У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life склаў інструкцыю: куды можна звярнуцца, калі вы заўважылі паразітаў у грамадскім месцы ці ў сваёй кватэры.

@lankymyyn вкусняшка бегает😍 #гродно #тринити ♬ оригінальний звук — vlad0.9.8

У каментарах пад апублікаваным відэа гродзенцы адзначаюць, што прусакоў у Triniti шмат. «Яны там кішылі, прычым першымі ўбачылі на падлозе, а потым зразумелі, што яны паўзуць з пуфікаў - там іх цемра і яны не саромеюцца вылазіць. Ёсць і вялікія, і маленькія, і іх коканы», — напісала аўтарка відэа пад нікам lankymyyn.

«Яны на ўсіх паверхах, вельмі шмат бачыла ў „Грыне“, дзе кулінарыя», — распавяла Lizaya.

«Там яшчэ па ўсім „Трыніці“ мышы ёсць. Сядзіш такі, працуеш, адчыняеш шафку, а там мыш — пацешна», — распавядае Вікторыя.

«Я там калі гуляў пад гэтымі канапамі пацук маленькі бегаў, потым уцёк у бк („Бургер Кінг“ — рэд.), нават фота ёсць», — напісаў Rustic.

Куды скардзіцца, калі ў кафэ ці краме заўважылі прусака?

За выкананне санітарных правілаў адказвае Міністэрства аховы здароўя. Калі вы заўважылі паразітаў у кропцы харчавання або ў краме, то можна звярнуцца ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па месцы размяшчэння аб’екта.

У Гродне філіялы цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працуюць па двух адрасах: на вуліцы Магістральнай, 6−3 і на вуліцы Будзёнага, 7. Даслаць зварот можна на e-mail [email protected], а таксама патэлефанаваўшы па нумары 8 (0152) 71-95-03.

Пакінуць заяву аб невыкананні санітарных нормаў можна праз сэрвіс обращения.бел. Пасля атрымання скаргі спецыялісты павінны выехаць на месца і правесці энтамалагічную ацэнку.

Таксама наведвальнікі могуць паведаміць аб праблеме кіраўніцтву ўстановы ці крамы. Для гэтага можна пакінуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў. Уладальнікі абавязаны даць пісьмовы адказ аб прынятых мерах.

Што рабіць, калі паразіты лезуць з суседняй кватэры?

Калі ў суседняй кватэры не выконваюцца санітарныя нормы, а прусакі распаўзаюцца па ўсім доме, неабходна звярнуцца ў камунальную службу раёна. Аб праблемах антысанітарыі, непрыемных пахаў і прусаках можна паведамляць па нумары 115 або пакінуўшы заяўку на сайце 115.бел. Рэсурс дазваляе адсочваць статус заявы.

Па заяўцы выязджаюць работнікі ЖКГ і праводзяць абследаванне. Калі факт антысанітарыі пацвярджаецца, то спецыялісты складаюць пратакол і робяць заяўку ў санслужбу для далейшай апрацоўкі памяшканняў. У такім выпадку суседзяў могуць аштрафаваць.

Як змагацца з уласнымі прусакамі?

Калі паразіты з’явіліся ва ўласнай кватэры, жыхары могуць звярнуцца ў службы дэзінфекцыі - у Беларусі такія паслугі выконваюць як дзяржаўныя, так і прыватныя кампаніі.

У Гродне можна звярнуцца у занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Супрацоўнікі абследуюць кватэру, а затым правядуць неабходныя маніпуляцыі па дэзінфекцыі ад грызуноў ці насякомых.

Узор заявы для платнай дэзінфекцыі можна спампаваць тут. Атрымаць даведачную інфармацыю можна па тэлефоне: 8 (0152) 73-44-39.

У прэйскуранце гродзенскага занальнага цэнтра цэны на дэзінфекцыю не пазначаны. Кошт паслуг ад прыватных фірм вобласці наступны: пакой у інтэрнаце ад 60 руб., аднапакаёвая кватэра ад 70 руб., двух і трохпакаёвая кватэра ад 90 руб. Кошт на дэзінфекцыю прыватнага дому пачынаецца ад 130 руб.