Бамбасховішчаў у Гродне няма. Наогул. Месцы, якія могуць абараніць людзей у выпадку надзвычайных сітуацый, зараз называюцца “ахоўнымі пабудовамі” ці прасцей – “сховішчамі”. Іх у горадзе каля сотні. Дзе яны знаходзяцца, жыхарам раскажуць толькі ў выпадку непасрэднай небяспекі. Да часу ікс інфармацыя засакрэчаная. “Каб праціўнік не пазнаў і не атакаваў менавіта туды”, – растлумачыла Hrodna.life крыніца, блізкая да службаў грамадзянскай абароны горада.

“У цэнтры іх шмат”

Каб даведацца, дзе схавацца ў час надзвычайнай сітуацыі, гродзенцы Юліі Калядзе давялося настойліва тэлефанаваць па розных інстанцыях – ад ЖЭСа, да якога належыць дом, да бюро аховы працы ва УЖРЭПе.

“Спачатку мне правялі лекцыю, што трэба захоўваць спакой, а праз СМІ раскажуць, што рабіць, – напісала Юлія на асабістай старонцы ў Facebook. – На мае довады, што, збіраючы дзіця, не будзе часу глядзець/чытаць, ды яшчэ і не факт, што будзе тэлефон з інтэрнэтам, мне адказалі: “Не трэба нагнятаць. Беларусь ніхто не кране”.

У выніку на настойлівыя просьбы Юліі адказалі, што “ў цэнтры іх [сховішчаў] шмат. Назвалі адрасы на Сацыялістычнай, 51, 51а, 24, 28; Карбышава 7, 13, 22, згадалі, што ёсць сховішчы на вуліцы Кірава. З пачаткам вайны ва Украіне пытанне аб бяспецы ў горадзе ў час надзвычайных сітуацый для многіх гродзенцаў перастаў быць “чыста тэарэтычным”.

бомбоубежище гродно
Калі бачыце ў дварах дамоў такія збудаванні – амаль пэўна ў бліжэйшых дамах ёсць сутарэнні-бамбасховішчы. Бетонныя “кубікі” – выхады сістэм вентыляцыі ахоўных збудаванняў

Дзе шукаць ахоўныя збудаванні і што гэта такое

Ахоўныя збудаванні (АЗ) – гэта збудаванні, прызначаныя для абароны людзей ад уздзеяння ўразлівых фактараў ядзернай, хімічнай і бактэрыялагічнай зброі, а таксама ад уздзеяння другасных фактараў пры ядзерным выбуху і пры ўжыванні звычайных сродкаў паразы супраць мірнага насельніцтва. Сховішчы – гэта герметычныя інжынерныя збудаванні, якія забяспечваюць абарону людзей ад уздзеяння ўсіх фактараў уражанння зброі масавага паражэння (ЗМЗ). 

Ахоўныя збудаванні і сховішчы абсталёўваюць герметычнымі дзвярыма і ахоўнымі шлюзамі, фільтра-вентыляцыйным абсталяваннем, запасамі вады і санвузламі. У іх прадугледжваюцца запасныя выхады на выпадак разбурэння будынка і завалаў. За кожным ахоўным збудаваннем замацаваны адказны. На ўваходзе павінна вісець таблічка з надпісам “ахоўнае збудаванне” або “сховішча”. 

Што ўзяць з сабой у сховішча – камплектуем “трывожны чамаданчык”

  • цёплае адзенне – швэдар, штаны, ласіны, пальчаткі, шапка і шалік;
  • некалькі камплектаў ніжняй бялізны і шкарпэтак;
  • зручны і трывалы абутак;
  • аптэчка – бінты, пластыр, ёд, перакіс, спірт, вата, гарачкапаніжальныя прэпараты, лекі ад дыярэі, супрацьвірусныя, заспакаяльныя сродкі і антыбіётыкі, вітаміны групы В;
  • сродкі асабістай гігіены – вільготныя і сухія сурвэткі, зубная паста і шчотка, антысептык, вадкае мыла, гігіенічныя пракладкі;
  • дакументы ў непрамакальнай упакоўцы;
  • зараджаны паўэрбанк, зарадка для тэлефона;
  • мультытул-інструмент, які сумяшчае ў сабе нож, шыла, адвёртку, нажніцы і г.д.;
  • ліхтарык і батарэйкі;
  • спальны мяшок, коўдру, падушкі;
  • металічны посуд і сталовыя прыборы;
  • запалкі і запальнічку.

