Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах яны заклікаюць бацькоў уважліва сачыць за дзецьмі і дзеляцца рэкамендацыямі, як пазбегнуць здзекаванняў і непавагі. Журналістка Hrodna.life даследавала праблему і паразмаўляла з ахвярамі булінгу пра тое, як яны гэта перажылі.

Улады Гродна звярнулі ўвагу на булінг і скулшуцінг (узброеныя нападу ў школах). Булінг — гэта сістэматычны здзек, які можа прывесці да цяжкіх псіхалагічны наступстваў, кажуць яны. Булінг і скулшуцінг можна прадухіліць, калі мы будзем уважлівыя адзін да аднаго і будзем гатовыя дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу, упэўненыя ўлады.

У гісторыях, якія запісала журналістка Hrodna.life, булінг адбываўся праз ігнараванне з боку настаўнікаў, а ў адным выпадку сама настаўніца стала яго ініцыятаркай.

«Сама недаглядзела» — як дзеці сутыкаліся з булінгам

Таня (імя змененае) ў мінулым годзе скончыла дзявяты клас вясковай школы аднаго з мястэчкаў Вілейшчыны. Але выпускны ёй запомніўся як адна з найгоршых падзей у жыцці. Сям’ю дзяўчынкі палічылі сацыяльна небяспечнай. Менавіта таму яна сутыкалася са здзекамі яшчэ з пачатковай школы. Былі крыўдныя абразы. Аднакласнікі падкрэслівалі яе «нястыльнае» адзенне. Выкідвалі алоўкі і сшыткі ў сметніцы. Яе першы мабільны тэлефон патапілі ў школьным туалеце.

Бацькі ніяк не дапамагалі, кажа Таня, бо лічылі, што «не варта лезці ў дзіцячыя разборкі». У сярэдняй школе аднакласнікі нібы нарэшце адсталі і Таня спакойна працягнула вучобу. Так было да 9 класа.

Выпускны можа стаць найгоршым святам. Фота: unsplash.com
Выпускны можа стаць найгоршым святам. Фота: unsplash.com

Напярэдадні выпускнога дзяўчынка сутыкнулася з праблемай: не хапала фінансаў, каб скінуцца на агульнае святкаванне. Класная кіраўніца пашкадавала Таню і заклала за яе грошы са сваёй кішэні. Таня была вельмі ўдзячная і шчаслівая. Але якімсьці чынам аднакласнікі даведаліся пра гэты выпадак і пачалі адкрыта смяяцца з Тані. А пасля таго, як настаўнікі пайшлі святкаваць асобна, у дзяцей канчаткова развязаліся рукі:

«Дзяўчаты і хлопцы пачалі кідаць у мяне маленькія пірожныя з начыннем і памазалі імі ўсю маю сукенку, што была ўзятая напракат».

Таня сышла са свята ў туалет са слязамі і надзеяй адмыць нятанную вопратку. Калі яна прывяла сябе ў парадак, вырашыла вярнуцца ў клас па рэчы і ісці дамоў. Ужо каля выхаду Таня заўважыла, што яе аднакласнікі парэзалі сукенку ззаду нажніцамі, ды так, што яе было не зашыць.

Булінг у школах
Булінг у школах. Фота: unsplash.com

«Я пайшла па дапамогу да настаўнікаў, але маёй класнай кіраўніцы не было. Астатнія ж палічылі, што я сама недаглядзела і апранула ўжо сапсаваную сукенку. Пасля давялося плаціць за яе 500 рублёў».

Выпускны скончыўся расчараваннем, слязамі і раззлаванымі бацькамі. Пасля яго Таня больш не мела ніякіх зносін з аднакласнікамі. Але палёгкай стаў каледж: у ім дзяўчынка знайшла сапраўдных сяброў, любімых настаўнікаў і новыя хобі. Гэта дапамагло стаць больш упэўненай у сабе і не ўспамінаць пра школу.

Погляд булера: як гэта пачынаецца?

Дэн скончыў мінскую школу ў 2023 годзе і з булінгам таксама сутыкаўся, але з супрацьлеглага боку. У 5 класе ўвесь яго калектыў і Дэн у тым ліку здзекаваўся з аднаго хлопчыка.

«Той аднакласнік лез да дзяўчынак і лапаў іх, а з хлопцамі ўвесь час біўся. За гэта і аграбаў калектыўна ад усіх хлопцаў. Звычайна білі яго ў туалеце або ў калідоры, скідалі з горкі побач са школай, кідалі яго партфель, раскідвалі сшыткі, на фіз-ры мячы ў яго ляцелі. Праз нейкі час гэта стала штодзённасцю».

Такім чынам Дэн адчуваў, што абараняе дзяўчынак. Ды і гэты хлопчык, кажа ён, звычайна «нарываўся сам», таму сумленне Дэна не мучыла. Настаўнікі намагаліся неяк паўплываць на дзяцей — разнімалі бойкі, пісалі заўвагі ў дзённікі. Але гэта нікога не спыняла. Скончылася тым, што хлопец пасля шостага класа перайшоў у іншую школу. Як склаўся яго лёс далей, Дэн не ведае.

школа
Школа. Фота: unsplash.com

Зараз жа ён лічыць, што можна было абысціся без гвалту, вырашыць усё размовамі. Але пяцікласнікам не было куды падзець сілы, тады гэта былі «дзіцячыя забавы» і ніхто сур’ёзна не думаў пра наступствы.

