Бар «Craft» з крафтавым півам і аўтарскімі настойкамі адчыніўся 14 сакавіка ў тэставым рэжыме. Новы бар месціцца ў гандлёвым цэнтры «Палац» на Калючынскай і штодзень працуе да 6 раніцы.
«Галоўная мэта — не толькі адкрыць бар, але і пачаць развіваць культуру адказнага спажывання. Хочацца, каб людзі, якія наведваюць бары, пачалі разбірацца, чым адрозніваецца, напрыклад, ІРА ад лагера, якія ёсць тэндэнцыі піваварэння ў свеце і Беларусі», — патлумачыла ўласніца бара, гродзенская журналістка і грамадская актывістка Дар’я Нячай.
Каб навучыць наведнікаў разбірацца ў напоях, будуць праводзіцца нават лецыі. А ў меню будуць падрабязныя тлумачэнні па кожным гатунку: «Каб чалавек, яшчэ не пакаштаваўшы, ужо разумеў, падыдзе яму напой ці не: ці надта горкі, ці надта моцны».
Канцэпцыя ўстановы ў тым, што напоі будуць беларускага паходжання, нават калі гэта нешта нетрадыцыйнае для нашых мясцін. «Джын — гэта гарэлка на ядлоўцы. Але ж у нас таксама расце ядловец!» — кажа Дар’я. Дакладна не беларускім тут будзе віно.
Піва ў бары — завадское і крафтавае, якое варыцца ў маленькіх піваварнях у абмежаваных колькасцях. Усё — толькі беларускае, ад лагера да цёмнага эля, рознага мацунку, будзе і імбірнае, і амерканскае ІРА, і разліўная медавуха. У прыярытэце — аўтэнтычныя гатункі. На розліў пастаянна будуць чатыры-шэсць гатункаў, можна набыць сэт з дэгустацыяй па 150 г. Тое ж і з настойкамі: можна замовіць сэт з 25-грамовымі порцыямі.
З фабрычнага будуць так званыя зерневыя дыстыляты (прасцей — самагон), крамбамбуля, завадскія эксперыменты, напрыклад, беларускі егермайстар.
Коштавая катэгорыя бара — не танная, для настоек і піва — сярэдняя па цэнтры горада.
З ежы тут ёсць стандартныя закускі, даўгія беларускія чыпсы (як тыпова мясцовыя), і менш звыклыя — злакавыя чыпсы з лаваша, смажаныя бабы, плануюць сушанае мяса. Акрамя таго, можна проста ў бар замовіць ежу з партнёрскага меню суседзяў: «Сушы Wok» і Paradize. Сістэма працуе і наадварот: большасць напояў з «Craft» можна будзе замовіць, седзячы ў гэтых установах.
Тым, хто хоча правесці час без алкаголю, прапануюць аўтарскія гарбаты з зёлак, з дадаткам чорнай або зялёнай гарбаты ці без іх. Кава ёсць, але акцэнт тут не на яе. На вынас гарачыя напоі можна набыць толькі ва ўласны кубак — бар экаарыентаваны, а аднаразовы посуд для напояў Дар’я прызнае самым неэкалагічным.
Па пятніцах і суботах плануюцца музычныя імпрэзы з саксафонам, выступы вакалістаў, невялікіх гуртоў. «Тут не будзе звыклых кавер-бэндаў. Хочацца падтрымаць менавіта аўтарскую і інструментальную музыку. Дэвіз нашай установы — тут кружэлкі слухаюць, а не прыбіваюць да сцяны», — кажа ўласніца. Для кружэлак ёсць адмысловы вертыкальны прайгравальнік і арыгінальныя калонкі 70-х гадоў.
Тут будзе гучаць джаз, блюз, олдскульны рок-н-рол, французскі шансон, кшталту Эдзіт Піяф, рамансы пачатку стагоддзя. Другі кірунак — беларуская музыка, магчыма, будуць прадавацца і дыскі. У бары ёсць «вольная» гітара, на якой можна паграць. «У выпадку, калі гэта годны ўзровень», — адзначыла гаспадыня.
У інтэр'еры памяшкання — мінімум пластыку, мэбля і барная стойка — са слэбаў (прадольны зрэз цэлага камля), драўлянае аздабленне. Дызайн прыдумляла ўласніца са сваёй камандай. «Гэта месца, якое не будзе змяняцца паводле моды: модна паставіць у гаршчочках траўку — мы паставілі, нямодна — прыбралі. Чалавек прыйдзе сёння, а пасля праз 20 гадоў і знойдзе тое ж афармленне». Хутка з’явіцца фотазона, а на сцяне будуць вісець здымкі вядомых людзей горада, якія зазірнуць у бар.
Таксама Дар’я плануе ладзіць на сценах бара мінівыставы мастакоў.
Летам з’явіцца вулічная зона, таксама ля ўвахода будуць стаяць місы з вадой для катоў і сабак. У бар можна заходзіць з жывёламі. У планах — мерапрыемствы для збору сродкаў у падтрымку жывёл, з платных мерапрыемстваў будзе ашчаджацца працэнт для жывёлаахоўных арганізацый і актывістаў.
Бармэн тут харызматычны і непітушчы. Усе ўласцівасці, паказальнікі і смакі напояў Мікалай ведае на памяць, каб дапамагчы кліенту абраць тое, што патрэбна. Акрамя таго ён нумізмат, добры спявак і суразмоўца, здольны падтрымаць шчырую гутарку на паўночы.
Гэта не першая ўстанова такога кшталту для Дар'і, але ўласная — першая. Раней яна працавала бармэнкай, адміністратаркай, удзельнічала ў адкрыцці двух бараў і ў рэбрэндынгу аднаго. «Тут у мяне не падначаленыя, а каманда. Усе рэчы, якія я прапагандую ў жыцці, я прымяняю тут», — кажа яна.
Бар працуе з 18:00 да 6:00, па суботах і нядзелях — з 14:00 да 6:00. Панядзелак пакуль выхадны.
Афіцыйнае адкрыццё запланавана на красавік, а цяпер можна зазіраць, каштаваць, і прапаноўваць свае заўвагі.
Паколькі бар адкрываецца ў перыяд пандэміі каранавіруса, у бары з асаблівай увагай адносяцца да прафілактыкі. Вадкае мыла ў прыбіральні замянілі медыцынскім антыбактэрыяльным, кожнаму наведніку дадаткова прапануюць апрацаваць рукі антысептыкам, усе паверхні рэгулярна праціраюць дэзінфекуючым сродкам, а па жаданні кліента могуць наліць напой у аднаразовы пластыкавы посуд, а шкляны посуд мыецца адмысловым дэзінфектантам. Падлогу мыюць таксама з антыбактэрыяльным сродкам, які выкарыстоўваецца ў шпіталях і паліклініках.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…