Вуліца Камунальная ў Гродне стала небяспечным месцам для раварыстаў. Праехаць і не сутыкнуцца з сабакамі стала немагчыма. Пра праблему ў рэдакцыю Hrodna.life паведаміла гродзенка Юлія Русалкіна.
Каб праехаць вуліцу паблізу прыватнага сектара раварыстам даводзіцца разганяцца да вялікай хуткасці, але нават у такім тэмпе сабакі іх наганяюць.
«Езджу я на ровары шмат гадоў, — кажа Юлія. — Не проста катаюся, а гэта мой пастаянны транспарт. Часта маршрут пралягае праз вуліцу Камунальную, на якой жывуць гэтыя шалёныя сабакі. З галавой у гэтых жывёл дакладна не ўсё ў парадку. Пытанне стала вельмі востра яшчэ некалькі гадоў таму, на гэтую праблему звярнулі ўвагу многія раварысты».
Каб праехаць трэба план
Зімой, пасля аднаго з інцыдэнтаў з жывёламі, Юлія звярнулася ў міліцыю з заявай. Пытанне на некалькі месяцаў было закрыта. Але вясной жывёлы зноў сталі з’яўляцца і тэрарызаваць веласіпедыстаў.
«Каб праехаць вуліцу, трэба прыдумаць план, ехаць хутка, каб жывёлы не дагналі. Яны бегаюць вельмі хутка, на ўзроўні колаў. Гэта страшна, так гэтую сітуацыю пакідаць нельга».
Адлоўлівалі, а ён вярнуўся
Тры «сабакі-тэрарысты» жывуць на вуліцы Камунальнай каля дамоў 17 і 19. Каб даведацца, чые гэта жывёлы, мы звярнуліся да аднаго з жыхароў гэтых дамоў. Леанід распавёў, што ў яго толькі адзін маленькі сабачка.
«Беленькі мой, усе астатнія прыбіліся і жывуць тут ужо некалькі гадоў. Мясцовыя іх падкормліваюць. Адзін руды сабака тут апынуўся пасля таго, як яго гаспадары пакінулі на вуліцы і пераехалі. Іншы чорны прыходзіць аднекуль. Ён навучыў майго і рудога бегаць за машынамі і раварыстамі. Прыходзіў да нас на вуліцу ўчастковы, прыязджаў САГ і забіраў гэтага сабаку, але праз некаторы час ён вярнуўся. Цяпер жыве побач і яго падкормліваюць».
Валанцёры паспрабуюць нешта прыдумаць
Каб даведацца, як правільна паступіць з жывёламі, мы звярнуліся да валанцёраў арганізацыі «Адданае сэрца». Сітуацыю пракаментавала старшыня арганізацыі Алена Шыманіца.
«Вінаватыя гаспадары — гэта зразумела. І зразумела, што з САГа сабакі не вяртаюцца. Мы можам жывёлам пашукаць новых людзей. Можа проблама і ў іншым: напрыклад, там нестэрылізавана сука, якая правакуе на такія дзеянні. Можна яе стэрылізаваць і зграя распадзецца. А можа ўсё ж знойдуцца гаспадары — тады на іх варта напісаць заяву пару разоў. Заплацяць штраф і не будуць бегаць сабакі».
Валанцёры паабяцалі ў сваёй групе ў Вконтакте выкласці фатаграфіі сабак: можа хтосьці іх пазнае ці захоча да сябе ўзяць.