Булінг ад настаўніцы

У 4 класе Саша (імя змененае) пачала хадзіць да рэпетытара па англійскай мове. Яна падзялілася ведамі з пазашкольнай праграмы — на адным з урокаў распавяла не толькі правілы, але і выключэнні з іх. Хоць так глыбока яе клас тэму яшчэ не праходзіў.

Настаўніца пацікавілася, адкуль школьніца гэта ведае. А калі пачула пра рэпетытара, пачала крычаць, што Саша лічыць сябе самай разумнай.

Здзекі могуць сыходзіць і ад настаўнікаў. Фота: unsplash.com
Здзекі могуць сыходзіць і ад настаўнікаў. Фота: unsplash.com

«Чамусьці яе вельмі выбесіла, што замест дадатковага факультатыву з ёй я абрала заняткі з рэпетытарам. З таго часу яна магла мяне абразіць перад усім класам, зніжала адзнакі і смяялася з некаторых самастойных».

Але і аднакласнікі, і бацькі ў Сашы былі разумеючыя. Таму дзяўчынку падтрымлівалі і за адзнакі не лаяліся. Тым больш, што ў пятым класе настаўніца змянілася і паважліва ставілася да ўсіх вучняў. Зараз для шасцікласніцы англійская мова — адзін з любімых прадметаў.

Дайшло да суіцыду

Настаўнік Васіль (імя зменена) сутыкаўся з булінгам, калі быў класным кіраўніком у адной з беларускіх школ. У адным выпадку дзяўчыны не падзялілі хлопца. У іншым — дзевяцікласнікі жартавалі і падколвалі дзяўчынку — дзесьці за знешнасць, вопратку, дзесьці - за вучобу. У класе яна сядзела часцей за ўсё адна. Сям’я яе некаторы час нават у сацыяльна небяспечным становішчы.

 — Гэта быў дзявяты клас, і неяк сур’ёзна паўплываць на сітуацыю я не бачыў магчымасцей. Тым больш да мяне працаваў дасведчаны класны кіраўнік. Так, я размаўляў з дзецьмі, ды размовы асабліва не ўплывалі ні на што. Але ў старэйшых класах дзяўчынка навучылася прапускаць кпіны міма вушэй, а недзе магла і пастаяць за сябе. У цэлым праблем не было, — прыгадвае суразмоўца.

У іншай школе настаўнік таксама назіраў булінг. Хлопец-ахвяра ўжо выпусціўся. І толькі потым даведаліся, што ён спрабаваў нават здзейсніць суіцыд, але ўсё абышлося. «Як высветлілася, у старэйшых класах вельмі шмат з яго жартавалі з-за знешнасці і азіяцкай нацыянальнасці. Былі ў школе потым праверкі, але мяне яны не датычыліся, падрабязнасцей не ведаю».

Размовы, класныя гадзіны, псіхолаг

Васіль размаўляў з дзецьмі, потым — з бацькамі, каб тыя паўплывалі на сваіх дзяцей. Перадаваў праблему завучу па выхаваўчай рабоце і псіхолагу. Бо калі даходзіць да суіцыду — «прылятае ўсім».

школа
Школа. Фота: unsplash.com

 — Калі цкаванне дзіцяці даводзіць да спробы суіцыду, то ўжо нават настаўніку аднаму не даць рады. Трэба падключаць і завуча, і іншыя службы, працаваць з дзіцем, сям’ёй, астатнімі дзецьмі.

Васіль адзначае, што настаўнік і адміністрацыя могуць кантраляваць сітуацыю толькі ў школе, а не па-за яе сценамі. «Праца вядзецца: і мерапрыемствы, і класныя гадзіны, і сустрэчы з псіхолагам. Але не думаю, што гэта моцна неяк уплывае на агульную карцінку», — прызнаецца ён.

Як змагацца з булінгам? Рэкамендацыі ад школ і паліклінік

На сайтах дзяржаўных школ і паліклінік ёсць парады, што рабіць у выпадку булінгу. Усюды яны прыкладна аднолькавыя.

Першае, што павінны зрабіць бацькі, — спакойна выслухаць дзіця і паказаць, што яно не адно. Важна даць зразумець: віна не на ім, а на тых, хто зневажае.

Далей варта неадкладна звярнуцца да класнага кіраўніка, школьнага псіхолага і адміністрацыі. Важна дзейнічаць разам, разглядаючы ганенні як праблему ўсяго калектыву, а не прыватны канфлікт.

Калі булінг працягнуўся пасля звароту да псіхолага і адміністрацыі, варта размаўляць асабіста з бацькамі агрэсара.

Бацькам рэкамендуюць вучыць дзіця спраўляцца са стрэсам і разумець прыроду агрэсіі - важна не паддавацца на правакацыі і не адказваць гвалтам на гвалт. Даваць фізічны адпор небяспечна — гэта можа пагоршыць сітуацыю.

А што, калі дзіця — агрэсар?

Калі высветлілася, што ваша дзіця — удзельнік ганення або падтрымлівае агрэсара, важна называць рэчы сваімі імёнамі. «Гвалт — гэта гвалт». Варта разам з псіхолагам прапрацаваць шляхі выхаду з сітуацыі і падтрымаць дзіця ў спробах змяніцца.

Калі яно апынулася сведкам цкавання, таксама не варта пакідаць гэта без увагі. Высветліце пазіцыю дзіцяці, растлумачце, што маўчанне ці нейтралітэт робяць яго часткай праблемы.