Гродзенская фатографка Наталля Дораш памерла ў пачатку кастрычніка. Гродзенка з 1970-х працавала фотакарэспандэнткай у газетах. Была ўдзельніцай народнага фотаклуба «Гродна». Перамагала ў беларускіх і міжнародных фотаконкурсах. Серыя «Паства» заняла другое месца ў конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2011». Hrodna.life публікуе інтэрв'ю з фотамастачкай, якое ў 2020 годзе выйшла ў кніге «Гарадзенкі».

Магія старых фотакартак

— Калі я была маленькай, фатаграфіяй захапляўся бацька. Ён здымаў сваіх таварышаў па службе ў вайсковай частцы, сюжэты з рыбалкі, сямейныя шпацыры, школьныя лінейкі на 1 верасня, нашы з братам партрэты.

З мамай у нас была традыцыя зімовымі вечарамі разглядаць старыя фотакарткі. Я магла падоўгу гартаць стары сямейны альбом. Вось мая бабуля ў юнацтве, вось гэтая маленькая дзяўчынка — мая мама, вось нейкі незнаёмы дзядзька з вусамі, вось манашка ў садзе з бабуляй.

Наталія Дораш: «Пані фатографка – толькі так сябе і адчуваю»
Здымкі з архіву Наталлі Дораш. Крыніца: Facebook-старонка фатографкі

Праяўляць фотаздымкі - сапраўдны цуд

— Бацьку я дапамагала друкаваць здымкі. У цёмным пакоі з чырвоным ліхтаром я перакладала аркушы з адной кюветы ў другую, паласкала адбіткі ў чыстай вадзе, накручвала іх на глянцавальнік. Калі на чыстай паверхні фотапаперы з’яўлялася выява, маё сэрца кожны раз
замірала. Гэта быў сапраўдны цуд. Самастойна займацца фатаграфіяй я пачала пасля заканчэння школы. Фотаапарат «Зеніт» і ўсе фатаграфічныя прылады мне дасталіся ад бацькі.

З той пары фотаапарат заўжды пры мне. Ад першага дня, як узяла яго ў рукі, адчуваю душэўны ўздым і радасць ад удалага кадра. Ужо амаль паўстагоддзя я не развітваюся з фотакамерай. Мне пашанцавала ў жыцці. Маё захапленне стала прафесіяй. Шчасце — калі праца радуе і прыносіць задавальненне. Фотаздымцы я ўсё яшчэ вучуся.

«На фотаздымках хачу заставацца маладой»

— Напачатку мне здавалася, што я ўсё ведаю і раблю правільна. Але негатывы атрымліваліся то чорнымі, то празрыстымі, а здымкі - шэрымі. Дапамагла мая цётачка. Пазнаёміла з сябрам-фатографам, дзядзькам Генам. Крыху пазней лёс звёў з фотакарэспандэнтам абласной газеты Віктарам Косціным. Ён стаў мне настаўнікам у фотажурналістыцы. Мае здымкі пачалі друкаваць у абласной газеце. Пазней я пачала пісаць.

Праглядаючы свае старыя здымкі, я думаю, што марна правяла фатаграфічнае юнацтва. Магла б па-сапраўднаму здымаць наш горад, вядомых пісьменнікаў - Васіля Быкава і Аляксея Карпюка. Замест гэтага я выдаткоўвала час на здымку сябровак, коцікаў, сабачак і ўласных партрэтаў у новых строях.

Калі дзяўчаты атрымліваліся прыгажунямі, меркавала, што гэта добрыя здымкі. Калі сяброўкі ці я выходзілі брыдкімі, то здымкі лічыла дрэннымі. Прызнаюся, што і сёння не люблю, калі мяне здымаюць іншыя фатографы. Не хачу быць на фатаграфіях старой і непрыгожай. Калі на фота я не такая маладая, як сабе ўяўляю, лічу гэтыя здымкі дрэннымі. Гэта мой невылечны «бзік».

Дзіцячы свет і дзве белыя мышкі

— Калі мне было шэсць гадоў, я цяжка захварэла. Цэлы год не магла хадзіць. Мама насіла мяне на руках з пакоя ў пакой. Я стала саромецца старонніх людзей, баялася дактароў. Доўгі час я толькі ляжала ў сваім ложку, разглядала карцінкі ў кніжках ці шмат малявала. Каб я не сумавала,
маці купіла мне дзвюх белых мышэй. Яны жылі ў пілавінні ў фанернай скрыні ад паштовай пасылкі. Гэта быў мой дзіцячы свет.

Вярнуцца з яго ў свет людзей мне было цяжка. У санаторыі дзеці мяне дражнілі. Калі я не хацела есці кашу, выхавацелька палохала, што я памру. Начамі ў велізарнай
спальні санаторыя я горка плакала, заціскаючы рукамі рот. У першым класе я саромелася, што чытаю горш за ўсіх і адмаўлялася хадзіць у школу. У юнацтве мяне не цікавілі танцы. У рэстаранах ці ў кампаніях малазнаёмых людзей я кепска сябе адчувала.

