб праваслаўі ў Гродне

У 2010-х даведалася, што такое экстрэмізм

У наступнае дзесяцігоддзе фатографка перайшла з плёнкі на «лічбу». Дораш называе гэта «самым геніяльным вынаходствам чалавецтва». Новыя тэхналогіі натхнілі гродзенку на пошук новых сюжэтаў і супольнасцяў.

У 2011 на конкурсе «Прэс-фота Беларусі» серыя здымкаў Дораш аб паміраючых вёсках атрымала другое месца. «Асабліва ахвотна згаджаюцца фатаграфавацца старыя людзі. А яны — захавальнікі гісторыі, самабытнасці і традыцый вёскі. Таму я люблю здымаць вясковых старых», — расказвала пра серыю «Паства» Дораш.

У красавіку 2013 года Ашмянскі суд прызнаў альбом экстрэмісцкім і пастанавіў яго знішчыць. Такое рашэнне было прынята пасля таго, як КДБ па Гродзенскай вобласці ўгледзеў у здымках «выдумкі аб жыццядзейнасці беларускага народа».

Тыраж паспелі распрадаць, рэшткі альбому канфіскавалі на мяжы ў фатографаў, калі тыя вярталіся з прэзентацыі. Гродзенка апісала гэта як «выключную дзікасць».

Здымала Гродна і яго жыхароў

Апошнія дзесяць гадоў Дораш здымала Гродна. Выходзіла на вуліцы і лавіла ў аб’ектыў мінакоў. Фатаграфку засмучала, што людзі «зачыняліся» і прасілі іх не здымаць.

Калі ў «горада быў асаблівы настрой», Дораш фатаграфавала архітэктуру Гродна. Яе прыцягвалі панадворкі, старадаўнія дзверы і «вокны, якія свецяцца» у раёне Новы Свет. Раён Дораш здымала «для гісторыі», мяркуючы, што яго хутка знясуць.

У 2021 на вуліцы Кірава ў Гродне адкрылася персанальная выстава Дораш «Карані». У экспазіцыю ўвайшло больш за 70 здымкаў з паездак журналісткі па Гродна і вобласці. Серыю Дораш рабіла на працягу 10 гадоў.

Па тэме: «Карані»: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам

«Велізарная страта для Гродна»: беларусы пра ўклад Дораш

Пасля смерці фатографкі беларускія культурныя дзеячы і людзі, знаёмыя з яе творчасцю, узгадвалі пра ўклад Дораш. Нататкі пакідалі і на Facebook-старонцы Наталлі, і ў сваіх асабістых блогах.

«Ёсць горадаўтваральныя прадпрыемствы і ёсць горадаўтваральныя людзі. Іх няшмат, але яны вызначаюць характар ​​горада, яго эмацыйны складнік, інтэлект і маральнасць. Для мяне гэта Віктар Саяпін, Уладзімір Борматаў, Алег Жугжда і Наталля Дораш. Нам пашчасціла жыць з імі ў адным горадзе. Наташа, нам будзе вас не хапаць. Мы любім вас», — напісала Наталля Храброва.

«Колькі маіх дзён пачыналася і заканчвалася яе пастамі „добрай раніцы, сябры“ ці „ўсім добрай ночы“, „да заўтра“. Колькі ў яе было абсалютна чароўных, геніяльных фатаграфій. Я паспрабую знайсці і апублікаваць тут адну з маіх самых любімых, каб тыя, хто не ведалі яе і не бачылі яе працы, зразумелі, якога маштабу гэта была мастачка. Вялікая страта для яе роднага Гродна, для ўсёй Беларусі, для мастацтва», — распавяла Ліна Казакова.

«Працягваю думаць аб Наталлі Дораш. Безумоўна, яе працы — у першую чаргу, палескія — увойдуць у гісторыю беларускага фотамастацтва. Але колькі цудоўных здымкаў у яе магло б яшчэ з’явіцца, калі б была магчымасць ездзіць і фатаграфаваць па ўсёй Беларусі!

А якім мог быць музей фатаграфіі, які ствараў Віктар Суглоб? Якія аўтарскія фотаальбомы пасля сябе маглі пакінуць Яўген Казюля, Юрый Васільеў, іншыя знакавыя беларускія фатографы?

«Нажаль, ва ўсіх выпадках мары апынуліся няздзейсненымі з-за элементарнай адсутнасці грошай. Вось аўтарскія альбомы — той жа Наталлі Дораш, напрыклад — напэўна, магчымыя толькі, калі знойдзецца нейкі неабыякавы чалавек, які прафінансуе такі творчы праект або пазычыць грошы на друк», — адзначыў Сяржук Паляшук.

Чытайце таксама: Наталія Дораш: «Пані фатографка — толькі так сябе і адчуваю»