Гарадскія ўлады вырашылі не зносіць гродзенскі Дом быту, а рэканструяваць. Ва Упраўленні архітэктуры і будаўніцтва гарвыканкама ўжо вызначыліся з эскізам праекта, які прапануюць для распрацоўкі, як толькі знойдзецца інвестар. Галоўны архітэктар Гродна Вольга Барэйка расказала Hrodna.life, якім будзе спрэчны будынак і чаму.

Пра знос Дома быту, пабудаванага ў 1971 годзе ў стылі савецкага мадэрнізму, гарадскія ўлады загаварылі ў пачатку 2019 года. Улетку стала вядома, што гэта можа адбыцца не раней, чым праз два гады. У сакавіку 2020 эскізы рэканструкцыі фасада разгледзелі на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры ўпраўленні архітэктуры. Савет вырашыў, што будынак трэба захаваць.

Дом быта Гродно
Эскіз на фота ўверсе быў прыняты як аснова для далейшых распрацовак

На савеце адзін з эскізаў, распрацаваны калектывам аўтараў, прынялі як аснову для распрацовак. Начальніца ўпраўлення архітэктуры Гродна Вольга Барэйка патлумачыла, што выбар канчатковага варыянту вонкавага выгляду будзе за заказчыкам, якога пакуль няма.

«Яму прапануюць эскіз, і ён будзе звяртацца ў выканкам па дазвол на рэканструкцыю. Праектная дакументацыя будзе ўзгадняцца і ў нас, і ў Міністэрстве культуры». Магчыма, будуць шукаць арандатара, зацiкаўленага ў рэканструкцыі, ці выставяць будынак на продаж.

Зменіцца прызначэнне будынка і стыль, але канструкцыя застанецца. «Па канструктыве будынак моцны. Сябе зжылі вітражы з адліванага мэталу. Калісьці спрабавалі зрабіць капітальны рамонт, памяняць вітражы, але нічога не атрымалася. Іх немагчыма адчыніць, нават каб памыць».

"Чакаем інвестара". Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне
Дом быту ў Гродне

У фасадзе будзе адлюстроўвацца неба

Шкленне і форма куба ў праекце засталіся. На тарцы з’явіцца летні казырок і, магчыма, новыя асобныя ўваходы. Прамежак паміж Домам быту і суседнім жылым будынкам сфармуе пешаходную вулачку. «Такая вулачка прысутнічала ў старых генеральных планах — ад Замкавай да панадворка былой пальчаткавай фабрыкі, які цяпер абжываецца і набывае грамадскую функцыю. Будынак Дома быту будзе ўцягнуты ў той жа працэс, ажыве».

"Чакаем інвестара". Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне

Паводле плану, пасля рэканструкцыі будынак будзе ў сучасным стылі, але з адсылкамі да гістарычнай забудовы: побач будзе адноўлены Дом рыбака.

"Чакаем інвестара". Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне

Вольга Барэйка патлумачыла канцэпцыю эскіза. «На фасадзе зробяць суцэльнае шкленне — у ім будзе адлюстроўвацца неба і візуальна паверхня знікне. А цагляныя ўстаўкі даюць намёк, што, магчыма, тут нешта стаяла. У цяперашнім будынку жорсткія візуальныя паясы не даюць паверхні знікнуць. Цагляныя дэталі, якія стаяць адасоблена, быццам бы ні з чым не звязаныя — гэта якраз вобраз нашага гістарычнага цэнтра, у якім быццам бы нешта засталося, яно прысутнічае, але шмат што было разбурана».

Адбудоўваць на гэтым месцы няма чаго

Са снежня 2019 года ў Гродне зацверджаны Праект зоны аховы гістарычнага цэнтра. Цяпер новае будаўніцтва павінна альбо аднаўляць гістарычную забудову, альбо папаўняць контурную, якая існавала, але не мела каштоўнасці. «На гэтым жа месцы былі агароды манастыра, стаялі старыя драўляныя домікі».


Чытайце таксама: Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць


«Я не думаю, што цяпер гэты будынак уяўляе нейкую каштоўнасць для турыстаў», — лічыць Вольга Барэйка.

Знесці нельга рэканструяваць

З гэтым згодны далёка не ўсё. Гродзенскі дызайнер Ігар Варкулевіч, арт-дырэктар рэкламнага агенцтва LEO BURNETT (Масква), прызнае, што Дом быту «стаіць не ў тым месцы», гэта значыць не ўпісваецца ў забудову цэнтра. Тым не менш ён прыводзіць яго як прыклад прафесіяналізму ў архітэктуры.

"Чакаем інвестара". Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне

«Існуе не так шмат прыкладаў удалых рэканструкцый, — лічыць ён. — У выпадку з нашым горадам, усё, што было зроблена, выклікае жах. Прыкладаў маса: інстытут права, будынак 19 стагоддзя, пакрыты шкловалакном, рэгулярна прабіваецца кулакамі на дзень дэсантніка; знесены і адбудаваны з пенаблокаў млын каля вакзала, хрушчоўка-гатэль „Нёман“ і г. д.»

"Чакаем інвестара". Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне
Было-стала. Калаж з facebook Ігара Варкулевіча
З мадэрнізмам, паводле яго слоў, усё яшчэ складаней. «Якаснага ў горадзе не так шмат, і ён практычна ўвесь знішчаны або зменены да непазнавальнасці: „Мока“ (былы ўніверсам) на Горкага, ДК Хімікаў, кінатэатры „Гродна“, „Усход“, „Космас“, вуліца Горкага з вежкамі і порцікамі. Зрабіць танна і добра з мадэрнізмам не атрымаецца, калі гэта класна, як у літоўцаў, то і не танна. Параўнаць хоць бы гандлёвы цэнтр у былым кінатэатры ў Друскінінкаі і наш кінатэатр „Гродна“. Што дазваляе думаць, што ў выпадку з Домам быту будзе па-іншаму?»

«Праект тыпавы, ведаю пра такія ў Іванаве і Чалябінску, нібыта і не асабліва каштоўны, але калі з’явіўся, выглядаў вельмі крута. Ёсць у ім штосьці ад Ле Карбюзье, як мінімум стужачныя вокны і велізарны плоскі дах з 5-ці яго праграмных прынцыпаў. Дзюралевыя рамы — ці засталіся наогул такія ў Гродне, не ўпэўнены. Прыгожая лаканічная ўваходная група. Класічны ўзор мадэрнізму. У наяўнасці стыль, што спрэс адсутнічае ў сучаснай беларускай архітэктуры. І гэта тое нямногае, што звязвае нас з тэндэнцыямі ў сусветнай архітэктуры таго часу».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life