Будоўля на месцы масавых растрэлаў. Гродзенец правёў расследаванне дзеянняў «Прыбужскага квартала»

Некалькі месяцаў трывае грамадскі розгалас вакол будоўлі ў цэнтры Брэста. «Прыбужскі квартал» на месцы знішчанай ім жа гістарычнай забудовы яўрэйскага гета спрабуе ўзвесці элітны жыллёвы комплекс прэміум-класа, піша novychas.by. Сваё расследаванне па гэтай будоўлі гродзенец Дзяніс Івашын прэзентаваў у Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця 10 красавіка.

Дзяніс Івашын у «Цэнтры гарадскога жыцця»

Журналісты ТУТ.БАЙ яшчэ паўгода таму выказалі здагадку пра мажлівую прыналежнасць забудоўшчыка — кампаніі ТАА «Прыбужскі квартал» — да ўласнікаў ТАА «Маналіт Груп». Аднак у кампаніі гэтую інфармацыю абверглі і спаслаліся на тое, што прадпрыемства не мае аніякага дачынення да «Маналіт Груп» і афіляваных з ім юрыдычных асобаў.

Наўпроставых доказаў тады выяўлена не было. Таму мы вырашылі здзейсніць адмысловае расследаванне, каб расставіць усе кропкі над «і», а таксама публічна назваць імёны тых, хто з’яўляецца бенефіцыярам кампаніі-забудоўшчыка тэрыторыі яўрэйскага гета.

Інвестыцыі перадусім

Падчас Другой сусветнай вайны на гэтай тэрыторыі знаходзіліся расстрэльныя двары Вялікага гета, у якіх гітлераўцы знішчылі тысячы жыхароў Брэста. 17 студзеня 2019 года падчас будаўнічых працаў былі знойдзеныя першыя парэшткі масавага пахавання людзей. Эксгумацыю з 24 студзеня пачаў праводзіць 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які выявіў парэшткі ўжо 1140 чалавек.

Пра гэтае страшнае месца пакутлівай смерці людзей ведалі даўно. У 1964 годзе непадалёк, таксама падчас будоўлі, былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, якія перанеслі на Трышынскі цвінтар. У 1973 годзе была зробленая чарговая жахлівая знаходка. Улады, аднак, не выканалі абавязкі што да вывучэння архіўнай дакументацыі, не арганізавалі правядзенне археалагічных даследаванняў, не імкнуліся стварыць у гэтым раёне мемарыяльны комплекс. Насуперак усяму, яны вырашылі знайсці інвестара для забудовы. Усё вырашыў фінансавы чыннік.

У 2012 годзе была ўхваленая інвестыцыйная дамова з італьянскай кампаніяй СТАА «Італінвест», якая павінна была ажыццявіць комплексную забудову гэтай тэрыторыі офіснымі і гандлёвымі аб’ектамі. Гэты праект застаўся не рэалізаваны, і ў 2016 годзе быў знойдзены новы інвестар — ТАА «Прыбужскі квартал».

Пад рэалізацыю праекту адведзеная зямля агульнай плошчай амаль 0,83 гектара. Будаўніцтва ажыццяўляецца на тэрыторыі комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі — «Гістарычны цэнтр Брэста», якая пад шыфрам 112E000002 занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў (ГКК) Рэспублікі Беларусь паводле пастановы Савета міністраў Беларусі ад 14.05.2007 года № 578. Да яе адносяцца будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і — што вельмі важна — культурны пласт.

Не зважаючы на статуснасць тэрыторыі, пад знос трапляе шэраг будынкаў, узведзеных яшчэ за польскім часам. Для рэалізацыі будаўнічага праекту забудоўнік зруйнаваў дом з адрасам Машэрава, 58 — аднапавярховы каменны дом з мезанінам і двухскатным дахам, збудаваны яшчэ ў 1921 годзе з двухпавярховага, які стаяў тут раней. Такі ж самы лёс напаткаў і суседні дом на Машэрава, 60 — перабудаваны ў 1926 годзе аднапавярховы дом з мезанінам, узведзены яшчэ ў 1901 годзе. У межах запланаванай забудовы цалкам знішчаюць і будынак на Куйбышава, 87 — яскравы прыклад міжваеннай польскай гарадской забудовы, аднапавярховы драўляны жылы дом на дзве кватэры, які быў збудаваны ў 1930 годзе і ў нязменным стане дайшоў да нашых дзён.

