«Калі нічога не знойдзем, прыйдзецца пераязджаць да бацькоў». Як гродзенцы вырашаюць пытанне падскоку коштаў на арэнду кватэр

У Анастасіі хворае дзіця, працуе адзін муж, а гаспадыня рэзка павышае цану. Марыя плаціла за кватэру толькі ў доларах. Арэндадаўца Вольга думае зніжаць кошт, калі ўзровень жыцця будзе падаць. Эксперты раяць уладальнікам кватэр не прывязвацца да курсу долара, інакш страцяць кватарантаў. Чытачы Hrodna.life распавялі, як рост курсаў валюты адбіўся на арэндзе жылля ў Гродне.

Маніпулюе, бо ведае: з дзіцем складана знайсці жыллё

Анастасія Чумакова здымае кватэру на Курчатава з ліпеня 2019 года. З гаспадыняй дамовіліся на 370 рублёў, на курс не арыентаваліся.

«Калі скокнуў долар, наша гаспадыня патэлефанавала і сказала, што падымае да 450 рублёў. Праз тыдзень — да 600 рублёў. Насустрач не ідзе», — кажа Анастасія. Тое, што заробкі плацяць у рублях, жанчыну не хвалюе. «Кошты растуць — і я падыму», — сказала яна Насты.

«Старая» частка вуліцы Курчатава на Дзевятоўцы. Фота з архіва Hrodna.life

«Працуе адзін муж. Я ў дэкрэце. У нас дзіця хворае і яму трэба лячэнне. Мы не можам проста пацягнуць такую суму», — тлумачыць дзяўчына. Яна лічыць, што гаспадыня разумее, што з дзіцем цяжка знайсці жыллё, таму і маніпулюе.

За сакавік дамовіліся заплаціць 450 рублёў. Калі за месяц сям’я не знойдзе нічога іншага па адэкватнай цане, то прыйдзецца пераязджаць да бацькоў.

«Аднапакаёўка за 500 рублёў на Белых Росах — неяк не вельмі»

Дамовіцца плаціць па старой цане паспрабавала і Марыя Галабурда. Дзяўчына прапанавала гаспадыні абмеркаваць «нестабільную валютную сітуацыю» і магчымасць плаціць фіксаваную суму ў беларускіх рублях. Марыя за аднапакаёвую кватэру плаціць 125 долараў: за папярэдні месяц атрымлівалася 320 рублёў. Такую цану ў рублях Марыя хацела б бачыць і ў перспектыве. Гаспадыня адказала, што «перспектыву будзе відаць зыходзячы з рынкавай сітуацыі». Маўляў, за люты павінна быць ужо даўно адкладзена, а за сакавік можна заплаціць у рублях, але па дзейным курсе. А гэта ўжо не 320 рублёў, а 437 (калі лічыць долар па 3,5 рублёў).

«Яны казалі, што ім пераважней ў доларах. Калі мы не паспелі памяняць, гаспадыня была вельмі незадаволеная, — кажа Марыя. — Гаспадары пайшлі на прынцып. Даводзіцца шукаць іншыя варыянты. Бо аднапакаёўку на ўскраіне Белых Росаў за 500 рублёў - неяк не вельмі».

Від на вуліцу Белыя Росы на Дзевятоўцы з боку новага мікрараёна Грандзічы. Фота з архіва Hrodna.life

Чытачам Hrodna.life, у якіх у дамове найму прапісаная канкрэтная сума — 100 долараў па актуальным курсе, прыйшлося пасля падзення рубля заплаціць на 130 рублёў больш. Да заканчэння дагавора з гэтым нічога не зробіш.

Яшчэ адна чытачка напісала рэдакцыі Hrodna.life, што дамовілася з гаспадыняй на 100 даляраў замест 120. Пры сустрэчы з гаспадыняй дзяўчына хоча пагаварыць аб фіксаванай суме ў 400 рублёў.

«Не з мэтай нажывы, а каб камунальныя самім не плаціць»

Ёсць арэндадаўцы, якія ідуць насустрач. Вольга здае кватэру ў Баранавічах за $ 80. Аплата ў беларускіх рублях. «На дадзены момант дамовіліся з кватарантам зафіксаваць курс — 3 рублі да канца дзеяння дамовы. Кватарант незадаволены, сказаў, што будзе шукаць іншую жылплошчу. Вялікая верагоднасць, што пры каласальным зніжэнні ўзроўню жыцця буду зніжаць кошт пражывання», — кажа жанчына.

Чытайце таксама: В Беларуси ввели налог на первую квартиру. Сколько нужно заплатить в Гродно и других городах Гродненской области

Яшчэ адна чытачка распавяла, што яе сястра здае ў Гродне трохпакаёвую кватэру «за сімвалічныя 100 долараў». З кватарантамі дамовіліся з сакавіка адвязацца ад курсу долара і зафіксавалі аплату ў 250 беларускіх рублёў.

«Сям'я сястры з’язджае ў ЗША па грын-карце. Каб не шукаць новых кватарантаў, першапачаткова здавалі па нізкай цане. Не з мэтай нажывы, а каб камунальныя самім не плаціць», — патлумачыла жанчына.

Першымі кватарантамі былі двое мужчын з Расіі. Калі з’язджалі, прывялі іншых — сямейную пару без дзяцей.

Эксперты: Варыянт ва ўласнікаў адзін — не прывязвацца да курсу долара і зніжаць кошты

Кіраўніца мінскай кампаніі «Асарыс», якая займаецца кіраваннем нерухомасцю, Ірына Данілава ў размове з Onliner.by раіць арэндадаўцам адразу ставіць на апярэджанне.

«Куды больш эфектыўна адразу скінуць 30% кошту. Для прыкладу: нядаўна да нас звярнуўся ўласнік, які планаваў перадаць у кіраванне аднапакаёўку ва Уруччы за $ 350 па курсе. Пра гэта ўжо можна нават не марыць», — распавяла Данілава.

Арандатары пераязджаюць з больш дарагіх кватэр у больш даступныя, заўважыла Данілава. Яна рэкамендуе ўласнікам адмовіцца ад закладу: сёння ён не гарантуе доўгатэрміновую арэнду, бо з нестабільным курсам долара планаваць на год наперад немагчыма.

Панэльныя новабудоўлі на вуліцы Пушкіна. Фота ілюстрацыйнае з архіва Hrodna.life

Начальніца аддзела арэнды жылля «Твая сталіца. Агенцтва нерухомасці» Маргарыта Пачыцкая раіць арэндадаўцам адвязаць цану арэнды ад курсу долара, зніжаць цэны і фіксаваць іх у рублях.

«Інакш кватарантаў не ўтрымаць, а новых не знайсці. Для разумення: на мінулым тыдні мы лічылі, як падаражэла арэнда праз падзенне рубля — у сярэднім на 35%. На сёння гэтая лічба дасягнула ўжо 46%. Для многіх гэта непад’ёмны рост. У большасці беларусаў зарплата не прывязаная да курсу долара, і плаціць за арэнду ў два разы больш яны не змогуць. Страта кватаранта ў такіх умовах практычна гарантуе, што новых вы не знойдзеце», — лічыць Маргарыта Пачыцкая.

Чытайце таксама: «Кватэра як аглядная пляцоўка». Арэндадаўца — пра жыллё на набярэжнай у Гродне

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025