Наталія Дораш: «Пані фатографка – толькі так сябе і адчуваю»
Здымкі з архіву Наталлі Дораш. Крыніца: Facebook-старонка фатографкі

Разгаварыць лягчэй, чым разгаварыцца

— Я была журналісткай. Мне часта даводзілася кантактаваць з людзьмі. Я магла разгаварыць каго заўгодна. Але калі спрабавалі разгаварыць мяне, заўжды хацелася куды-небудзь схавацца. Аднойчы прыйшлося выступаць на тэлебачанні. Мяне так заклінавала перад тэлекамерай, што не магла ўспомніць, навошта сюды прыйшла.

Публічныя выступы і зараз даюцца мне цяжка. Я губляюся і забываю патрэбныя словы. Здаецца, што я расказваю нецікава, а мяне слухаюць толькі дзеля прыстойнасці. Але як кожнай творчай асобе, мне хочацца прызнання. Інакш падаецца, што жыццё праходзіць марна

Як сумяшчаліся творчасць і быт

— Калі мае дзеці былі дашкольнікамі, артыкулы ў газету я пісала начамі. Раніцай дзяцей трэба было адвесці ў садок, потым ехаць на тралейбусе ў рэдакцыю, з рэдакцыі - на аб’ект. Трэба было доўга дабірацца, каб сабраць матэрыял для публікацыі ды зрабіць некалькі здымкаў. З працы бегла ў краму, каб купіць прадукты. Пасля — паспець забраць дзяцей з садка, памыць іх кашулькі,
прыгатаваць вячэру, зацыраваць падраныя дзіцячыя калготкі ці пазашываць шорцікі. Калі ўдома ўсталёўвалася цішыня, сядала за пісьмовы стол. Я пісала артыкулы шарыкавай ручкай на паперы і церла вочы кулакамі, каб не заснуць. Раніцай здавала матэрыял машыністцы і несла
надрукаваны тэкст рэдактару. І так кожны дзень.

Палешукі прынеслі першы поспех

— У сярэдзіне 70-х я ўпершыню патрапіла на малую радзіму мужа, у палескую вёску Букча. Тут здымала вясковых жыхароў і іх лад жыцця. Адзін са здымкаў, «Дзедавы яблыкі», у 1982 годзе атрымаў Залаты медаль на ўсесаюзным фотаконкурсе. Поспех мяне акрыліў. Я стала смялей
удзельнічаць у фотавыставах і конкурсах.

Некалькі гадоў таму алічбавала негатывы з палескімі сюжэтамі. Выставу «Палешукі» паказала ў Гродне, Мінску, Гомелі, Маскве і Хайфе (Ізраіль).

Гэта толькі з боку здаецца, што ўсе партрэты ў мне атрымліваюцца. Палескія дзеці мяне добра ведалі, таму паводзілі сябе перад аб’ектывам натуральна. У горадзе зрабіць удалы партрэт незнаёмага чалавека даволі цяжка. Гэта як на паляванні - усё залежыць ад шанцавання. Зараз людзі негатыўна рэагуюць на фотаздымку, нават калі папросіш дазволу. Гадоў дзесяць таму можна было проста зняць і пайсці далей.

Наталія Дораш: «Пані фатографка – толькі так сябе і адчуваю»
Здымкі з архіву Наталлі Дораш. Крыніца: Facebook-старонка фатографкі

«Новы Свет — тэрыторыя майго дзяцінства»

— Я нарадзілася ў Гродне. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва. Калі даводзілася жыць у іншай мясцовасці, мне было няўтульна. Заўсёды імкнулася вярнуцца ў родны горад. У Гродне кожны камень на Замкавай гары мне знаёмы, кожная цаглінка руінаў аблашчана. Шкадую, што Стары замак знік пад новабудам, шкадую страчаных дамоў Новага Свету. Гэта тэрыторыя майго дзяцінства. Там, на Паўночнай (цяпер Валковіча), была мая школа, у Новым Свеце жылі мае аднакласнікі і маміна сяброўка па гімназіі.

Жаночы позірк на свет

— У Ізраілі кожны год праходзіць міжнародная фотавыстава «Свет вачыма жанчын». Заўжды стараюся ў ёй паўдзельнічаць. Для гэтай выставы адбіраю больш паэтычныя і трошкі гламурныя здымкі. Але гэта не звужае мой позірк на свет. Я маю дыпломы і ўзнагароды са шматлікіх конкурсаў, дзе жанчыны спаборнічаюць нароўні з мужчынамі. У фатаграфіі няма ніякага патурання для жанчын-фатографаў. Уласна, яно ім і не патрэбна.

Аднойчы мяне спыніў на вуліцы нейкі мінак і сказаў: «А я вас ведаю, вы пані фатографка». З гэтага моманту толькі «пані фатографкай» я сябе і адчуваю.

Наталія Дораш: «Пані фатографка – толькі так сябе і адчуваю»
Здымкі з архіву Наталлі Дораш. Крыніца: Facebook-старонка фатографкі

Чытайце таксама: «Гарадзенкі». Hrodna.life выдае кнігу аб жанчынах горада