Знішчаныя будынкі па адрасе Куйбышава, 87 (праваруч) і Машэрава, 60 (леваруч удалечыні). Фота Яндэкс

Шмат падстаў для роздуму дае факт, што ўсе гэтыя будынкі нібы адмыслова не былі ўключаныя ў пазначаны вышэй Дзяржаўны спіс ГКК, хаця, безумоўна, былі часткай захаванай да 2018 года забудовы гістарычнага цэнтру Брэста, і перадусім часткай Вялікага гета Брэста, якое — разам з Малым — было адным з найбуйнейшых месцаў увязнення і знішчэння яўрэяў у Еўропе.

Межы Вялікага і Малога гета Брэста, чырвоным квадратам пазначана месца забудовы «Прыбужскага кварталу». Фота binkl.by

Паміж Брэсцкім аблвыканкамам і ТАА «Прыбужскі квартал» 19 красавіка 2016 года была ўхваленая інвестыцыйная дамова на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома з гандлёвым комплексам у цэнтры Брэста — у межах вуліцаў Савецкая, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекту Машэрава. Падрыхтоўчы этап будаўніцтва распачаўся 17 верасня 2018 года. Будоўля павінна быць завершаная да сёлетняга святкавання ў верасні 1000-годдзя гораду.

ТАА «Прыбужскі квартал»

Паводле пададзеных Міністэрствам юстыцыі Беларусі выпісаў з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (далей АДР), кампанія ТАА «Прыбужскі квартал» зарэгістраваная адміністрацыяй Маскоўскага раёна Брэста 30.07.2015 года. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца здача ў арэнду ўласнай і арэндаванай нерухомай маёмасці. Статутны фонд складае 500 рублёў (тут і далей усе грашовыя паказнікі пададзеныя з улікам дэнамінацыі. — аўт.). Заснавальнікамі кампаніі з’яўляюцца ТАА «Рэалці Інжынірынг» (памер долі — 1%) і ТАА «Маналіт Груп», якая 14.02.2018 года была выведзеная са складу ўласнікаў і замененая кампаніяй ТАА «Квад Груп». Апошняй належыць 99% долі ТАА «Прыбужскі квартал». Кіраўніком «Прыбужскага кварталу» з 01.10.2018 года з’яўляецца Уладзімір Біруля, які, паводле дадзеных адкрытага доступу, працаваў раней у кампаніі «Маналіт груп» спецыялістам па інвестыцыях.

Да яго кампанію з моманту заснавання і да канца траўня 2017 года ачольваў Аляксей Ермашоў, а пасля яго кіраўніцтва здзяйсняў ІП Аляксандр Казак.

Аляксей Сяргеевіч Ермашоў быў чальцом кіравання і дырэктарам па развіцці ТАА «Маналіт Груп». З’яўляецца заснавальнікам і чальцом кіравання ТАА «Квадрат груп» (не блытаць з «Квад Груп»), якой належыць брэнд «MDevelop».

Аляксей Ермашоў. Фота sb.by

Аляксею Ермашову належаць 50% расійскай кампаніі ТАА «ГКМ Инжиниринг», а да 2016 года ён валодаў паловай долі таксама расійскай кампаніі ТАА «Рентал Инжиниринг».

Характэрна, што ў выпісе з АДР адсутнічае інфармацыя пра тое, хто ачольваў кампанію «Прыбужскі квартал» на працягу чатырох месяцаў, з 31.05.2018 года і па 01.10.2018 года. Цалкам мажліва, што ў гэты перыяд прадпрыемства наогул функцыянавала без асноўнага кіраўніка.

Падобна, што кампанія «Прыбужскі квартал» была створаная ўласнікамі менавіта для рэалізацыі праекту пабудовы элітнага жылля ў цэнтры Брэста. «Маналіт Груп» усё ж меў дачыненне да гэтай кампаніі, але з пэўных прычынаў, якія стануць зразумелымі з расследавання, вымушаны быў выйсці са складу ўласнікаў кампаніі-забудоўшчыка. Папярэдне скажам, што звязана гэта з неабходнасцю мінімізацыі мажлівых фінансавых рызыкаў і рэпутацыйных стратаў для канцавога бенефіцыяра, які, як мы бачым, хаваецца за іншымі афіляванымі кампаніямі.

