Пра тое, што пачынаючы з сезона 2017 года ў структуры «Нёмана» будзе свая жаночая футбольная каманда, стала вядома яшчэ ў сакавіку. Узначаліў яе вядомы ў Гродне спецыяліст па жаночым футболе Дзяніс Леўчанка, які раней трэніраваў «Ніву-Белкард», а таксама каманду «Кiнгстар». Карэспандэнт Hrodna.life адправіўся на адну з трэніровак новаспечанай каманды.
«Нёман» Дзяніса Леўчанкі ўжо каля месяца праводзіць падрыхтоўкі да новага сезона на штучным полі ЦСК «Нёман». У чэмпіянаце 2017 года Гродзенская каманда будзе выступаць у Вышэйшай лізе, дзе будзе гуляць яшчэ шэсць іншых каманд з розных рэгіёнаў.
«Усё добрае, што можна было сабраць з Гродзенскай вобласці, мы сабралі ў адну каманду. Цяпер усё дзяўчыны праходзяць вучэбна-трэніровачны збор. У структуры каманды трэніруецца парадку 20 чалавек. Два чалавекі пакуль адсутнічаюць па хваробе і тры гульца з моладзевага складу зараз знаходзяцца ў юніёрскай зборнай. Мы трэніруемся і глядзім, якія пазіцыі трэба ўмацоўваць і рыхтуемся да пачатку сезона, які пачнецца ўжо зусім хутка», — кажа Дзяніс Леўчанка.
«У „Нёмана“ цяпер адна з лепшых баз для падрыхтоўкі і я думаю, мы зможам стварыць баяздольную каманду. Дарэчы, да нас падцягнуліся не толькі мясцовыя дзяўчаты, але і гульцы з іншых каманд рэспублікі. Наш „Нёман“ толькі пачынае сваё станаўленне, лічу, што паступова мы будзем набіраць абароты, але таксама немалаважны фактар — будзем гадаваць сваю моладзь. Таксама наша мэта — прыцягнуць на футбол у Гродне больш гледачоў».
«Гэта мая праца да якой я прывык. Са старой каманды „Нівы-Белкард“, якая раней выступала ў мацнейшым дывізіёне, цяпер у „Нёмане“ шэсць гульцоў, астатнія ўсе выхадцы з „Кiнгстара“. Так што нейкі вопыт у нас ёсць. Будзем даказваць, што не дарэмна ў нас паверылі. Хацелася, каб усё склалася добра і не было ніякіх нюансаў. Мы хочам рабіць сваю любімую справу. Мэта наша зараз, гэта найграць каманду і захаваць яе, а таксама максімальна падрыхтаваць моладзь. Толькі ўсе разам мы зможам дамагчыся жаданага выніку».