Што ўзяць з сабой з прадуктаў? Тое, што захоўваецца доўга!

  • Мёд. Захоўвае свой смак дзесяцігоддзямі, калі захоўваецца ў драўлянай або шкляной тары.
  • Соль і цукар – “вечныя” прадукты. Іх тэрмін захоўвання складае каля 8 гадоў. Таксама доўга захоўваюцца цукровыя ледзяшы і ірыскі.
  • Шакалад без дабавак пры пакаёвай тэмпературы можа захоўвацца 1 год, з ягадамі і арэхамі – 6 месяцаў.
  • Макароны, у тым ліку хуткага прыгатавання, – тэрмін захоўвання 2-3 гады ў сухім памяшканні.
  • Згушчанае малако ў бляшанцы захоўваецца 1 год, у пластыкавым пакунку – 6 месяцаў.
  • Яйкі (нямытыя) можна захоўваць без халадзільніка каля месяца, у халадзільніку – 3 месяца.
  • Белы рыс – рэкардсмен сярод крупаў па часе захоўвання. Ён можа не псавацца гадамі. Тэрмін захоўвання грэчкі і проса – 9 месяцаў, манкі – 10 месяцаў, аўсянкі – 1 год, гароху – 2 гады.
  • Кансервы – тэрмін захоўвання да 5 гадоў.
  • Спецыі, сухія запраўкі і булённыя кубікі – да 1 года.

Спадчына “халоднай вайны”

Усяго ў Гродне больш за 100 сховішчаў. Большая частка такіх збудаванняў – спадчына «халоднай вайны». Іх будавалі ў савецкі час на буйных прамысловых прадпрыемствах, якія маглі працаваць «на абаронку». Гэтыя прытулку разлічаны на тую колькасць людзей, якое працуе на прадпрыемстве ў адну змену.

Адно з самых вялікіх гродзенскіх сховішчаў знаходзіцца на заводзе карданных валаў (“Белкард” на вуліцы Шчаснага, побач з чыгуначным мостам). Яго змяшчальнасць – 1200 чалавек.

Гродзенскі краязнаўца Андрэй Мялешка распавёў Hrodna.life пра яшчэ некалькі ахоўных збудаванняў горада: “Адно з самых вялікіх бамбасховішчаў знаходзіцца пад забаўляльным цэнтрам “Галактыка”. Будаўніцтва пачалося ў 1980-х гадах – там мусіў з’явіцца Палац будаўнікоў. Яго бамбасховішча разлічана на 500-700 чалавек.

Вялікае сховішча ёсць у падвалах завода “Радыёхваля”. У 1990-х там абсталявалі глядзельную залу і ладзілі канцэрты”.

Чытачы распавялі Hrodna.life, што сховішчы ёсць [як мінімум] на “Азоце”, заводзе такарных патронаў (“БелТАПАЗ”), на абутковай фабрыцы, пад “Гроднажылбудам”. Пра бамбасховішча мясакамбіната самі супрацоўнікі распавядаюць байку, што запасны выхад з яго замуравалі. Прычына – гэтым шляхам нядобрасумленныя работнікі выносілі з прадпрыемства мяса.

Сховішчы ёсць у школах і бальніцах

Абсталяваныя бамбасховішчамі некаторыя ўстановы адукацыі. Пра гэта Hrodna.life распавялі былыя вучні. Па іх словах, сховішчы ёсць у гімназіі па Парыжскай камуны, 3, у СШ №6 на Гарнавых, 31, у гімназіі №9 на Пестрака, 34/1, у гімназіі №2 на Болдзіна, 10б, у гімназіі №7 на Касманаўтаў, 38б, у СШ №15 на Міра, 15, у СШ №13 на Бярозавай, 3, у школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху на Сухамбаева, 9, у інтэрнаце Аграрнага ўніверсітэта на Сацыялістычнай, 53, у інтэрнаце музычнага каледжа на Янкі Купалы, 57.