Абедзве кампаніі-ўласніцы «Прыбужскага кварталу» пазначаныя ў АДР у якасці беларускіх, аднак ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

ТАА «Рэалці Інжынірынг», Мікалай Ермашоў, Яўген Чумак і Аляксандр Штоц

Пачнем з кампаніі з мінімальным памерам долі ўласнасці «Прыбужскага кварталу» — ТАА «Рэалці Інжынірынг». Мінскі гарвыканкам зарэгістраваў яе 31.05.2007 года з першапачатковай назвай «СпецТрансІндустрыя», змененай на бягучую назву ў 2014 годзе. З моманту стварэння яна спачатку знаходзілася ў Мінску, на вуліцы Бабушкіна, затым змяняла адрас на Калодзішчы, на вёску Вялікае Сціклава, аграгарадок Хацежына Мінскага раёна, а ў 2019 годзе вярнулася ў сталіцу і знаходзіцца зараз на вуліцы Сяліцкага, дом 37, пакой 21. Паводле АДР, прадпрыемства займаецца дзейнасцю ў галіне архітэктуры, а статутны фонд складае 480 рублёў. З 10.10.2018 года кампанію ачольвае Пётр Пшэн, які да гэтага працаваў у «Маналіт груп», меркавана, кіраўніком фінансавай службы.

А зараз цікавая інфармацыя: адзіным уласнікам «Рэалці Інжынірынг» са 100-працэнтнай доляй з’яўляецца ТАА «Квад Груп». Характэрна, што ў склад уласнікаў гэтая кампанія была ўведзеная ў чэрвені 2017 года, да гэтага «Рэалці Інжынірынг» кантралявалі, згодна дадзеным беларускага Міністэрства юстыцыі, фізічныя асобы з Расійскай Федэрацыі — Мікалай Сяргеевіч Ермашоў, Яўген Уладзіміравіч Чумак і Аляксандр Георгіевіч Штоц.

Мікалай Ермашоў — брат Аляксея Ермашова. Да снежня 2016 года ён быў адным з уласнікаў і (да студзеня 2017 года) топ-менеджарам ТАА «Маналіт Груп». Займаў 164 пазіцыю ў ТОП-200 паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі за 2017 год паводле версіі выдання ej.by.

Мікалай Ермашоў

У 2014 годзе быў лаўрэатам штогадовага конкурсу «Чалавек справы» ў намінацыі «За высокую якасць бізнес-паслугаў у сферы будаўніцтва». Старшыня наглядальнай рады ТАА «СУ-3 Белбуд». Удзельнічае ў рэстарацыйным бізнесе (рэстарацыі «Госці», «7 Комнат»). Сярод актываў — ТАА «Зялёная Гавань» і іншыя.

Вынікае, што кола замкнулася на адной юрыдычнай асобе — кампаніі ТАА «Квад Груп», якая, па-сутнасці, і з’яўляецца на сёння ўласнікам «Прыбужскага кварталу».

ТАА «Квад Груп»

У адкрытым доступе практычна адсутнічае дадатковая інфармацыя пра дзейнасць гэтай кампаніі. Звестак пра яе няма і ў гандлёвых анлайн-каталогах. Паводле інфармацыі з АДР, кампанія ТАА «Квад Груп» зарэгістраваная 19.05.2016 года Мінскім аблвыканкамам. Асноўны від дзейнасці — аптовы гандаль лесаматэрыяламі, санітарна-тэхнічным абсталяваннем і будаўнічымі матэрыяламі. За невялікі час існавання гэтая кампанія ўжо тройчы мяняла сваё месцазнаходжанне: у 2017 годзе з вёскі Вялікае Сціклева яна пераехала ў аграгарадок Хацежына (усё — Мінскі раён), у 2018 годзе перабралася ў сталіцу і змяніла адрас спачатку на мінскую вуліцу Ляўкова, дом 30, а потым на вуліцу Перадавую, дом 15. Уласнікамі «Квад Груп» з’яўляецца расійская ТАА «Рентал Инжиниринг» і згаданы вышэй грамадзянін Расійскай Федэрацыі Яўген Уладзіміравіч Чумак. Апошні — адначасова і кіраўнік кампаніі «Квад Груп» з моманту яе стварэння.

