Калі хочацца адпачыць без тэлефона і пазнаёміцца з новымі людзьмі, добра падыдзе летні лагер. Размовы ля вогнішча, дыскатэкі, конкурсы… Але ж ці могуць у гэтым паўдзельнічаць дарослыя? У апошнія гады – так! А гештальт-тэрапеўтка патлумачыла, чаму яны папулярныя і ці сапраўды карысныя. 

Што гэта такое?

Лагеры для дарослых шмат чым падобныя да дзіцячых летнікаў. Таксама ёсць конкурсы на лепшую сценгазету, крычалкі для розных атрадаў і атмасферныя вечары ля вогнішча з сасіскамі і зефірам. Усё адбываецца на прыродзе без тэлефонаў і пад назіраннем важатых. 

Ідэя лагераў для дарослых узнікла ў ЗША ў пачатку 2010-х гадоў. Адным з першых стаў праект “Camp No Counselors”, заснаваны канадцам Адамам Ціхаўэрам. Ён арандаваў лагер на выхадныя для сябе і сяброў, каб адпачыць ад гарадской мітусні. Мерапрыемства аказалася настолькі паспяховым, што пасля ператварылася ў бізнес з рэгулярнымі зменамі, дзе дарослыя маглі атрымліваць асалоду ад гульняў, вечарын і адпачынку на прыродзе.

У Беларусі першы лагер для дарослых з’явіўся ў 2021 годзе пад назвай “NoDeviceCamp”. Ён быў арганізаваны на сядзібе “Лагойск Віла” і прапаноўваў удзельнікам лічбавы дэтокс, насычаную праграму з гульнямі, майстар-класамі і іншымі актыўнасцямі, нагадваючы атмасферу дзіцячых лагераў, але адаптаваную для дарослых.

Іншы папулярны летнік ў Беларусі – South Camp у вёсцы Каптаруны. Ён з псіхалагічным напрамкам. Таму ранішнія зарадкі спалучаюць з псіхалагічнымі практыкамі. Абодва важатыя-арганізатары – гэта псіхолагі з вялікім досведам. Яны працуюць з самаацэнкай, разуменнем свайго цела і іншымі тэмамі. Дакладная колькасць лагераў невядомая – яна можа адрознівацца ад сезона і прапановаў. 

За дарослымі ў вольны час ніхто не сочыць. Ты можаш пайсці на шпацыр, а можаш паплаваць у возеры. Атрадаў тут звычайна нашмат менш – звычайна 10-15 чалавек. А некаторыя гульні і тэмы псіхалагічных трэнінгаў маюць адзнаку 18+.

Колькі каштуе і што туды ўваходзіць?

Кошт для такіх актыўнасцяў у Беларусі ў межах 785-1550 рублёў. У першым варыянце летнік доўжыцца чатыры дні, у другім – 5. Звычайна ў такую суму ўваходзяць: транспарт з Мінску да месца летніка і назад. Харчаванне – не толькі сняданак, абед і вячэра, а яшчэ падвячорак. Пражыванне ў хатках з усім неабходным. Уключаныя псіхалагічныя трэнінгі, дыскатэкі і праца персанала. З сабой раяць браць толькі зручнае адзенне, гігіенічны набор і ўсё неабходнае для сваіх хобі.

Ці варта яно таго?

Ці спраўдзіліся чаканні тых, хто патраціўся на пуцёўку? Знайшлі ў адкрытых крыніцах водгукі ўдзельнікаў.

“Гэта месца, у якое спачатку было стромна ехаць, а потым не хацелася з’язджаць”, – піша ўдзельніца аднаго з лагераў на сваёй старонцы ў Instagram. 

Іншая ўдзельніца Зінаіда аргументуе сваю цікаўнасць да актыўнасці так:

“Дарослым таксама патрэбныя канікулы. Каб усё, як у дзіцячым лагеры: з важатымі, конкурсамі, вячэрнімі пасядзелкамі і бесклапотнымі забаўкамі”. 

Незадаволеных ці злосных каментароў на старонках і сайтах лагераў мы не знайшлі. Усе толькі цікавяцца коштам ці шкадуюць, што не маюць магчымасці паехаць.

Чаму лагеры для дарослых сталі папулярнымі? 

– Дарослае жыццё заўжды поўнае напругі. А ў мінулыя, скажам, пяць год, з ковіда пачынаючы, напружання і разгубленасці стала яшчэ больш. Час, у які нам трапіла жыць, крызісны. У ім шмат трывог і нявызначанасці пра будучыню. Цяжар адказнасці дарослага чалавека перад тымі, хто ад яго залежаць, можа станавіцца ў такіх умовах асабліва адчувальным, – кажа гештальт-тэрапеўтка Вера (прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі).

Экспертка дадае, што глабальныя крызісы не адмяняюць уласных, асабістых, звязаных з узростам ці адносінамі з людзьмі. 

Летнікі для дарослых. Фота: instagram.com/south_park.camp
Летнікі для дарослых. Фота: instagram.com/south_park.camp

– Усё гэта патрабуе выдаткаваць энергію яшчэ і на псіхічную перапрацоўку ўласнага жыцця, нават калі чалавек не ўсведамляе гэтага. Вось тут можа з’явіцца патрэба хаця б ненадоўга адмовіцца ад абавязкаў, выйсці з сучаснасці, вярнуцца ў бесклапотнае дзяцінства, – кажа экспертка. Да таго ж, сучасныя дарослыя маюць вялікую інфармацыйную і сэнсорную нагрузку, ад якой добра было б адпачыць.

– Хтосьці прыгатуе для цябе ежу, пакорміць, прапануе чым заняцца па раскладзе. <…> Для перагружанага сучаснага дарослага — гэта, натуральна, мара. Таксама, калі ў чалавека ў жыцці былі такія летнікі ў дзяцінстве і там было хораша, гэта можа быць вяртаннем у рэсурснае месца. Нашу псіхіку можна ўявіць бы кольцы ў дрэва: больш раннія версіі нас нікуды не знікаюць, на ніх проста нарастаюць наступныя. Таму мы і можам знянацку апынуцца тымі ж сарамлівымі падлеткамі на сустрэчы аднакласнікаў, альбо — тымі ж радаснымі бесклапотнымі дзецьмі падчас летніку.

Актыўнасці лагера для дарослых. Фота: instagram.com/south_park.camp
Актыўнасці лагера для дарослых. Фота: instagram.com/south_park.camp

На думку псіхалагіні, летнік для дарослых нельга замяніць санаторыем ці базай адпачынку. Гэта розныя патрэбы.  

Дзе шукаць?

Знайсці летнікі можна праз сацсеткі – Instagram і TikTok. Там адразу будуць і відэа з мінулых змен, і частыя пытанні, і бліжэйшыя праграмы. Ёсць летнікі, якія функцыянуюць толькі на адным месцы, а ёсць такія, што кожны раз арганізуюць у розных гарадах ці нават краінах. 

Напрыклад, ёсць кампанія originaltour, якія спалучаюць летнікі з іншымі праграмамі і турамі.

Чытайце таксама: «Думала, 300 будзе». Беларуска распавяла, колькі выдаткавала за 3 дні адпачынку ў Гродне