Ёсць сховішчы ва ўсіх гарадскіх бальніцах.

Квеструм, бар і тату-салон – гэта таксама бамбасховішчы

Звычайна сховішчы знаходзяцца ў падвалах і часта здаюцца ў арэнду. Карэспандэнту Hrodna.life распавядалі, што ў адным з такіх памяшканняў знаходзіцца трэнажорная зала, ў іншых – бытоўкі або склады. У сховішчы дома № 9 па вул. Гагарына размясціўся архіў бальніцы № 2, у сховішчы на Маставой, 31, пад барам Svaboda знаходзіцца бар Podval. У сховішчы пад крамай “Санта” на Гагарына абсталявалі квэст-рум, ён называецца “Сховішча” і “Уцёкі з турмы”. У сховішчы жылога дома на Леніна, 30 размясціўся тату-салон “Адважнае сэрца”.

Сховішчы ў жылых будынках ёсць толькі ў Старым горадзе. Новыя праекты практычна не прадугледжваюць ахоўных збудаванняў у падвалах. Гэта моцна павышае цану будаўніцтва. 

Пра тое, як выглядалі бамбасховішчы дамоў пабудовы 1950-х гадоў для Hrodna.life распавёў Андрэй Мялешка. У дзяцінстве ён жыў такім доме: “Адно з бамбасховішчаў для грамадзянскіх жыхароў было абсталявана ў падвалах “сталінкі” на Гарнавых, 6. Сховішчы там двухпавярховыя. Увайсці ў іх можна проста з пад’ездаў. Бетонныя скрынкі выцяжкі размяшчаліся ў двары дома. Праз іх мы з мясцовымі хлапчукамі лазілі ў бамбасховішча. Трэба было прапаўзці ўніз па шахце метраў 50.

У 1990-х у гэтых памяшканнях размяшчаліся швейныя майстэрні. Можна было зайсці і ўбачыць стэлажы са скрынкамі, у якіх ляжалі супрацьгазы”.

Па дзейных правілах камерцыйнае выкарыстанне памяшканняў бамбасховішча магчыма. Умова – захаваць ахоўную інфраструктуру і вызваліць пры неабходнасці.

Пад бамбасховішча могуць выкарыстоўвацца збудаванні падвойнага прызначэння – метро ці падземныя паркінгі. Метро ў нас няма. Падземныя паркінгі ёсць у дамах на Парахавой, 9/1, Купалы, 88а, Дзяржынскага, 40 і Захарава, 24.

"Каб супраціўнік не даведаўся". Як гродзенцам знайсці бамбасховішчы, калі яны засакрэчаныя
Падземны паркінг пад домам 9/1 па вуліцы Парахавая. Такія збудаванні таксама могуць выкарыстоўвацца для сховішчаў

Як даведацца, куды бегчы

Дакладную інфармацыю, дзе менавіта знаходзіцца “ваша” сховішча, знайсці не атрымаецца. Куды бегчы і што рабіць паведамяць толькі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. 

«Калі чалавек даўжэй за дзве хвіліны чуе гук сірэны — ён мусіць уключыць радыё, тэлевізар або зайсці на сайт МНС. У тэлеэфіры з’явіцца бягучы радок або ўзнікне перапыненне эфіру, на радыё будзе ажыццёўлены FM-перахоп, на сайце з’явіцца асобнае паведамленне з кароткім апісаннем сітуацыі і інструкцыямі таго, што трэба рабіць. Эвакуацыя ў сховішча патрэбная далёка не ў кожнай сітуацыі, але калі ўзнікне такая неабходнасць – у паведамленні будуць пададзены ўсе патрэбныя каардынаты»,-  расказаў прэс-сакратар МНС.

