Гродзенка Рыма Ушкевіч ходзіць у кавярні са сваім тэрмакубкам. Аднак не паўсюль ёй наліваюць ва ўласны посуд. Мы праверылі, дзе ў цэнтры горада пагаджаюцца зрабіць каву ў посудзе кліента. Санстанцыя не мае адназначнага адказу, ці такі продаж парушае санітарныя нормы.
У “Ці&Кава” грэюць кубак, а ў “Раскошы” бяруць на 18 капеек менш
Рыма Ушкевіч часта п’е каву. Першы раз ранкам дома, а пасля недзе ў горадзе бярэ “каву з сабой”.
– Аднаразовая тара адразу робіцца смеццем. Калі гаворка пра адзін кубак, здаецца, што тут такога. Ну выпіў каву, ну выкінуў. А ты ўяві, што тое самае ў адзін дзень зробяць 500 чалавек у Гродне, а колькі па ўсёй краіне, – разважае Рыма.

Дзяўчына выступае за чыстую прыроду і памяншэнне колькасці смецця. Таму прыкладна год назад вырашыла зрабіць свой “кававы” крок да экасяброўства. Барысты часта ідуць насустрач. У “Ці&Кава” нават грэюць посуд, калі ён з марозу, а ў “Раскошы” робяць зніжку ў 18 капеек – гэта кошт папяровага кубка.

Аднак у кавярні “Просто кофе” і ў “Калабках” у парку Жылібера ёй адмовілі. Маўляў, гэта парушае санітарныя нормы. Прычым гэта залежыла не ад месца, а ад канкрэтных барыстаў: у адной і той жа кавярні ў розны час некаторыя налівалі, іншыя не.
– Я гатовая даплачваць за экасяброўства, – кажа гарадзенка. – Таму іду туды, дзе наліваюць. Ад тых кавярняў застаўся непрыемны асадак. Я не адчула, што мяне, як кліента, хочуць утрымаць.
“Тут вам не Еўропа”
Карэспандэнтка Hrodna.life таксама прайшлася па цэнтральных гарадзенскіх кавярнях са сваім тэрмакубкам.
– Так, канешне, давайце паспрабуем наліць у ваш кубак, – прыязна кажа дзяўчына ў кавярні “Шэкспір”. – Вам з сіропам, цынамонам? Адно, што не ведаю, ці змесціцца ў кавамашыне па памеры. Вы першая, хто звяртаецца з такой просьбай.
Далей іду па маршруце парк Жылібера – Віленская вуліца – Савецкая – Замкавая. Ахвотна гатовыя наліць у тэрмакубак кліента ў кавярні “Ці&Кава”, бары “Лондан”, кавярнях “Раскоша”, “Кавярня ў доме Хона Піка”, “Наша кава”, “Starlight”.

У большасці месцаў кажуць, што такую просьбу чуюць упершыню, але выканаюць без праблем. Пра забарону так рабіць ім нічога невядома ні з правілаў установы, ні ад кіраўніцтва.
У кавярнях “Раскоша”, “Наша кава”, “Starlight” прызнаюцца, што дастаткова кліентаў прыходзіць са сваім посудам, асабліва турысты.
Ніхто з барыстаў не прапануе даплаціць і не дае зніжку, бо аднаразовыя кубкі ў большасці месцаў бясплатныя.

Катэгарычна адмаўляецца ад ідэі прадавачка ў кавярні крамы “Ратушны”: “Нам забаронена наліваць у іншы посуд”.
Барыста “Просто кофе” Яўген прапануе нібы кампраміс: зрабіць каву ў аднаразовы кубак, а пасля кліент сам можа пераліць напой у свой посуд. Хлопец спасылаецца на ўнутраныя правілы ўстановы:
– Наш посуд чысты. Аднаразовыя кубкі запакаваныя, у іх я ўпэўнены. А калі чалавек прыйдзе са сваім посудам, невядома, ці няма ў ім чагосьці [шкоднага – заўв. Hrodna.life]. Раптам ён атруціцца, а пасля паскардзіцца на нашую ўстанову ў суд, – Яўген кажа, што ведае пра такія выпадкі.

Барыста тлумачыць, што ён супраць такіх эксперыментаў з посудам і па правілах кавярні, і па асабістых перакананнях. Праўда, адразу назваць пункт у законе, які б забараняў наліваць каву ў кубак кліента па санітарных прычынах, не можа.
– Тут вам не Еўропа, – упэўнены Яўген. – У іх, напрыклад, ёсць дазвол гатаваць ежу на продаж дома. Аднак да першага атручвання. Пасля цябе пазбаўляюць дазволу на дзейнасць на пяць год.
Катэгарычнай забароны няма
Як патлумачыла ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Хартановіч, у санітарных правілах няма катэгарычнай забароны наліваць каву ў асабісты кубак пакупніка.
– Аднак для раздачы ў арганізацыі спажывання гатовых страваў павінен выкарыстоўвацца чысты і сухі посуд, у тым ліку аднаразовы. Паўторна выкарыстоўваць аднаразовы посуд забаронена. Гэта прадугледжвае пункт 111 “Санітарна-эпідэяміялагічных патрабаванняў для аб’ектаў грамадскага харчавання”, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Беларусі 10.02.2017 №12, – кажа ўрач-гігіеніст.
Акрамя таго, па правілах гандлю, забараняецца водпуск харчовай працукцыі ў брудную тару пакупніка і друкаваную макулатуру (п. 180 Санітарных нормаў і правіл “Эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія ажыццяўляюць гандаль харчовай прадукцыяй”, зацверджаныя пастановай Міністэрствам аховы здароўя Беларусі 28.082012 года №132).
Падобна, што тыя, хто адмаўляецца наліваць каву ў кубак кліента, абапіраюцца на выснову: “не магу праверыць – значыць, посуд патэнцыйна брудны”.
У “папяровым” кубку ёсць пластык, а ў крышцы – канцэрагены
У Беларусі ўжо дзейнічае кампанія за свае кубкі ў кавярнях “My cup, please” (“Мой кубак, калі ласка”). Да яе далучыліся каля 30 кавярняў: большасць у Мінску, ёсць па адной у Віцебску, Барысаве, Рэчыцы. Гродна на мапе не адлюстраваны.

Ініцыятары кампаніі тлумачаць, што ў склад нават “папяровага” кубка ўваходзіць пластык. Акрамя таго, дзеля іх вырабу ў свеце вырубаюць 20 мільёнаў дрэваў штогод.
Крышачку робяць цалкам з палістэролу. Ён кепска перапрацоўваецца і можа ўтрымліваць канцэрагены, якія пяройдуць у напой пры нагрэве. Сам кубак звонку пакрыты паліэціленавай плёнкай, каб вадкасць не працякала. Такі кубак нельга перапрацаваць, таму што папярэдне трэба аддзяліць паперу ад пластыку. А гэтым у рэальнасці ніхто не будзе займацца.