Яўген Чумак да чэрвеня 2016 года быў саўласнікам ТАА «Маналіт Груп», з’яўляецца бізнес-партнёрам братоў Ермашовых.

Яўген Чумак. Фота znk.by

Абодва ўласнікі «Квад Груп» маюць парытэтную долю ў 50 працэнтаў маёмасці кампаніі. Як бачым, гаспадарамі«Прыбужскага кварталу» з’яўляюцца рэзідэнты Расійскай Федэрацыі.

Цікава, што, паводле інфармацыі інспекцый МНС па Мінскай вобласці і Мінску, «Квад Груп», пачынаючы з 01.08.2018 года па 01.01.2019 года, мела запазычанасці па плацяжах у бюджэт (1, 2, 3, 4, 5, 6). Згодна са звесткамі, пададзенымі на інфармацыйным рэсурсе Вярхоўнага суда Беларусі, 22.01.2019 года ад МНС паступіла заява ў гаспадарчы суд пра банкруцтва ТАА «Квад Груп», але амаль праз тыдзень гэтая заява была адкліканая (архіў).

«Рентал Инжиниринг», Аляксей Ермашоў

Для раскрыцця ўсёй схемы высветлім, каму належыць кампанія ТАА «Рентал Инжиниринг». Паводле інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў Расійскай Федэрацыі (рус. ЕГРЮЛ), прадпрыемства зарэгістравана 15.01.2014 года інспекцыяй ФПС РФ па горадзе Кліну Маскоўскай вобласці з юрыдычным адрасам у горадзе Хімкі. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца аптовы гандаль машынамі і абсталяваннем для здабычы карысных выкапняў і будаўніцтва. Статутны фонд — 10 тысяч расійскіх рублёў. Генеральным дырэктарам прадпрыемства з’яўляецца Андрэй Сенін. Адзіным жа ўласнікам кампаніі «Рентал Инжиниринг» з’яўляецца ўжо вядомы нам Яўген Чумак.

Характэрна, што да лютага 2018 года адным з уласнікаў кампаніі быў таксама і Аляксей Ермашоў. Абодвум належала па 50 працэнтаў кампаніі. Прадпрыемства згадваецца сярод заснавальнікаў яшчэ адной расійскай юрыдычнай асобы — ТАА «Рентал Финанс».

З усяго пададзенага вышэй вынікае, што ТАА «Прыбужскі квартал» цалкам належыць замежнаму капіталу без удзелу беларускіх кампаніяў.

Падчас правядзення расследавання вызначана, што гаспадар кампаніі-забудоўшчыка яўрэйскага гета Яўген Чумак з’яўляецца таксама саўласнікам яшчэ нядаўна адной з найбуйнейшых дэвелаперскіх кампаніяў Беларусі — ТАА «Маналіт Груп».

«Маналіт Груп»

Гэтая кампанія да нядаўняга часу з’яўлялася вельмі значным гульцом на будаўнічым рынку Беларусі. Яна мае датычнасць да рэалізацыі прыблізна 100 праектаў рознай складанасці, у іх ліку: будаўніцтва ў якасці генпадрадчыка жылога комплексу прэміум-класа «D3» у Мінску, спартовы комплекс «Сонечная даліна» ў парку «Курасоўшчына» з навучальна-спартовым цэнтрам гарналыжнага спорту і пунктам пракату, некалькі аб’ектаў спартова-забаўляльнага комплексу «Мінск-Арэны» — веладром і шматузроўневы паркінг. «Маналіт Груп» удзельнічаў у маштабнай забудове мікрараёну «Лебядзіны» («Лебяжий») на праспекце Пераможцаў у Мінску (дамы № 8 і № 9 з агульнай плошчай больш за 40 тысяч квадратных метраў), будаваў жылыя дамы ў шэрагу населеных пунктаў Мінскай вобласці: Заслаўі, Фаніпалі, Жодзіне, Калодзішчах, Азярцы, Салігорску. Апроч гэтага кампанія рэалізоўвала будаўніцтва адміністрацыйнага комплексу па вуліцы Гусоўскага ў Мінску і лагістычнага цэнтру «Налан» у вёсцы Хацежына Мінскага раёна, гандлёвых цэнтраў сеціва гіпермаркетаў «Гиппо» і «Скала» ў Мінску і шмат іншых інвестыцыйных праектаў.