Таксама можна знайсці інфармацыю, як паводзіць сябе пры розных надзвычайных сітуацыях, у дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач”.

Будынка з бамбасховішча, пра якія распавялі Hrodna.life чытачы:

  • Маставая, 51, 51а, 24, 28,
  • Карбышава, 7 (праз дарогу ад “Белтэлекама”),
  • Карбышава, 13, 21,
  • Карбышава, 22 (крама №11 “Прадуктовая”),
  • Леніна, 30 (тату-салон “Адважнае сэрца”),
  • Пад крамай “Ваўкавыскі”,
  • Савецкая, 4 (за Домам прафсаюзаў),
  • Будзёнага, 37 (чыгуначны вакзал),
  • Маставая, 31 (пад барам Svoboda, дзе знаходзіцца бар Podval),
  • Гагарына,41/1 (пад крамай “Санта” – там квэструм),
  • Шчаснага, 38 (завод “Белкард” на 1200 чалавек),
  • Гарнавых, 31 (СШ №6),
  • Гарнавых, 6 (крама “Дамалюкс”),
  • Гагарына, 9 (падвал кутняга пад’езда, там архіў бальніцы №2),
  • Гаспадарчая, 23 (ФЭУ ГрГУ),
  • Азёрская шаша, 5б (крама “Пінскдрэў”),
  • Элізы Ажэшкі, 30 (Дом афіцэраў, пішуць, што заўсёды было затоплена),
  • Кастрычніцкая, 3 (у будынку з філіялам Беларусьбанка),
  • Сацыялістычная, 49 (крама “Белвест”, 2 пад’езд, раней была шыльдачка, цяпер няма),
  • Мясніцкая, 25 (мясакамбінат),
  • Янкі Купалы, 63 (за гатэлем “Турыст”),
  • Янкі Купалы, 55 (за музычным каледжам),
  • Янкі Купалы 57 (інтэрнат музкаледжа),
  • Янкі Купалы, 89 (клінічная бальніца №4),
  • Пестрака, 34/1 (гімназія №9), 36,
  • Ліможа, 3 (ДУА №94),
  • Ліможа, 4,
  • Болдзіна, 10б (гімназія №2),
  • Болдзіна, 12в,
  • Каліноўскага, 69 (жылы дом),
  • Індурская шаша, 12, 14 (СШ № 31 і №34),
  • Вішнявецкая, 14 (СШ № 38),
  • Горкага, 91 (каля рынку “Карона”, у ім “Гранітэкс”),
  • Горкага, 77 (будынак радзільні),
  • Горкага, 80 (сталовая медуніверсітэта),
  • Церашковай, 48 (ДУА №96),
  • БЛК, 21,
  • Сухамбаева, 9 (школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху),
  • Пушкіна, 37а,
  • Урублеўскага, 92,
  • Астроўскага, 2, 4,
  • Астроўскага, 22 (Дзіцячая бальніца),
  • Горкага, 6,
  • М. Горкага, 47 (аддзяленне “Альфабанк”),
  • Камунальная, 2 (ГАКБ медыцынскай рэабілітацыі),
  • Касманаўтаў, 2,
  • Касманаўтаў, 4а (крама “Марка”),
  • Касманаўтаў, 38б (гімназія №7),
  • Міра, 15 (СШ № 15),
  • Бярозавая, 2 (СШ № 13),
  • Будзёнага, 42 (РУП “Гроднаэнерга”),
  • Будзёнага, 34 (стаматалогія “Ортадэнт”),
  • Будзёнага, 23,
  • Сацыялістычная, 28, 49, 51, 51а,
  • Сацыялістычная, 53 (Аграрны універсітэт),
  • Суворава (пад “Гроднажылбудам”)
  • Кірава, 30, 32,
  • Леніна, 26,
  • Ажэшкі, 22,
  • К. Маркса, 29,
  • Парыжскай Камуны, 3, 6,
  • Свярдлова, 17,
  • у аблвыканкаме,
  • у дамах на Реймонта, Свярдлова, Гагарына, Тэльмана, у дварах за крамай “Баторыя”.