Семярых пацярпелых амапаўцаў апыталі па справе аб падзеях 6 верасня 2020 года ў Гродне. Яны блытаюцца ў паказаннях, а «рудой дзяўчынай» называюць то адну абвінавачаную, то іншую. Дзяўчына настойвае: яна важыць 50 кілаграм і не магла «выштурхоўваць целам» амапаўца.
Пасяджэнне прайшло 9 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Судзяць трох гродзенак: Алу Гарацкевіч, яе дачку Галіну Гарацкевіч і Ганну Мароз. Іх судзяць па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Дзве дзяўчыны пад вартай. Суддзя — Максім Галубовіч, дзяржабвінаваўца — Сяргей Петрашко.
Усе пацярпелыя праходзілі па справе пад засакрэчанымі імёнамі. Яны таксама ўдзельнічалі і ў іншых справах за падзеі таго дня. Паказанні адзінаццаці пацярпелых падобныя. Па іх словах, яны прыехалі ў абедзенны час на вул. Гарнавых да былога «Малочнага міру» весці ахову правапарадку. Там яны ўбачылі натоўп людзей. Па іх падліках — 100−150 або 200−300 чалавек. Людзі выкрыквалі лозунгі і былі са «сцягамі БЧБшнымі».
Людзі «ішлі агрэсіўным натоўпам», браліся за рукі і станавіліся ў счэпкі і ішлі ў бок амапаўцаў. Амапаўцы ж станавіліся ў «вайсковы ланцужок» і не давалі людзям прайсці ў бок цэнтра. Натоўп двойчы спрабаваў прайсці, пасля чаго пачаліся затрыманні.
28-гадовы «Аляксандр Белы» распавёў, што іх «хапалі за форменнае абмундзіраванне, дзесьці штурхалі, яшчэ нешта. З боку людзей ўжывалася нейкая фізічная сіла. < … > Не магу сказаць, хто канкрэтна ўжываў сілу. З усіх бакоў — хтосьці дзесьці штурхне, хтосьці за форму возьме, хтосьці яшчэ што-небудзь. [Боль] трохі адчуваў».
«Да кожнага супрацоўніка была ўжытая фізічная сіла. Розныя штуршкі, пінкі, хапалі за форменнае абмундзіраванне. Мы ўсе працавалі. Калі да мяне ўжываўся [фізічны гвалт], то хутчэй за ўсё, да калег — тое ж самае. Таму што натоўп быў агрэсіўны, і яны ішлі на ўсіх», — лічыць амапавец.
Хто менавіта прычыніў яму фізічны боль, ён апісаць не можа. «І жанчыны, і мужчыны выштурхоўвалі. Апісаць не магу, таму што шмат часу прайшло. Я твары ўсіх на запамінаю». У хуткую дапамогу ён не звяртаўся, рапарт не пісаў. Цялесных пашкоджанняў і пабояў у яго не было.
Галіну Гарацкевіч ён не памятаў. Ганна Мароз, паводле яго слоў, не здзяйсняла фізічных дзеянняў, але «была ў складзе групы і тым самым парушала грамадскі парадак». «Памятаю, што была жанчына з такой кароткай стрыжкай — карэ ці як яна называецца», — апісаў ён дзяўчыну. Зала засмяялася, Ганна Мароз з усмешкай адкінула назад валасы да плячэй. «Дзяўчына была ў масцы, рудыя валасы, кароткая стрыжка», — удакладніў ён пазней. Ганна — русая з лёгкім рудым адлівам.
«Іван Іваноў» адчуў боль, пакуль натоўп штурхаўся «для процідзеяння». Сябе, як і абвінавачаных, ён на відэа не бачыў. Падчас апытання ў яго зазваніў тэлефон — прагучала песня «А мы не ангелы», што выклікала ўсмешкі ў зале. Пашкоджанняў ён атрымаў, рапарт не пісаў, у хуткую на звяртаўся. Прэтэнзій да абвінавачаных не мае.
— Наколькі мне вядома, там ёсць у адной абвінавачванай праблемы са здароўем, таму прашу змякчыць ёй пакаранне, — сказаў амапавец
— А астатнім, здаровым? — спытаў суддзя.
— І ім таксама.
Аб грамадзянскіх ісках ён не памятае. «Калі нешта і заяўляў, то думаю адклікаць», — сказаў амапавец.
«Павел Лабкоў» таксама адчуваў боль ад штуршкоў. Таксама ён атрымаў удар у сківіцу, але хто яго нанёс, ён не памятае. «Юрый Базылевіч» адчуў боль. «Білі там, з ногі трапілі ў нагу, піхалі рукамі, штуршкі былі». Ён запомніў рудую дзяўчыну з валасамі да плячэй. «Была дзяўчына такая заўзятая, жанчына. Запомніў, што ў яе былі рудыя валасы, вось яна хапалася там, плячом піхала. Яна ў першым шэрагу стаяла». Што рабілі іншыя абвінавачаныя, ён не памятаў.
— Вы сцвярджаеце, што я нам наносіла траўмы рукамі і выштурхоўвала вас целам. Скажыце калі ласка, А колькі вы важыце? — спытала «рудая» Ганна Мароз.
— Не ведаю, 80 [кілаграм].
— А я — 50. Скажыце, ці можа быць такое?
— Вядома!
У матэрыялах справы ёсць паказанні «Лабкова» толькі пра падзеі каля ўніверсама «Брэст», якія адбыліся ў той жа дзень, але пазней. Пра выпадак ля «Малочнага міру» амапавец раней паказанняў не даваў. Адвакат папрасіла выклікаць у суд следчага Сароку, які вёў справу, і спытаць, як так атрымалася. Суд адмовіў. Тое ж самае здарылася са сведчаннямі 26-гадовага «Андрэя Вавілонава». Ён таксама ўспомніў рудую дзяўчыну з карэ, але хто яго штурхаў, не запомніў. «Васіль Петрусенка «паведаміў, што быў толькі ля «Брэста», але таксама праходзіць пацярпелым па справе.
«Пайшлі на нас, пачалі скакаць на нас, хтосьці біць, хтосьці штурхаць — рукой, нагой штурхнуў. Пальцам у вока ледзь-ледзь патрапілі. Было непрыемна. Штурхалі ў грудзі ў бок», — распавёў аб падзеях 32-гадовы «Віктар Духоўскі». Ён адчуў боль, па меддапамогу не звяртаўся. Ён таксама памятаў дзяўчыну з рудымі валасамі.
Хто штурхаў яго, ён не ведае. «Чыя менавіта рука засунула мне палец у вока, я не ведаю», — сказаў ён.
Суд працягнецца 22 ліпеня ў 10.45. Апытаюць пацярпелых Скрабатуна, Аскерка, Лісава і Мінько. Галіна Гарацкевіч таксама распавяла, што даўно не атрымлівала лістоў ад дачкі - цэнзар у турме № 1 Гродна ў адпачынку.
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…