Паводле інфармацыі з АДР, ТАА «Маналіт Груп» зарэгістраваная 29.11.2005 года Мінскім аблвыканкамам са статутным фондам 500 рублёў. Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляецца агульнае будаўніцтва. Цікава, што з 2005 па 2017 год кампанія 7 разоў змяняла месцазнаходжанне свайго юрыдычнага адрасу: ад аграгарадкоў Калодзішчы і Хацежына, вёскі Вялікае Сціклева (усё Мінскі раён) да Лельчыцкага сельсавета Гомельскай вобласці, горада Ліда Гродзенскай вобласці і Магілёва.

Паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі, заснавальнікамі «Маналіт Груп» з’яўляліся Яўген Чумак і Мікалай Ермашоў, які персанальна ачольваў кампанію да 2017 года (зараз кіраўніком з’яўляецца Сяргей Кутузаў). Агульны штат супрацоўнікаў кампаніі налічваў 1300 чалавек.

Адным з уласнікаў кампаніі «Маналіт Груп» на працягу амаль чатырох гадоў быў таксама іх бізнес-партнёр па «Рэалці Інжынірынг» Аляксандр Штоц.

Увесну 2016 года «Маналіт Груп» трапляе ў цэнтр скандалу, звязанага з назапашваннем кампаніяй вялізнай запазычанасці па выплаце заробкаў сваім супрацоўнікам у памеры 130 тысяч рублёў. Паказальна, што адбываецца гэта на фоне істотнага павелічэння прыбытку кампаніі. Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў Беларусі, чысты прыбытак «Маналіт Груп» толькі за першы квартал 2016 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года павялічваецца ў 4,2 (!) разы — з 360 400 да 1 510 800 рублёў (1, 2). Вялізная колькасць скрайне негатыўных водгукаў пра кампанію ад яе непасрэдных супрацоўнікаў, якія маюцца на сэрвісах ацэнкі дзейнасці працадаўцаў, цалкам адлюстроўвае гэтую сітуацыю.

Для вырашэння фінансавых праблемаў «Маналіт Груп» пачынае рэарганізацыю. Так, 30.11.2016 года шляхам выдзялення з яе ствараецца ТАА «Норд Канстракшн», на якую пераводзяць усю дэбіторскую запазычанасць. Аднак, паводле крыніцы onliner.by, кампанія не ініцыюе аніводнага судовага працэсу, каб вярнуць свае грошы. Падчас расследавання вызначана, што «Норд Канстракшн» фігуруе ў зводах за 2018−2019 гады ў якасці вінаваўцы ў эканамічных судах Мінскай, Гомельскай вобласці і Мінска з агульнай сумай пазыкаў звыш за 185 тысяч рублёў (1, 2, 3). У той жа час на інфармацыйным рэсурсе Вярхоўнага суда не знойдзеныя ініцыяваныя кампаніяй эканамічныя справы па вяртанні ўласных грошай ад контрагентаў.

Вядома, што асноўнымі вінаваўцамі «Норд Канстракшн» з’яўляліся чатыры кампаніі: ТАА «Магнус Груп», ТАА «Мінскі Дом Вокнаў», ТАА «Белінвест-інжынірынг» і ТАА «Кампанія Дрэўка». Першыя дзве зараз знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі і мелі дачыненне да бізнесоўца Юрыя Чыжа, які выйшаў са складу ўласнікаў гэтых кампаніяў. Апошнюю, «Кампанію Дрэўка», што з’яўлялася адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, асабіста ачольваў Аляксей Ермашоў.

То-бок кампанія, звязаная з братамі Ермашовымі, мела запазычанасць перад іншай, выдзеленай з «Маналіт Груп». Фінансавы крызіс не абышоў бокам і «Кампанію Дрэўка», у дачыненні да якой у жніўні 2017 года Эканамічны суд Мінскай вобласці ўхваліў рашэнне пра прызнанне банкрутам і пачаў ліквідацыйны працэс. Крэдыторы маюць патрабаванні да «Кампаніі Дрэўка» на агульную суму 7 863 512,47 руб. (больш за 3,8 мільёна долараў).

