Пачынаючы з 2008 года палякі і ўкраінцы рэалізуюць супольны праект па аднаўленні помнікаў на Лычакаўскіх могілках Львова. Гэта добры прыклад для гродзенцаў, бо ў нашым горадзе бясцэнныя старыя могілкі ўсё больш знішчаюцца штодзённа.
Лычакаў – самы старажытны і багаты некропаль Заходняй Украіны. Ён з’явіўся ў канцы 18 ст. у той самы час, калі былі закладзены могілкі на Росах у Вільні і гродзенскія Фарныя могілкі.

За прамінулыя 10 гадоў коштамі польскага Міністэрства Культуры і Нацыянальнай спадчыны ўдалося аднавіць больш за 80 каштоўных надмагілляў, якія з’яўляюцца сведчаннямі багатанацыянальнай спадчыны Львова. З польскага Фонда Культурнай Спадчыны прыязджаюць рэстаўратары, якія ў спецыяльнай вопратцы, выкарыстоўваючы спецыяльныя матэрыялы і тэхніку, ачышчаюць надмагіллі ад мху і лішайнікаў, іржы, аднаўляюць страчаныя дэталі. Нават моцна панішчаныя помнікі рупліва кансервуюцца.
Ужо сёння відавочны эфект гэтай працы. На Лычакаве нават у працоўныя дні вельмі шмат турыстаў. Квіток на могілкі недарагі, грошы ідуць на рэстаўрацыю надмагілляў. Дзяржава таксама аплочвае заробкі навуковым супрацоўнікам могілак, паколькі Лычакаў абвешчаны запаведнікам-музеем.
Прагрэс відавочны. Шкада, што справа выратавання і аднаўлення гродзенскіх Фарных могілак фактычна стаіць на месцы, бо як турыстычны аб’ект яны зусім не саступаюць Лычакаву і цікавасць да іх у замежных турыстаў вельмі вялікая.