Цікава, што пэўны час «Маналіт Груп» была зарэгістраваная менавіта ў будынку цэху дрэваапрацоўкі з побытавымі памяшканнямі ў Лельчыцкім сельсавеце, на 61-м кіламетры трасы Р128 — там жа, дзе знаходзілася«Кампанія Дрэўка» і «Норд Канстракшн»!

У сакавіку 2017 года «Маналіт Груп» працягвае рэарганізацыю і выдзяляе з сябе яшчэ адну кампанію — ТАА «Кам'юніці Інжынірынг», якая практычна адразу пачынае рэалізацыю будаўнічых праектаў у Салігорску. Адзін з іх — будаўніцтва жылога дома на месцы стадыёна школы № 2, якое, паводле інфармацыі мясцовай прэсы, выклікаешквал негатыўных эмоцый у жыхароў шахцёрскага горада. Паказальна, што гэтая наваствораная кампанія ўжо ў лістападзе 2017 года мела запазычанасць па плацяжах у бюджэт. Аднак гэта не перашкаджае будоўлі, кватэры для продажу ў гэтым доме прапануе ўжо іншы актыў Ермашовых — ТАА «Квадрат Груп».

У верасні 2017 года «Маналіт Груп» трапляе ў новы гучны скандал у Фаніпалі, звязаны з рэалізацыяй праекту пабудовы жылога дому «Моладзевы», які ператвараецца ў даўгабуд і які рэалізоўвае, збольшага, кампанія «Квадрат Груп». Абураныя інвестары запісваюць нават відэазварот да Лукашэнкі, аднак дом будуюць яшчэ на працягу года і ўводзяць толькі ў 2018 годзе.

Скрыншот з відэазварота да Лукашэнкі інвестараў ЖД «Моладзевы» ў Фаніпалі

На фоне паглыблення фінансавых праблем «Маналіт Груп» Мікалай Ермашоў, Яўген Чумак і Аляксандр Штоц у 2016 годзе выходзяць са складу яго заснавальнікаў, а ўсе іх долі пераходзяць згаданай вышэй расійскай ТАА «Рентал Финанс», якая на гэты момант з’яўляецца стопрацэнтным уласнікам кампаніі. Кіраўніцтва кампаніі спрабуе запэўніць сваіх крэдытораў, што новы расійскі ўласнік нібыта зможа вырашыць усе фінансавыя праблемы. Фінальным акордам робіцца змяненне ў сакавіку 2017 года добра вядомай крэдыторам назвы кампаніі «Маналіт Груп» на «ЖылРусБуд» (рас. 11. «ЖилРусСтрой») і вывядзенне кампаніі з заснавальнікаў «Прыбужскага кварталу».

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці 28.12.2018 года ў адносінах да ТАА «ЖылРусБуд» ухваліў вызначэнне пра пачатак працэдуры банкруцтва. Паводле матэрыялаў справы, кампанія мае запазычанасць перад бюджэтам у памеры 1 551 597,73 рублёў (больш за 720 тысяч долараў). Згодна з інфармацыяй onliner.by, агулам з «ЖылРусБуд» толькі з 2015 па студзень 2017 года судзіліся ажно 680 разоў!

Схема з вывадам са складу ўсіх заснавальнікаў кампаніі і заменай іх на замежную кампанію вельмі падобная да схемы, якую выкарыстоўваюць для пазбягання субсідыярнай адказнасці па пазыках, асабліва калі неплацежаздольнасць кампаніі ёсць вынікам дзейнасці яе кіраўніцтва. У гэтым выпадку, каб унікнуць пагрозы грамадзянска-прававога і крымінальнага пераследу ўласнікаў і кіраўніцтва кампаніі досыць часта яе новым гаспадаром робяць афшорную кампанію і прызначаюць новага кіраўніка-нерэзідэнта.

Дзяніс Івашын прапануе чытачам пільна вывучыць далейшую інфармацыю і самастойна зрабіць выснову, ці адпавядае аперацыя з «Маналіт Груп» схеме пазбягання адказнасці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024